Яшчэ ў адным гістарычным будынку Гродна сапсавалі фасад

У старадаўнім доме на вуліцы Кірава, 39 замест акна прарубілі дзверы. “Незапланаваны” праём з’явіўся на гэтым тыдні. За год новыя дзверы набыў не адзін гістарычны будынак у Гродне.

На доме №39 па вуліцы Кірава апошнім часам вісела шыльда “Здам ў арэнду”. Гэты дом насупраць музычнай школы ў спадчыну ад сваіх родных атрымаў сталы гарадзенец, паведаміла загадчык упраўлення архітэктуры і горадабудавання Гродзенскага гарвыканкама Валянціна Куранкова. Жыць у старадаўнім доме мужчына не планаваў. Будынак з дазвалення Мінкульта быў пераведзены са статуса жылога памяшкання ў нежылое. Пасля распачатай ужо рэканструкцыі тут размесцяцца адміністрацыйна-гандлёвыя памяшканні. Акрамя новых пластыкавых дзвярэй уставілі і пластыкавыя вокны.

Гарадзенскі гісторык і краявед Таццяна Касатая адзначыла, што будынак на Кірава,39 з’яўляецца культурна-гістарычнай каштоўнасцю з векавой гісторыяй. Адметнымі рысамі гэтага дома ў стылі мадэрн можна назваць рэдкія ў Гродне паўкруглыя вокны на першым паверсе ды дэкаратыўнае аздабленне з дапамогай не колеру тынкоўкі, а цэглы. Таццяна Касатая дадала, што праблема з прабіваннем дзвярэй у гістарычных будынках актыўна ўзнікае цягам апошняга года.

Прычына крыецца ў тым, што крамам ды офісам, якія адчыняюць уладальнікі ў свежанабытых дамах, зазвычай патрэбны дадатковы ўваход на першым паверсе — з боку галоўнага фасаду. Адначасова, па словах Таццяны Касатай, сапсаванне эстэтычнага выгляду гістарычнага будынка з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Аднак на гэта дае дазвол Мінкульт.

Гарадзенскія гісторыкі прапаноўвалі Міністэрству культуры ўнесці змены ў заканадаўства, каб пазбегнуць сітуацый адкрыцця гандлёвых аб’ектаў у набытках культурнай спадчыны і неабходнасці высякаць дзверы. Але ж прапановы не былі прынятыя.

Гэтак, новымі дзвярыма ў бягучым годзе «забяспечылі» колішні Дамініканскі кляштар (Савецкая, 6, галоўны фасад), Баторыеўку (Карла Маркса, 1, бакавы ўваход высеклі не з акна, а проста ў сцяне “па-жывому”), дом тытунёвых магнатаў Шарашэўскіх (Замкавая, 12, бакавы фасад), будынкі па вул. К.Маркса, 30, вул. Кірава, 4, вул. Леніна. За некалькі тыдняў да канца года спіс папоўніўся адрасам вуліца Кірава, 39.

 

Чытайце таксама:

В Гродно испортили фасад исторического здания на Советской

Испорченный фасад бывшего монастыря на Советской «оценили» в миллион рублей

В центре Гродно украли балкон

Балкон, які скралі з гістарычнага будынка ў цэнтры Гродна, так і не знайшлі