Новая кніга аб назвах Гродна не адказала на пытанне: “Горадня ці Гародня?”

Як першапачаткова называўся горад – Горадня ці Гародня? На гэтае пытанне гродзенскія гісторыкі так і не атрымалі адказу на прэзентацыі кнігі “Тапанімія старажытнай Гародні», якая прайшла ў чацвер, 26 верасня.

Аўтар кнігі гродзенец Юры Гардзееў, доктар габілітаваны гістарычных навук, ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта пісаў “Тапанімію” паўтары гады. Ён разгледзеў пытанне паходжання ўласнага імя Гародні і ракі Нёман, зрабіў аналіз асобных назваў гродзенскіх вуліц, плошчаў, пляцаў, касцёлаў, цэркваў, манастыроў, кляштараў, агародаў, сядзіб, гасцінцаў, раёнаў горада.

Спадар Гардзееў хацеў, каб кніга вяла не да самазахаплення, а да абмеркавання і палемікі. На прэзентацыі ўдзельнікі некалькі разоў вярталіся да старога пытання аб паходжаннi назвы Гродна. “Раней не ставіўся націск, таму цяпер надзвычай цяжка, і нават немагчыма зразумець, як вымаўлялася напачатку — Горадзен, Горадна, Гарадно ці Гародня”, — патлумачыў аўтар “Тапаніміі”.

Паводле гродзенскага гісторыка Алеся Краўцэвіча, кніга можа стаць турыстычным бэстсэлерам. Гісторык мяркуе, што яна атрымалася цікавай, нягледзячы на сумную працу корпання ў словах ды марфемах. У кнігі ёсць недапрацаваны момант, на думку спадара Краўцэвіча, у ёй няма хаця б схематычнага плана горада.

Юры Гардзееў адзначыў, што выданне не канчатковы прадукт, бо яшчэ шмат матэрыялу можна апрацоўваць і рабіць высновы наконт паходжання назваў. Гісторык плануе пісаць працяг менавіта пра Гродна. Нагадаем, што ў 2008 годзе выйшла ў свет яго кніга “Магдэбургская Гародня”.