Мастакі ўшанавалі Каліноўскага (фота)

Некалькі месяцаў гарадзенскія мастакі рыхтаваліся да выставы, прысвечанай паўстанню 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Экспазіцыю можна наведаць да 15 лютага ў арт-галерэі «Крыга».

Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Хадкевіч на выставе

Як паведаміла ўладальніца галерэі Марыя Мацко, усе мастацкія работы створаны адмыслова да падзеі. Станіслаў Кічко, Сяргей Грыневіч, Андрэй Філіповіч і іншыя творцы выязджалі на пленэры ў месцы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі. У выніку з’явіліся партрэты Каліноўскага, Траугута, Ажэшкі, святара Фалькоўскага.

З агульнай класічнай стылістыкі выбіваецца мастацкае кавальства Юрася Мацко, а таксама карціна невядомага мастака, якая датуецца прыблізна 1934 годам. Як распавяла ўладальніца карціны Любоў Зорына, твор быў знойдзены ў цяпер ужо знесеным доме на вуліцы Сацыялістычнай. Мы бачым драматычны сюжэт: на зямлі ляжыць удзельнік паўстання, магчыма, ужо забіты. Нягледзячы на трагічную безвыходнасць, відаць, што паўстанец непераможаны і застаўся верным сваім ідэалам. Другая зала галерэі аддадзена работам гарадзенскага мастака Ігара Кебеца.

Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч заўважыў на вернісажы, што на самой справе не так важна, з якой мэтай Каліноўскі падняў людзей. Сэнс у тым, што ен аб’яднаў і простых людзей, і шляхту дзеля дасягнення незалежнасці радзімы.

 

Фота Аляксандра Саенкi i Iллi Гелея

 

Чытайце таксама:

Минская художница приглашает гродненцев в мир ярких эмоций

Автор скульптур-символов Гродно представил на суд горожан свои работы