Прыгажосць па-беларуску

Чарговы конкурс прыгажосці адбыўся 22 мая ў Гродна. Вось толькі ў адрозненні ад звыклых «міс», дзе прыгажосцю лічацца мадэльныя параметры, «Гарадзенскую беларусачку» выбіралі па іншых крытэрыях.

Здзівіла колькасць удзельніц. Дзяўчын было  ўсяго пяць. Яшчэ адно адрозненне – не было пераапрананняў і шматлікіх выхадаў. Замест гэтага прапанавалі чатыры конкурсы. За першы – прывітальны – удзельніцы атрымалі адзнакі за касцюм, цікавае апавяданне пра сябе і прывітанне. Кожная з «беларусачак», акрамя вітальных слоў, пачаставала журы караваем, які сама пякла. Выпрабаваннем сталi гульня з залам i адказы на пытаннi гледачоў.
Таксама адзнакі на карысць канкурсантак атрымалі групы падтрымкі.
Без тытулаў дзяўчын не пакiнулi, але называцца «Гарадзенскай беларусачкай» павінна была толькі адна. І ёй стала студэнтка ГрДзУ імя Я. Купалы Іна Літвіновіч, яна ж атрымала прыз сімпатый гледачоў.