На Шчодры паваражу, на мiлага пагляжу

Чалавек заўсёды хацеў зазірнуць у будучыню, даведацца, што яго чакае. Такая магчымасць была ў яго раз на год. Сямейныя людзі варажылі на ўраджай, прыплод у гаспадарцы, а маладым дзяўчатам і хлопцам хацелася даведацца, хто ж наканаваны ім лёсам.

Фота Вiталiя Дзярнейкi

 

 

На Гарадзеншчыне пачыналі варажыць на багатую (шчодрую) куццю увечар з 13 студзеня. Яго лічылі адным з самых спрыяльных дзеля таго, каб зазiрнуць у будучыню.

Звычайна кампанія моладзі збіралася ў адной хаце, а старэйшыя падсказывалі, як і што трэба рабіць. Для варажбы падыходзіла ўсё: і абутак, і дровы, і хатняя жывёла.

 

Вер, не вер, калі суджана — нічога не зменіш!

— А я вось мужа сабе наваражыла. Не верыла ў гэтыя забаўкі, але паспрабавала з-за цікаўнасці. Думаю, вось і праверу: хлопец-та ў мяне ўжо ёсць і час да вяселля набліжаецца, — кажа Алена Паўлаўна з Агароднікаў. — Хлопец жыў у суседняй вёсцы, а ўпарты валёнак увесь час глядзеў у іншы бок. Дзеўкі тады рагаталі, жартавалі, колькі не перакідвала, ну не хоча ў бок мілага глядзець. Пасля яшчэ варажылі, даведалася, што муж нашмат старэйшы будзе. Тады так раззлавалася, сышла. Жарты жартамі, а муж старэйшы за мяне на 19 год, да і з якога боку прыдзе, валёнак правільна паказваў…

У розных частках Гарадзеншчыны пры дапамозе абутка варажылі па-рознаму: у некаторых вёсках валёнак праз плот перакідалі — у які бок носам ляжа, туды і замуж пойдзеш. Ва ўсходняй частцы абутак кідалі праз дах хаты. Якая з дзяўчат перакіне, тая і замуж пойдзе, застаецца толькі аббегчы і паглядзець, куды носам паказвае, калі не — то і сядзець яшчэ ў дзеўках.

У Дзяляцічах Любчанскага раёна дзяўчаты варажылі па вокнах. Калі сцямнее, падыходзілі да вокнаў, грукалі ды пыталі: «Ісці ці ехаць?» Калі з хаты адказвалі «ісці» — то яшчэ год у дзеўках сядзець прыйдзецца, а калі «ехаць» — пойдзеш у гэтым годзе замуж.

Самы просты спосаб даведацца, цi будзеш гэты год у пары, — абняць плот наколькі зможаш, і калі цотная колькасць штакецін у рукі трапіла — будзе пара. З той жа мэтай хадзілі ў паветку па дровы, ці лічылі, колькі цвікоў у дзвярах.

Яшчэ адзін узор варажбы з плотам: ад пачатку да канца плота трэба лічыць штакеціны са словамі: «Або пляцень, або тынец, або хлопец, або ўдавец». Так можна было даведацца, які будзе муж.

Яшчэ адзін варыянт даведацца пра будучага жаніха — пайсці да паветкі, дзе ляжаць дровы, падысці да іх спіной і навобмацак выбраць палена. Калі яно роўнае, гладкае, без сучкоў, муж трапіцца з ідэальным характарам. Калі палена тоўстае і цяжкае — муж будзе заможным. Калі сучкоў шмат — у сям’і народзіцца шмат дзяцей, а калі палена крывое — муж будзе касавокі ці кульгавы.

Жаніха можна было і ў калодзежы «выглядзець». Дзяўчаты бралі трохі куцці ды ішлі да калодзежа. Кідалі куцю ў калодзеж, а пасля глядзелі ў ваду. Лічылася, што так можна ўбачыць наканаванага лёсам.

 

Будучае можна убачыць ноччу

Існуюць спосабы заглянуць ў будучыню, якія трэба зрабіць перад тым, як легчы спаць. Грэбень хавалі пад падушку, кажучы пры гэтым: «Суджаны-ражаны, прыдзі да мяне косы часаць».

