Усе студэнты Гродна будуць плаціць за пропускі

Прагульваць пары стала дорага і ў буйнейшым універсітэце Гродна.

Лекцыі і семінары, прапушчаныя студэнтамі ГрДзУ імя Янкі Купалы, пагражаюць выліцца ім у кругленькую лічбу. ВНУ далёка не наватар у гэтай справе. Аграрны і медыцынскі універсітэты ўжо даўно выкарыстоўваюць такую практыку.
Дарэчы, у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце сістэма існуе яшчэ з канца мінулага стагоддзя. Дзякуючы ёй, колькасць прапушчаных заняткаў значна скарацілася. Рэктар БДзМУ Павел Беспальчук казаў, что нават яму з яго прозвішчам хопіць пальцаў пералічыць усе пропускі.
У дэканаце факультэта матэматыкі і інфарматыкі мне патлумачылі, што плаціць студэнты будуць не за пропускі, а за адпрацоўкі, якія будуць вымушаныя адсядзець. Намеснік дэкана па вучэбнай частцы Юрый Раманоўскі патлумачыў, што механізм працуе, але застаецца шмат пытанняў. Галоўнае з іх – што канкрэтна лічыць за адзін занятак: тэму, якая ахоплівае часам некалькі «пар», «пару» ці так званую акадэмічную гадзіну (45 хвілін)?
Намеснік дэкана факультэта фізічнай культуры Валерый Сухецкі растлумачыў, што новаўвядзенне – гэта не што іншае, як спосаб дысцыплінізаваць студэнтаў. Яны за апошні навучальны год набралі ажно 500 гадзін пропускаў на адным толькі факультэце фізічнай культуры. За першыя тыдні навучання эфект быў заўважны: першы раз за гісторыю факультэта перастала хапаць месцаў у аўдыторыях.