Мясцовы рухавік прагрэсу

Гарадскі аўтобус — вельмі зручнач рэч. Няхай ён, можа, ходзіць не так часта, як хацелася бы нам, ці ў акрэсленыя гадзіны ўбіцца ў яго цяжка, тым не менш калі ён ёсць — гэта вельмі добра! І наш сярэднестатыстычны гараджанін гатовы ў такім аўтобусе ехаць, хай сабе заціснуты і сціснуты, затаптаны і папіханы, але гатовы, таму што, у любым выпадку, лепш дрэнна ехаць, чым добра ісці. Ці ў «Алмі», ці ў «Еўраопт», ці на Скідзельскі рынак.

Гарадскі аўтобус — вельмі зручнач рэч. Няхай ён, можа, ходзіць не так часта, як хацелася бы нам, ці ў акрэсленыя гадзіны ўбіцца ў яго цяжка, тым не менш калі ён ёсць — гэта вельмі добра! І наш сярэднестатыстычны гараджанін гатовы ў такім аўтобусе ехаць, хай сабе заціснуты і сціснуты, затаптаны і папіханы, але гатовы, таму што, у любым выпадку, лепш дрэнна ехаць, чым добра ісці. Ці ў «Алмі», ці ў «Еўраопт», ці на Скідзельскі рынак.

Ясна, што ў кожным аўтобусе ёсць свая аўра, як бы так можна мовіць, свая атмасфера, свой мікраклімат. І, самае цікавае, ў апошнія гады нашыя гарадскія аўтобусы парабіліся крыніцамі рознае патрэбнае і не зусім, як на чый густ, рэкламнае інфармацыі. І, заціснуты паміж людзей, ты воляю-няволяю мусіш гэтыя рэкламы выслухоўваць…

І тваё беднае пасажырскае сэрца на працягу дваццаці хвілінаў разрываецца ад болю за няшчасную Барбару Радзівіл, якую-ніякую, а ўсё ж зямлячку, атручаную зламыснаю рукою італійскае свякрухі — Боны Сфорца, а таксама за Барбарынага мужыка, караля і вялікага князя Жыгімонта, каторы так яе кахаў усё жыццё, што нават з таго свету спрабаваў выцягнуць — каб пра гэтую гісторыю лепш даведацца, раю схадзіць у тэатр лялек на пастаноўку «Чароўнае люстра Твардоўскага»…

Ці перапаўняецца гонарам сэрца за іншага дасціпнага земляка, гарадзенскага Кулібіна, прозвішча не памятаю, што выдумаў хітрае гукавое прыстасаванне, і, дзякуючы гэтаму прыстасаванню, аніводная дурная варона не сядзе больш на галіну ў гарадскім парку і не абгадзіць наведвальніка альбо наведвальніцу. Хаця старыя людзі кажуць — калі на чалавека папала вароніная «бомба», гэта да багацця!

Ці табе прапануюць пайсці на канцэрт вядомай польскай спявачкі, слаўнае дачкі вялікага бацькі, народжанага ў нашых Васілішках. Праўда, канцэрт гэты адбыўся пару дзён таму, але рэклама ўсё роўна круціцца: мабыць, забыліся зняць, альбо тэрмін дамовы яшчэ не скончыўся…

Ці павіншуюць усіх з надыходзячым днём сьвятога Валянціна… а на календары другая палова лютага…

Запросяць на трэнінг — семінар па выяўленню лепшых розумовых якасцёў і ліквідацыі душэўнае несвабоды…

Альбо ты даведаешся пра новыя паступленні першасортнага і таннага, ношанага крыху заходнееўрапейскага адзеньня ажно ў тры крамы на розных вуліцах, пра пяціпрацэнтную зніжку на айчынныя тэлевізары і дзесяціпрацэнтную — на мэблю…

І усё запрашаюць, прапаноўваюць, абяцаюць, угаворваюць, прытым розныя рэчы гавораць адныя і тыя ж асобы, і часам так пафасна, узнёсла, нават непатрэбна ўзнёсла…

А выйдзеш з аўтобуса на Высокім рынку — там, на тычку ўзграмолены, стаіць здаравенюшчы тэлевізар, і з яго нешта нехта гаворыць, запрашае, ганарыцца, прапануе, папярэджвае, а каму… чаго…нашто…

Нават Пётр і Павал, якія стаялі ў нішах на фасадзе Фарнага касцёла, не вытрымалі суседства са здабыткам цывілізацыі у местачковым варыянце і прапалі…

Ідзеш па галоўнай вуліцы — табе суюць у рукі каляровыя паперкі і на нешта шчыра запрашаюць…

Зноў сядаеш у аўтобус, а там зноў пра няшчасную Барбару Радзівіл…

То можа варта даць людзям адпачыць хоць ў аўтобусе ад таго агульнагарадзенскага рэкламнага вар’яцтва?

Няхай чалавек проста пастаіць, падумае, парахуе, успомніць, які сёння дзень і што яму трэба зрабіць, ці гляне ў вакно на рэкламны шчыт, дзе з аднаго боку віншуюць з Калядамі і Новым годам, а з другога заклікаюць не дапускаць «цветения борщевика»… У лютым!

Ніхто, я думаю, нічога не мае супраць рэкламы, асабліва калі яна на сваім месцы, у меру праўдзівая і прафесійна зробленая. Калі так, то так, а калі не, то не!

І апошняе. Памятаю, давялося мне напачатку ХХІ стагоддзя у Нью-Ёрку стартаваць з аўтавакзала Порто-Атторыці, ехаў я ў Чыкага. Злучаныя Штаты — вялікая краіна, даўгая і шырокая. Дык там з вакзальных дынамікаў, каб падкрэсліць пасажырам важкасць і рамантычнасць далёкага падарожжа на аўтобусе, лілася класычная музыка — сімфонія Бетховена! А не расказваліся страшылкі пра падазроныя бэзнаглядныя пакункі і байкі пра нелегальных перавозчыкаў, якія неякасна возяць даверлівых пасажыраў, разьбіваючыся кожныя пяць хвілінаў…

Пра такія вось справы я хацеў вам паведаміць, сябры дарагія мае.

Антоні гр. Дзевятоўскі