Роднай мове пачалі вучыць з маленства

Аказваецца, малыя дзеткі нават з рускамоўных сем’яў вельмі добра ўспрымаюць беларускую мову і з цікаўнасцю слухаюць казкі, а таксама любімую выхавацельку Іну Мікалаеўну. Беларускамоўная група з дзеткамі ва ўзросце ад 2 да 4 гадкоў пачала працаваць у верасні ў дзіцячым садку №45 на вуліцы Сухамбаева. Карэспандэнты "ВГ" завіталi да іх.

Міколка штурхае Паўлінку, каб усесціся бліжэй да выхавацелькі. Леся і Эмілія гартаюць старонкі вялікай кніжкі з размалёўкамі. Відаць, што дзецям цікава набываць новыя веды, і яны гатовыя да гэтага.
Наталля Кісель, маці трохгадовага Францішка, распавядае:
— Зацікаўленых бацькоў шукалі праз Інтэрнет. Што адметна, улады ставіліся дабразычліва да адкрыцця беларускамоўнай групкі ў садку. Але існуюць невялікія складанасці з тым, як дастаўляць дзетак у садок. Адна сам’я нават адважылася прывозіць дзіця на тралейбусе з праспекту Кляцкова.
Як высветлілася, спачатку бацькам прапанавалі запісвацца ў групкі у садках па месцы рэгістрацыі, або ў Кастрычніцкім, або ў Ленінскім раёне. Але да пачатку верасня жаданне выказалі 8 сямей, так што сэнсу адчыняць дзве групы не было.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна Святлана Мялешка паведаміла, што ніякіх перашкод у матэрыяльным забеспячэнні садка няма:
— Каля 18 мільёнаў рублеў ідуць на рамонт памяшканняў, набыццё цацак, мэблі, адукацыйных матэрыялаў менавіта ў гэтым садку. Было б жаданне — дзеці без дагляду не застануцца.
Выхавацелька Іна Мікалаеўна Севярын з любоўю ставіцца да маленства.
— Я б хацела, каб дзеці з маленства чулі беларускую мову, — распавядае яна. — У нашай краіне две дзяржаўныя мовы, і кожны чалавек, як стане дарослым, ужо сам вызначыцца, якая яму бліжэй. Рускую мову ўсе мы і так чуем адусюль, а беларускай трэба зацікаўліваць.
Так атрымалася, што карэспандэнты «Вячэрняга Гродна» прыйшлі ў садок падчас прагулкі. Але і тады дзеткі не раставаліся з кніжкамі, усядаліся на лавачцы пагартаць старонкі.
— Так атрымалася, што пакуль групка не налічвае шмат выхаванцаў, гэта, можна сказаць, дагледжаная эліта, — жартуе старшыня Таварыства беларускай школы у Гродна Таццяна Канопкіна. — Але вельмі важна развіваць моўныя здольнасці дзяцей як мага раней. Да таго ж гэта добры пачатак для інтэлектуальнага развіцця: чым больш моў ведае чалавек, тым спраўней ягоны кар’ерны рост.
А пакуль што бацькі і дзеткі спадзяюцца на тое, што беларускамоўная адукацыя ў Гродне не скончыцца на маленькай групцы з некалькіх чалавек. Можа быть, гэта толькі пачатак.