Ішла каляда сялом-сялом…

Зімовыя святы заўсёды былі чаканымі і жаданымі. Моладзь збіралася разам і хадзіла калядаваць. Пасля нейкага перапынку традыцыя пачала аднаўляцца.

Фота Анастасii Роўбы

 На Шчодры вечар, 13 студзеня, я далучылася да кампаніі моладзі, што выбраліся калядаваць у Гожу.

 

Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!

Менавіта такімі словамі калядоўшчыкі абвяшчалі пра свой прыход у кожнай хаце. Яшчэ здаўна лічылася, што калі весела пачаць год, то і пройдзе ён весела.
Жыхары Гожы здзіўляліся і радаваліся візіту калядоўшчыкаў, бо паводле традыцыйных павер’яў разам з імі ў дом прыходзіць багацце і прыбытак на ўвесь год. Традыцыйнымі былі і пачастункі — каўбаса, цукеркі ды чарка, якой «падымалі» з падлогі «памёрлую» казу. А для гаспадароў удзячныя калядоўшчыкі спявалі песні, танчылі і зычылі прыбытку ды здароўя.

 — Прасцей і цікавей калядаваць у вёсцы! Горад не зусім прыстасаваны для калядавання. Ды і калі ідзеш па вясковай дарозе, гучаць калядныя песні, а на снезе адлюстроўваюцца цені людзей, зоркі, рогі казы — адчуваеш нейкае магічнае ўздзеянне! Гэта магія! — кажа «зорканош» Антось Янкоўскі. 

У хату пускаюць усе. Старэйшыя людзі з задавальнненем вітаюць, бо разумеюць мэту прыхода шумнай кампаніі, маладыя ж спачатку бянтэжацца, а пасля кіруюцца думкай «калі прыйшлі, то трэба нешта даць, каб адкупіцца». 

 

«Хто з казой патанцуе, таму ў новым годзе пашанцуе!»

Чаго толькі не зробіш, каб пашанцавала. Старэйшыя жанчыны з лёгкасцю кідаліся ў пляс, што нельга сказаць пра моладзь, якая танчыла, але пры гэтым вельмі саромелася.

Чутка, што ходзяць калядоўшчыкі, хутка разляцелася па мястэчку. Людзі чакалі «козачку». Хлопцы і дзяўчаты ад хаты да хаты гучна спявалі песні, сабраныя ў экспедыцыях па Гродзенскай вобласці. Падыходзім да чарговай хаты, дзе нас ужо чакаюць.

— Як добра, што вы да нас зайшлі! Мне патэлефанавалі, сказалі, што калядуюць, так баялася, што абмінёце нашую хату! — радавалася гаспадыня. 
Абмінуць дом — значыць не прынесці шчасця. Гэта ўспрымалася гаспадарамі як вялікая крыўда і прадвесце бяды.

Па словах калядоўшчыкаў, часам старыя людзі, калі бачуць «казу», чуюць спевы —пачынаюць плакаць. Яны рабілі гэта ў маладосці — танчылі, спявалі, а зараз усё знікла. Такія людзі дзякуюць і нічога не шкадуюць. Ім не важна, што і як мы будзем спяваць ды танчыць, для іх галоўнае, што мы прыйшлі. Дарыш ім шчасце, магчымасць вярнуцца ў мінулае.

Дайце-дайце каўбасу, я дадому панясу!

— У мяне ўсе рэчы ў чамаданах, але шакаляд я знайду, пачакайце! — рэагуе жанчына на спевы калядоўшчыкаў.

— Да не трэба, не шукайце, мы ж так, паспяваць прыйшлі.

— У гэтай хаце павінны быць цукеркі, вы паспявайце, а я зараз затэлефаную і спытаю!

І пакуль не знайшла пачастунка, «казу» не адпусціла.

Калі людзі святкуюць, то звычайна клічуць да стала. Але стары новы год, ці Шчодры вечар, пачалі адыходзіць як святы.

— Я калядую дзеля забавы. Некалькі год рабіў гэта ў горадзе, зараз выбраўся ў вёску, — кажа Віталь Вановіч, якому сёлета давялося цягаць важкі мех з накалядаванымі прысмакамі. — Людзі ў горадзе і вёсцы вельмі адрозніваюцца, ў іх рознае стаўленне да калядоўшчыкаў. Вясковыя людзі больш адкрытыя і добра знаёмыя з традыцыяй.

 

Чытайце таксама:

У музей спусцілася Віфліемская зорка

Біблейскія сюжэты на джынсоўцы