Шалкевіч нарадзіўся ў дарозе

Бард і акцёр Віктар Шалкевіч распавёў «Вечернему Гродно», чаго ён не паспеў зрабіць за 50 гадоў.

Віктар Шалкевіч ніколі не сядзіць на месцы. Так і жыве паміж Гродна, Варшавай, Мінскам і Вільняй. Калі мы пазванілі, каб павіншаваць яго з 50-годдзем, ён толькі вярнуўся з літоўскай сталіцы.
– Ці не надакучыла жыццё ў дарозе?
– У нас нават легенда сямейная ёсць, што я нарадзіўся ў дарозе. Маму як раз везлі ў раддом. Так і пайшло… Бацькі навучылі мяне працаваць. Я ніколі не бачыў, каб яны сядзелі, склаўшы рукі, глядзелі тэлевізар або пілі гарэлку.
Паводле ягоных словаў, ён ніколі не хацеў быць да каго-небудзь падобным. А людзі, у якіх было чаму павучыцца, на жаль, адыйшлі з гэтага свету. Для Шалкевіча такімі былі два вядомыя польскія музыканты Кшыштаф Кленчан і Марэк Грэхута. У бліжэйшыя гады бацька беларускага блюзу плануе зрабіць тое, чаго не паспеў за папярэднія 50 гадоў. Ён плануе закончыць оперу «Галілейская гісторыя» і выдаць кнігу вершаў, якіх назбіраў больш за сто.

Даведка «ВГ»
Віктар Шалкевіч скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1980). Працаваў у Гродзенскім абласным драмтэатры (1980–1987), выкладчыкам рэжысуры і майстэрства акцёра ў культпрасветвучылішчы (1987–1990). З 1990 года ў Гродзенскім абласным тэатры лялек. Піша і выконвае песні са школьных гадоў. Выдаў шэсць музычных альбомаў. За частыя сустрэчы з дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў аб тэатры ўзнагароджаны міжнародным Ордэнам усмешкі, кавалерамі якога сярод іншых з’яўляюцца Папа Рымскі Ян Павел II, Астрыд Ліндгрэн, Стывен Спілберг.