Маскоўскія студэнты, інак-паэт ды хор старавераў прыедуць у Гродна на фестываль «Каложскі благавест»

Білеты на фестываль пачнуць прадаваць напрыканцы тыдня.

Украінскі хор не прыедзе

Фестываль «Каложскі благавест» пройдзе ў Гродне ў трынаццаты раз. Як паведаміў дырэктар і мастацкі кіраўнік фестывалю Уладзімір Лябецкі, сёлета майстэрства песнапенняў прадставяць 37 калектываў з Украіны, Расіі, Польшчы, Арменіі, Румыніі, сярод іх больш за дваццаць — беларускія. З трох украінскіх калектываў, якія падавалі заяўкі на ўдзел, адзін адмовіўся з-за палітычных падзеяў у сваёй краіне. Колькасць свецкіх і царкоўных калектываў прыкладна роўная. Штогод склад удзельнікаў амаль цалкам змяняецца. Сёлета арганізатары вырашылі скараціць колькасць ўдзельнікаў дзеля якасці і адмовілі каля дзесяці калектывам.

Квіткі трэба шукаць у прыходах

На ўрачыстае адкрыццё ў аблдрамтэатры 19 лютага запрошаны пераможцы леташняга конкурсу — хор студэнтаў Маскоўскай кансерваторыі. Паслухаць калектывы можна будзе днём 20 і 21 лютага ў Свята-Пакроўскім саборы. Гала-канцэрт адбудзецца ў суботу, 22 лютага, а 15 гадзіне ў аблдрамтэатры. Квіткі можна набыць ва ўсіх гродзенскіх цэрквах, іх продаж пачнецца напрыканцы тыдня.

На літаратурнай вечарыне выступіць інак Мікалай

Адметнасцю сёлетняга «Благавеста» будзе пашыраная пазаконкурсная праграма. Упрыгожыць вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні паэт і філосаф інак Жыровіцкага манастыра 74-гадовы Мікалай Бембель, вядомы пад творчым псеўданімам Зніч. Аматары фатаграфіі ўбачаць фотавыставы Уладзіміра Лябецкага «Праваслаўная Сербія вачыма беларусаў» і «Нашы храмы» ад гродзенскага фотаклуба. Запланаваныя прагляды дакументальнага фільму для моладзі «Вялікі пост» і мастацкага фільму «Ікона».

Па-за конкурсам вечарам 20 і 21 лютага заспяваюць хор Эчміадзінскага манастыра з Арменіі, акадэмічны хор радыёкампаніі Украіны, хор старавераў і іншыя калектывы з Расіі, польскі хор Bel Canto са стылізаванымі польскімі песнямі. Чакаецца, што на фестываль завітаюць прадстаўнікі каталіцкай і пратэстанцкай канфесій.

Чатырнаццаты «Благавест» пройдзе ў філармоніі

Штогод білетаў на фестываль менш, чым жадаючых паслухаць харыстаў, асабліва гала-канцэрт. Як паведаміў Уладзімір Лябецкі, у наступным годзе «Каложскі благавест» перамесцяць у адноўленую філармонію, дзе будзе больш за 1300 месцаў для слухачоў.