Каталіцкі касцёл у Гродне атрымае новага біскупа

У Гродне з’явіцца другі каталіцкі біскуп. Упершыню за дзевяць месяцаў свайго пантыфікату тры новыя прызначэнні на Беларусі зрабіў Папа Рымскі Францішак.

У Гродне з’явіцца другі каталіцкі біскуп. Упершыню за дзевяць месяцаў свайго пантыфікату тры новыя прызначэнні на Беларусі зрабіў Папа Рымскі Францішак.

Сярод іх цяперашні рэктар Гродзенскай духоўнай семінарыі кс. Юзаф Станеўскі. Ён стане дапаможным біскупам ардынарыю (асноўнаму біскупу) Аляксандру Кашкевічу, які кіруе Гродзенскай дыяцэзіяй з 1991 года. Біскуп-намінант нарадзіўся у вёсцы Заневічы на Гродзеншчыне, быў душпастырам у Ваўкавыску. Скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт з тытулам ліцэнцыята па кананічным праве.

У 1999 годзе быў прызначаны прэфектам, а ў 2005 годзе — рэктарам Гродзенскай духоўнай семінарыі. Біскуп-намінант Юзаф Станеўскі атрымае біскупскае пасвячэнне 1 лютага 2014 года ў гродзенскай катэдры а 12.00.
Як распавёў віцэ-канцлер Гродзенскай рымска-каталіцкай курыі кс. Антоні Грэмза, святар можа стаць біскупам, калі мае 35 год і з’яўляецца святаром дзесяць год.

Аднак традыцыйна біскупамі становяцца больш сталыя святары — пасля 40–50 год. Ксяндзу Юзафу Станеўскаму 44 гады, іншым намінантам — 41 і 42.

Кс. Антоні патлумачыў, што дапаможны біскуп прызначаецца ў вялікай дыяцэзіі, каб ахапіць душпастырскай апекай усіх вернікаў. У Гродне ўжо быў дапаможны біскуп Антоні Дземянка ў перыяд з 1999 па 2004 год. Цяпер ён выконвае абавязкі ардынарыя ў Пінскай дыяцэзіі.

У Віцебскай дыяцэзіі з’явіцца новы ардынарый — кс. Алег Буткевіч, а ў Мінска-Магілёўскай — дапаможны біскуп, кс. Юрый Касабуцкі. Апошнія біскупскія намінацыі ў беларускім касцёле адбыліся 14 год таму.