21 Ноября 2018

 

Гродна, якога ўжо не ўбачым: як змянілася аблічча горада за год

Там, дзе стаялі дамы, пабудавалі дарогі, а замест вокнаў з’явіліся дзверы. Мы вырашылі паглядзець, якія будынкі зніклі ў мінулым годзе і што на іх месцы цяпер.

 

Імперскія казармы

У красавіку знеслі казарму на вуліцы Перамогі. Не дапамаглі і намаганні гісторыкаў надаць пабудове статус культурнай каштоўнасці. На яе месцы ўжо пачалі будаваць гіпермаркет «Карона», аналагічны брэсцкаму.

Грамадскасць выказвала прапановы захаваць гістарычны помнік у складзе гандлёвага цэнтру, як гэта зрабілі ў беластоцкай «Альфе», ці пабудаваць гіпермаркет побач з казармамі. Адзінае, што абяцаў забудоўшчык — гэта не руйнаваць фасад казармы, уключыўшы яго ў новы будынак.

Комплекс з чатырох армейскіх казармаў быў пабудаваны прыкладна ў 1914 годзе на тэрыторыі гарнізона гродзенскай крэпасці. У іх месцілася адміністрацыя вайсковай часткі і інтэрнат для салдат. Пабудовы добра захаваліся і выкарыстоўваліся па прызначэнні да нашых часоў. Апошнія некалькі год яны пуставалі. Казармы былі адметным архітэктурным помнікам занёманскай часткі.

 

Алоўкавая фабрыка

Былая фабрыка алоўкаў і некалькі жылых дамоў на вуліцы Будзёнага былі знесены падчас рэканструкцыі дарогі. Яе пашырылі да чатырох палос, арганізавалі аўтастаянку прыкладна на 200 месцаў.

Алоўкавая фабрыка была адным з чатырох такіх прадпрыемстваў у Расіі. Яе пабудаваў у 1878 годзе сын купца з Харкава. Вытворчасць алоўкаў тады была вельмі складаным працэсам, які патрабаваў спецыяльных ведаў і абсталявання. На фабрыцы працавалі 50 рабочых, якія выпускалі больш за паўтары мільёны алоўкаў у год. Іх якасць была адзначана бронзавым медалем у Маскве ў 1882 годзе.

 

Скрыжаванне

Вуліцу Астроўскага разам з яе Т-скрыжаваннем з вуліцай Дзяржынскага скончылі аднаўляць у гэтым годзе. У выніку Новы свет страціў некалькі камяніц і драўляных дамоў, а кіроўцы атрымалі пашыраную дарогу з рэгуляваным скрыжаваннем. Астроўскага пакуль што аднаўлялі ў два этапы, трэці яшчэ наперадзе. Паводле праекту вуліцу падоўжаць ажно да заапарка. Яна перасячэцца з вуліцай Каханоўскага ды прымкне да кальца каля былога чыгуначнага пераезду. Адпаведна ўсе пабудовы на яе шляху знясуць. Новая дарога мае зменшыць аўтамабільныя заторы ў цэнтры горада ў часы пік.

Гэты адрэзак вуліцы Дзяржынскага у тым выглядзе, як мы яго памятаем, складаўся у пачатку ХХ стагоддзя. Ёсць сведчанні, што недалёка знаходзіліся могілкі, на якіх былі пахаваныя ахвяры баёў за горад восенню 1915-га. А ў адным са снесенных дамоў была канспіратыўная кватэра гродзенскіх рэвалюцыянераў.

 

Сквер

Апошні жылы дамок на пляцоўцы ля корпусу ўніверсітэта на вуліцы Дзяржынскага ў даліне Юрыздыкі быў адселены ды зруйнаваны ўлетку. Казалі, што там паставяць помнік гусарам. Аднак гэтага не адбылося: зараз тут сквер.

У скверыку з’явіліся выкладзеныя пліткай сцяжынкі, дзве чырвоныя альтанкі, каменная статуя Гараднічанкі, выкананая мінскім майстрам, ды каля трыццаці маладых дрэўцаў. Падчас працаў старадаўнія дрэвы не закранулі, толькі вырубілі малады зараснік.

Даліна ручая Юрыздыкі ўваходзіць у раён Новага Свету, які пачалі забудоўваць у другой палове ХІХ стагоддзя, пасля 1864 года. Тыя дамы, што зруйнавалі апошнім часам, былі пабудаваныя на пачатку ХХ стагоддзя.

 

Белыя росы

Легендарную Дзевятоўку, якая ўжо стала раёнам горада, але пазаставалася вёскай сярод урбаністычнага пейзажу, знеслі амаль цалкам, заставіўшы некалькі хат. Жыхары чакалі высялення цягам трыццаці год, пачынаючы з 1970-х, калі ўпершыню пайшла гаворка аб тым, што на гэтым месцы будзе дарога. Два адрэзкі вуліцы Курчатава спалучылі пакуль толькі пясчаным насыпам.