— Мяне і бабуля, і матуля вучылі: перад сном паставіць кубак з вадой пад ложак, з боку галавы, а паверх саломку пакласці. Мосцік атрымаецца. Кажаш: «Хто мяне па кладачцы правядзе, той мяне з сабой забярэ». І ідзеш спаць, — кажа Стася Мікалаеўна з Ваўкавыскага раёна. — Яшчэ імёны мужчынскія пісалі на паперках і ў шапку клалі, пасля цягнулі, у каго як мужыка будуць зваць. Выцягнула Піліпа, а сватацца Філіп прыйшоў. Здаецца і спраўдзілася варажба.

 

Вясковыя аракулы

Галоўнымі аракуламі ў вёсках былі хатнія жывёлы. Лічылася, што ў зімовыя святы яны «праўду кажуць». У Сянежычах у хату ўносілі чорную курыцу, насыпалі купы зярна, і чыё зерне пачне кляваць, тая першая замуж пойдзе.

У той жа вёсцы пяклі чорныя бліны з марожанай бульбы.

— Удзень па полі збіралі бульбу, якая засталася з восені. Чысцілі, там крахмалу шмат было, гатавалі, як звычайныя дранікі, толькі гэтыя смачнейшыя. Па адным бліне бралі і да сабакі ішлі. Чый схопіць першы, тая замуж і пойдзе, — узгадвае Ганна Ула-дзіміраўна.

У вёсцы Алехнавічы Дзятлаўскага раёна ў абрадах дзяўчат таксама ўдзельнічалі бліны ды сабакі. Пяклі бліны, пасля выходзілі на дарогу з блінам і слухалі, у якім баку сабакі забрэшуць, з таго боку сватоў і чакаць. Па брэху можна даведацца пра ўзрост нарачонага: калі звонкі лай, то малады жаніх будзе, калі сіплы, то значна старэйшы за цябе.

У адной з вёсак Наваградскага раёна ўдзень дзяўчаты хадзілі ў «разведку» па сялу, выглядалі, дзе чорную свінню рэжуць. Калі сцямнее, прыходзілі на тое месца і слухалі, з якога боку сабакі забрэшуць, у той бок і замуж возьмуць.

Яшчэ адзін варыянт даведаца аб сваім лёсе — у конікаў з грывы выдзіралі пук валасоў. І тут варыя-цыі, што з ім рабіць: можна задаць пытанне, а пасля перакладаць на «так» ці «не», альбо глядзець цотная ці ня цотная колькасць, у пары будзеш ці не.

 

Галоўнае — быць упэўненым у сваім шчасці

Каб даведацца, якім жыццё ў гэтым годзе бу-дзе, дзяўчаты бралі лучыны, добра замочвалі іх у вадзе і падпальвалі. Калі лучына гарэла з трэскам, пускала шмат дыму, то гэта прадказвала гаротнае жыццё. Пашчасціць у жыцці той, у якой лучына гарыць ярчэй.

У гэты вечар нават зерне адказвала на пытанні. Задавалі пытанне, на якое можна адказаць «так» ці «не», бралі сабе жменьку, а пасля лічылі. Ня цотнае — адказ станоўчы, цотнае — адмоўны.

Упоўначы, паклаўшы хатніх спаць, замужнія жанчыны хадзілі па выпаўшым снезе. Калі да світанку па слядах ніхто не хадзіў — жыццё ў шлюбе будзе шчаслівым, калі патапталіся — год у спрэчках з мужам давядзецца жыць.

Калі пытаешся пра варажбу ў незнаёмых бабуль, яны неахвотна ўзгадваюць: «Ну да, штосьці было, але ж няможна было так рабіць — грэх». Але калі называеш некаторыя абрады і пытаеш: «А так рабілі?», у іх пачынаюць гарэць вочы. Нішто яны не ўзгадваюць з такой радасцю і трапятаннем, як маладосць, калі хацелі заглянуць пад заслону будучыні.

Верце, што, калі ў час варажбы выпадзе добрае, яно абавязкова збудзецца, а дрэннае — не. Галоўнае — быць упэўненым у сваім шчасці.

 

Чытайце таксама:

Ішла каляда сялом-сялом…