Жабракі: аматары і прафесіяналы

У шасцідзесятыя гады цёгаўся па мястэчках і вёсках былога Ваўкавыскага павета вельмі арыгінальны жабрак.

У шасцідзесятыя гады цёгаўся па мястэчках і вёсках былога Ваўкавыскага павета вельмі арыгінальны жабрак. Увайшоўшы ў хату, ён прадстаўляўся былым дырэктарам Падароскай сярэдняй школы і расказваў гаспадарам гісторыю асабістага падзення й дакотвання да цяперашняга ўзроўню. Прычым, наколькі памятаю, распавядаў ён пра свае беды так шчыра і пераканаўча, што яму верылі!

Верылі ўсе!

Верылі і абдорвалі бедалагу — ежаю ў асноўным, радзей грашыма, таму што тыя часы на грошы асабліва шчодрыя не былі. Праўда, былы «дырэктар», абыйшоўшы ўсе хаты ў мястэчку, «праколваўся» наступным чынам: заскокваў у краму, хуценька купляў сабе бутэльку віна ці гарэлкі — на што нажабраваў, тое і купляў, — потым хаваўся ў самых далёкіх кустах, бо апошняй клепкі ў галаве яшчэ не страціў, выпіваў бутэльку, жор усё нажабраванае і хроп. Але як ён не хаваўся, яго ўбачылі нехта аднойчы: як ён ляжаў на траве п’яны, а навокал валяліся падушаныя шкарлупіны ад курыных яек, недаедзены хлеб і цёмная вінная бутэлька, пустая…Убачылі адныя, пераказалі другім, другія трэцім…

Людзі са шкадаваннем ківалі галовамі, ім было перад усім няёмка не за яго, гультая і валацугу, а за сябе асабіста: як можна было, столькі перажыўшы і пабачыўшы, не распазнаць у «дырэктары» найбанальнейшага падманшчыка і алкаголіка?

Бог з імі, з тымі яйкамі, салам і малымі грашыма, але ці дазваляе чалавеку сумленне, калі яно яшчэ ёсць, так бессаромна і гадка лыгаць пра неіснуючых падлюку-жонку і свалачных дзяцей, няўдзячных калегаў і г. д., і г. д.?

Гэта была першая мая сустрэча з чалавекам, які падманваў людзей і з гэтага жыў. Такі вандроўны «акцёр» бэз тэатра, самотнік-аматар…

Колькі я іх бачыў, «акцёраў» і «актрысаў», пасля — на пальцах рук і ног не пералічыць. У электрычках, дызелях, на аўтастанцыях і аўтавакзалах, ля цэркваў і касцёлаў — і адныя лепшыя за другіх!

Станцыя Баранавічы-Палескія, цягнік накіроўваецца на Мінск, у вагон уваходзіць цыганка з прыблізна двухгадовым дзіцём на руках. Дзіцё ўзятае дзеля антуражу, яно яшчэ не ў долі, яно несьвядомае, як і што трэба рабіць, напрыклад, цяпер трэба плакаць, а яму не хочацца…

Дзіцё маўчыць…

Цыганка пачынае злосна шчыпаць малога за сраку, малы абурана раве!

Цыганка: Люди добрые, помогите, пожалуйста, пострадавшим! Недавно в нашей стране произошло страшное землетрясение…

Я: В какой вашей стране?

Цыганка: (пасля нікаторага роздуму) В Молдавии!

Я: Неправда, в Молдавии никакого землетрясения не было!

Цыганка з дзіцём борздзенька пакідае наш вагон і ідзе ў наступны…

Францішканскі касцёл, Вялікі Чацьвер, пробашч Юзаф Трубовіч асьвячае на вуліцы пасхальны агонь.

Вялікае мноства людзей.

Цішыня поўная…

І раптам пад брамаю адна жабрачка прастадушна пытаецца ў іншай сваёй калежанкі па прафесіі: «Вы на колькі бутэлек віна назьбіралі? Я — та пэўна на шэсць!»

А паколькі жабрачка глухаватая, то пытаецца так галосна, што яе чуюць абсалютна ўсе людзі каля касцёла, а што яны пры гэтым адчуваюць? Хіба тое самае, што адчувалі жыхары былога Ваўкавыскага павета, падманутыя «дырэктарам» Падароскае школы.

Але і «дырэктар», і жабрачкі пры Францішканах, і цыганка з дзіцём у Баранавічах —зялёная моладзь ў параўнанні з сучаснымі зубастымі прафесіяналамі, якія апанавалі нашу краіну ў апошнія гады. Зьвярніце ўвагу: жанчыны даўно ўжо не дзетароднага ўзросту, характэрыстычнага, нетутэйшага выгляду, пасеўшы на крэселках па супермаркетах, зьбіраюць на чарговую «аперацыю» для свайго «дзіцяці», прычым плакацікі ў іхніх руках выдатна аддрукаваныя, заламінаваныя, дый самыя жанчыны на бедных не падобныя.

І не баяцца яны, што да іх за такія вычыны можа прычапіцца рак ці іншая зараза, а пакаленне і род іх вымрэ да дзесятага калена?

І думаеш, гледзячы на гэта: а нехта ж ім паверыць?

Таму намнога прывабней і здатней выглядае наша гарадзенская знакамітасць — індывід, які грае на грабяні ў падземным пераходзе на Высокім Рынку! Ясна, што робіць ён гэта не ад харошага жыцця, але, прынамсі, хвала яму, што ён самааддана дуе ў свой грэбень,а не падманвае даверлівы народ байкамі пра хворых дзяцей і аперацыю ў Паўднёваафрыканскай рэспубліцы!