 

Каложа

Стогадовы дом на Віленскай, 20 запомніўся як «дом з Каложай». На бакавым фасадзе чырвонага дома мастак Сяргей Палякоў пакінуў манументальную выяву, дзе ёсць у тым ліку малая Каложская царква. Напрыканцы года ўладальнік дома дэмантаваў яго з-за аварыйнага стану пад умовай, што адбудуе такі ж самы да Х Фестывалю нацыянальных культур.

Дом быў адметны цікавымі архітэктурнымі рысамі, керамічнай дахоўкай ды малюнкам на бакавой сцяне. Ён перажыў усе войны ХХ стагоддзя.

 

Дом Зоф’і Налкоўскай

Перабудова закранула і дом польскай пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай на вуліцы Акадэмічнай, 15. Будынак страціў сваю аўтэнтычнасць. У ім зрабілі трэці паверх, якога там ніколі не было. Мемарыяльную шыльду, дзе паведамлялася, што ў доме жыла знакамітая пісьменніца, пакуль на месца не вярнулі.

У гэтым доме у 1920-х месцілася камандаванне ваеннай жандармерыі і жыў камандзір са сваёй жонкай Зоф’яй, вядомай польскай пісьменніцай.

 

Дом інжынера Астроўскага

Закінуты дом інжынера Астроўскага, які, па іроніі, стаіць на аднаіменнай вуліцы, таксама пачалі рэканструяваць у гэтым годзе. Па праекце аднаўленне скончыцца да вясны наступнага года. Будаўнічыя казалі, што калі б не просьба былога кіраўніка вобласці, то з-за струхлеласці дом зруйнавалі бы ды адбудавалі наноў. Фундамент і некаторыя сцены пазаставілі арыгінальнымі, аднак усё астатняе перабудавалі. У доме знялі дах, пазбавілі першапачатковага ганку. Знешні выгляд значна змяніўся. У будынку размесціцца адміністрацыйна-гаспадарчы корпус абласнога дзіцячага шпіталя.

Дом быў пабудаваны ў стылі польскага канструктывізму для інжынера-чыгуначніка Астроўскага ў 1930-х. У яго падвалах улетку 1944-га хаваліся ад бомбаў жыхары навакольных вуліц. У савецкі час у доме размяшчаўся дзіцячы садок Міністэрства ўнутраных спраў, пазней — інтэрнат аддзела адукацыі Ленінскага раёна. Апошнім часам будынак пуставаў.

 

Дзверы, вокны і балкон

Адыйшоўшы год сапраўды стаў годам новых дзвярэй. Калі ў пачатку года вырублены праём у былой дамініканскай гімназіі на Савецкай, 6 выклікаў шквал абурэння, то напрыканцы гарадзенцы проста не паспявалі заўважаць, як хутка дзверы адныя за другімі з’яўляліся на галоўных і бочных фасадах будынкаў у гістарычным цэнтры горада.

На думку гісторыкаў, прарубленыя дзверы значна змяняюць знешні выгляд архітэктурнай спадчыны, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства па ахове архітэктурных помнікаў. Аднак Мінкульт дазваляе гэта рабіць. Як паведаміў загадчык аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гродзенскага гарвыканкаму Віталь Мамачкін, за кожным аб’ектам гістарычнага цэнтра Гродна замацаваны навуковы кіраўнік. Ніводныя дзверы не могуць з’явіцца без яго дазволу. Але мясцовыя ўлады — не апошняя інстанцыя, якая зацвярджае змены ў архітэктурным абліччы горада. Віталь Мамачкін паведаміў, што мясцовыя ўлады даслалі прапанову Мінкульту ўзгадняць з імі прынамсі матэрыял, з якога будуць выкананыя новыя дзверы (пластык ці дрэва).

Дарэчы, зусім знік з фасаду будынка на вуліцы Кірава старажытны балкон — яго папросту скралі. Злачынцу так і не здолелі знайсці, крімінальную справу пакуль прыпынілі.

 

У тэму

Што чакае Новы свет?

Паміж 1 Мая і 17 Верасня змяшчаецца не толькі 140 дзён, але і квартал вуліцы Валковіча, які апошнім часам пусцее. Людзі жывуць цяпер усяго ў некалькіх дамах. Звычайна такая схема адсялення людзей з прыватнага сектару папярэджвае руйнаванне дамоў. Калі будзе знішчаны гэта адцінак вуліцы, пакуль невядома.

Загадчык аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гродзенскага гарвыканкаму Віталь Мамачкін запэўніў, што Новы свет «адназначна не пойдзе пад бульдозер». Ён патлумачыў, што распрацоўваецца план рэгенерацыі гістарычнага цэнтру Гродна, у які ўваходзіць і раён Новага свету. Дзеля гэтага ўжо абагульнены досвед па будаўніцтве і рэканструкцыі, пачынаючы з 1986 года. Згодна з планам, будынкі павінны максімальна захаваць свой гістарычны выгляд, але адначасова быць прыстасаванымі да сучаснай інфраструктуры і сферы турызма. Замест жылых дамоў там размесцяцца кафэ, сувенірныя крамы, адміністрацыйныя памяшканні.

