Вёска Гудзевічы на дзень стала цэнтрам этнаказкі

Першы дзень фестывалю “Вандроўка ў этнаказку” прайшоў у вёсцы Гудзевічы, 60 кіламетраў ад Гродна. Сюды з’ехаліся майстры з Гарадзеншчыны і Сувальшчыны, народныя і фальклорныя калектывы, мадэльеры і аматары беларускай культуры. У апошнія гады на фестывалях з’яўляецца ўсе больш вышыванак не толькі сярод выступоўцаў, але і наведвальнікаў.

 

 

У Гудзевічы мы прыехалі раніцай. Раённыя цэнтры і дамы раместваў толькі пачалі падцягвацца і выгружаць вялізныя скрынкі з вырабамі ручной працы: рушнікамі, саламянымі лялькамі, глінянымі конікамі.

Столькі людзей у вёсцы наўрадці калі збіралася. Мясцовых жыхароў, відаць, не папярэдзілі пра мерапрыемства, таму ідучы на працу, доўга азіраліся, і толькі самыя смелыя падыходзілі і пыталіся. 

— А што, сёння дажынкі? – пытаецца ў адной з майстрых дзядзечка, абапіраючыся на ровар.

— Не, дажынкі ўвосені святкуюцца.

— Дык а зараз што за свята? —не супакойваецца дзядзечка. —Столькі людзей да нас даўно не прыязджала…

— А хто яго ведае. Нам казалі прыехаць, вось і прыехалі.
Праграма фестывалю даволі насычаная. Дзве сцэны, дзіцячая пляцоўка, ярмарка, выставы, майстар-класы, кожны знойдзе справу па душы.

 

 

Навучы мяне, майстар

Народныя ўмельцы прапаноўвалі сваі веды і дапамагалі засвоіць новае рамяство. Вочы проста разбягаюцца: кавальства, пісанкі, саломпляценне, фларыстыка.

— А вы будзеце майстар-клас праводзіць? Так хочацца рукі выпацкаць! – Прызнацца, сесці за ганчарны круг я марыла з дзяцінства.

Ганчар Сяргей Худзяеў прыехаў на фестываль з вёскі Галынка Зэльвенскага раёна, ён адзін з нешматлікіх у Беларусі, хто займаецца чорнадымленай керамікай. Дагэтуль мне казалі, што чорны посуд атрымліваецца з найрэдкай чорнай гліны, а насамрэч колер залежыць ад спосабу абпалу.

Майстар дае кавалачак гліны, падрабязна тлумачыць, што павінны рабіць рукі… Хвілін праз пятнаццаць трымаю гатовы кубак, які будзе тыдзень сохнуць, а пасля абпальвацца. Ганчарнай справе Сяргей вучыўся самастойна, зараз вучыць іншых.

 

 

 

Калі казаць пра разьбу, то ўсё, што я ведаю: ліпа – самае мяккае дрэва. Але на справе аказалася інакш. Аляксандар Жураўлевіч прапанаваў выразаць лыжку. Падабраў “жаночы” інструмент. Прыйшлося прыкласці нямала сілы, каб прымусіць дрэва прыняць патрэбную форму.

Уздоўж вулачкі, у цені дрэваў, даносіцца звонкае шчабятанне дзяцей. “Гудзевічскі гурток ткацтва” — тлумачыць жанчына, што сядзіць побач з імі. Яны хутка перабіраюць каляровыя  нітачкі, ствараючы ўзоры. У гурток ахвотна ходзяць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі..

— Гром грыміць, зямля трасяцца..—гучна пачынае чытаць верш васьмігадовы Дзіма.

— Гэта Саша з Дзімам б’ецца, —перадражнівае хлапца маленька дзяўчынка з касічкамі.

 

 

 

Падабенствы быта ў Беларусі і Францыі

Гудзевiчы славяцца тым, што тут захавалі сялянскую хатку, якой больш за дзвесце гадоў. Абставілі яе  мэбляй тых старажытных часоў. У хаце выцiнанкi, запек, вялiкая печ, куфар, стол, якi зроблены прыгонным селянiнам Мiхасём Кажэцкiм, калыска з лазы, чапяла, рагач, кацуба, мухалоўка, ступа, дзежка, i шмат iншага.  

— У нас ва Францыі таксама карысталіся такімі прыладамі, —кажа адзін з наведвальнікаў музея. – У бабулі былі і чапяла, і рагач.

Каля хаткі расклаў сваю калекцыю чалавек-аркестр Мар’ян Скарамблевіч: драўляныя дудачкі, жалейкі, гліняныя акарыны… У кожнай сваі голас і характар, і толькі некаторыя з іх можна набыць, астатнія – экспанаты яго ўласнага музея ў Адэльску. Кожны інструмент музыка прапусціў праз сябе: усе пачынаецца ад выбара матэрыяла, з якога будзе зроблена дудка, сканчаючы яе гучаннем.

Крысціна Вашкевіч з Сувалак прывезла на фестываль абрусы з англійскім рышэлье. Вышываць у такой тэхніцы яе навучыла матуля больш за пяцьдесят год таму. З тых часоў увесь вольны час прысвячае вышыванню. Кажа, што ў Польшчы гэта папулярны занятак. Сакрэты майстэрства перадаюцца ў спадчыну, таму дочкі і ўнучкі падтрымліваюць Крысціну ў гэтай справе.

 

 

 

Песні, якія кранаюць

На сцэне пачалі з’яўляцца каларытныя бабулькі са звонкімі галасамі. Ніякіх какошнікаў! Людзі, што сядзелі на пляцоўцы ля сцэны, затрымаўшы паветра, слухалі.

Калі зацягнулі песню «Чырвоная вішня», у адной з жанчын ва ўзросце з вачэй пабеглі слёзы. Відаць, яна як і гераіня песні, сумуе па мамце. 

— Гэтую ж песню ў мяне на вяселлі спявалі! – шэпча яна сваей суседцы..

Дзецям прапанавалі асобную праграму. Дзе можна выпрабаваць сваю сілу, спрытнаць і хуткасць? Канешне, ў гульні. Разам з харызматычнымі героямі феставалю  — дзедам і бабай хлопцы і дзяўчаты перацягвалі канат, шукалі скарб, стралялі з лука, гулялі ў капялюшы.

Завершыўся фестываль выступам этнагуртоў з Гродна і Мінска ўжо з надыходам цемры..

 

 

 

 

 

Чытайце таксама:

Этнофест у стен гродненских замков: фоторепортаж