Адначасова загадчык упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Валянціна Куранкова распавяла, што цяпер для рэканструкцыі гістарычнай спадчыны чакаюць інвестараў.

 

Да фестывалю аднавяць сінагогу і кірху

Да юбілейнага Фестывалю нацыянальных культур плануецца аднавіць не адну пабудову. Тэрміновая рэканструкцыя вядзецца ў лютэранскай кірсе, якая атрымае ўласцівы ёй металічны шпіль, ў габрэйскай сінагозе, якая нядаўна ў самым росквіце будаўнічых працаў пацярпела ад пажару, у доме Людвіга Заменгофа, у абласной філармоніі і гарадскім доме культуры. Усе яны маюць асвяжыць свой выгляд да лета хаця б звонку.

Дружите с нами в соцсетях и узнавайте новоcти первыми!
    

Заметили ошибку в тексте? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl + Enter

Комментарии:

Комментарии  

 
+40 #1 владимир 11.01.2014 11:37
душа болит, глядя на всё это. реально красивые дома рушат, а строян на их месте ражно какое-то из блоков на которое смотреть страшно...
Цитировать
 
 
+17 #2 элли 13.01.2014 00:16
Надо проводить общественные слушания перед сносом домов и деревьев! Почему почти все горожане против, а никто об этом даже не спрашивает!
Цитировать
 
 
+10 #3 Нинель 14.01.2014 13:42
Ситуация с казармами просто вопиющая, идем по российскому пути, то что нельзя купить за деньги, можно купить за большие деньги...
Цитировать
 
 
+5 #4 Вольга 18.01.2014 21:02
"Мамачкін запэўніў, што Новы свет «адназначна не пойдзе пад бульдозер»"
Глядзі ж, хлопча! Калі гэны бульдозер толькі накіруецца ў бок Новага Сьвету, яму ўпоперак стану я!
Цитировать
 
 
0 #5 Roman 31.01.2014 19:46
Oddajcie nam Grodno a zadbamy o nie !
Цитировать
 

Добавить комментарий

Уважаемые читатели! На сайте vgr.by введена премодерация комментариев в связи с изменениями в законодательстве о СМИ. Ваши сообщения будут опубликованы после проверки модератором.

ВНИМАНИЕ!При добавлении комментариев категорически запрещено: оскорблять чужое достоинство, сеять и проявлять межрелигиозную или иную рознь, призывать к насилию, переходить на личности, употреблять ненормативную лексику. Комментарии, в которых нарушены правила, будут редактироваться или удаляться. Авторы комментариев несут ответственность за содержание оставленных сообщений.

Защитный код
Обновить

Актуальное

Обяжут указывать цены в литрах и кило, а в поездах разрешат продавать пирожки: что нового в правилах торговли?

Обяжут указывать цены в литрах и кило, а в поездах разрешат продавать пирожки: что нового в правилах торговли?

Магазины должны указывать цены на товар в килограммах или литрах, продавать по цене, указанной в ценнике, в поездах можно будет вести разносную торговлю, а рестораны должны будут вывешивать меню с...

Добавить комментарий

Подробнее...



Фотоблог Наталии Дорош

Афиша «ВГ»

  1. ОК
  2. ВК
  3. FB
 
  1. В Беларуси
  2. В мире
  1. Популярное
  2. Комментарии

Погода Гродно

Информация сайта pogoda.by

Курсы валют

Курсы валют в банках г.Гродно на www.ecopress.by

Вопрос недели

Где вы будет отмечать Новый год?

Вопрос - ответ

Какие справки нужны для оформления в пришкольный и летний оздоровительный лагеря?

Блог фотоклуба «Гродно»

Мнения

Вечерний Гродно

Газета Вечерний Гродно — новости и события города, статьи, публикации о Гродно.

добавить на Яндекс

2004–2018 © Перепечатка новостей и материалов, размещенных на сайте газеты «Вечерний Гродно», разрешается только после заключения письменного договора с редакцией. Иное копирование, перепечатка и распространение материалов сайта vgr.by без разрешения редакции запрещены.

Мнения авторов опубликованных новостей, а также оставленных на сайте комментариев могут не совпадать с мнением редакции. За содержание платных статей и баннеров ответственность несет рекламодатель.

АДРЕС: г. Гродно, 230025, ул. Социалистическая, 32
ТЕЛЕФОНЫ: отдел новостей — + (375) 152-77-23-78; 77-00-89; реклама — + (375) 152-72-00-36; 68-10-50; 68-10-51.

E-MAIL: vgr@mail.grodno.by, vechgr@gmail.com, vgr.reklama@gmail.com

УЧРЕДИТЕЛЬ: ЗАО «Редакция газеты «ВЕЧЕРНИЙ ГРОДНО»
УНП 590000914

СВИДЕТЕЛЬСТВО О РЕГИСТРАЦИИ №586, выдано Министерством информации Республики Беларусь 29.07.2009 года

Директор: Кучинский Александр Васильевич

Редактор сайта: Анна Влезько

2004–2018 © Все права защищены.
Система Orphus