У вышыванцы…

У вышыванцы... ... з папяроскаю... Партрэт сучасніцы, намаляваны паводле назіранняў... Мяне не здзіўляе каменна-грэблівы выраз твару і настрой людзей, якія едуць у тралейбусах ці валакуцца пехатою на працу каля восьмае гадзіны раніцы — абавязак штодня працаваць выдумаў нехта нечалавекалюбны ды непрыемны...

Партрэт сучасніцы, намаляваны паводле назіранняў…

Мяне не здзіўляе каменна-грэблівы выраз твару і настрой людзей, якія едуць у тралейбусах ці валакуцца пехатою на працу каля восьмае гадзіны раніцы — абавязак штодня працаваць выдумаў нехта нечалавекалюбны ды непрыемны…

Мяне здзіўляе немалая колькасць вельмі маладых асобаў жаночага роду, якія ўпэўнена крочаць зранку па вуліцах усіх гарадоў нашае краіны, трымаючы ў нафарбаваным роце папяроску. 

Яны горда выцокваюць абцасамі, высока падняўшы галаву, а выгляд такі, быццам да аднаго месца ім, што пра іх думаюць выпадковыя пярэхадні!

А ім сапраўды да аднаго месца, бо каб было не, то яны б такога не рабілі!

Большасць іх аднагодак і сябровак не даспела яшчэ да таго, каб нахабна дэклараваць свае шкодныя звычкі, таму яны, старэйшыя школьніцы ці навучэнкі разнастайных каледжаў, часцей за ўсё хаваюцца ва ўстронных месцах — па кустах ды чужых пад’ездах…

Прагна смаляць папяроскі, глыбока і часта зацягваючыся, бы прафесійныя алкаголікі пасля першай шклянкі, і пры гэтым актыўна і горача нешта яшчэ абмяркоўваюць…

Маларослыя, малапрыгожыя, у іх ужо на тварах з дзяцінства нагрэмзана, які лёс іх чакае і што з імі будзе далей…

Нібыта ж у іх павінныя быць бацька ці маці, і то з нюхам? Тым больш, што нашыя мясцовыя тытунёвыя вырабы пры ўжыванні выдаюць з сябе такі непаўторны арамат, ад якога не адчэпішся і які ні з чым не зблытаеш. І не вышла яшчэ з моды манера размовы з дзецьмі як не пры дапамозе добрага ласкавага слова, то пры дапамозе скуранога раменьчыка ці вайсковай папругі.

Смех смехам, але гэтая з’ява ў хуткім часе паволі абернецца сапраўднай нацыянальнай катастрофай, вось пабачыце! І хоць бы хто з медычных ці масмедыйных светачаў, як у далёкія шасцідзесятыя ці семідзесятыя, падаў голас у абарону здароўя падлеткаў, ці распачаў дыскусію на тэму адказнасці бацькоў за правільнае выхаванне дзяцей ці павышэння якасьці гэтых праклятых белых палачак, у якія немаведама што сыплюць, таму яны так і смярдзяць, як здохлыя пацукі…

Што ўвогуле сёння важнейшая рэч — здароўе і будучыня грамадзянаў абодзьвух палоў альбо штоквартальныя паступленні ў бюджэт?

 Прасцей кажучы, хай бы нехта аўтарытэтны пачаў прапаганду жыцця без папяроскі ў якасці сябра і стабілізатара.

Бо не думайце, што пагражальныя надпісы на скрыначках пра рак і  хваробы сэрца некага запалохалі ці прымусілі тэрмінова памяняць стыль жыцця — я нядаўна бачыў на хляве ў вёсцы Саская Ліпка пад Нясвіжам такі надпіс, што жах, а ў хляве дровы простыя ляжалі…

 Папяроснымі грашыма папаўняючы бюджэт, мы сыплем грошы ў прорву, у дзіравую кішэню без дна…

Пагаварыце лепш з хірургамі, якія робяць аперацыі на лёгкіх, і яны распавядуць вам, як выглядаюць лёгкія курца, якія проста літаральна разлазяцца і рассыпаюцца на аперацыйным стале.

І калі б мяне папрасілі намаляваць партрэт сучаснай сярэднестатыстычнай дзяўчыны, я б не паставіў яе, маўклівую, усміхнутую ды таямнічую, па пояс у жытнёвым полі з валошкамі, ці на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, я б яе намаляваў на задворках крамы нехарчовых тавараў ці офіса, сярод картонных скрынак з надпісам «Новомосковская посуда» і вялізных чорных мяхоў са смеццем! У джынсах, падраных на каленях, у сарочцы-вышыванцы, з папяроскаю ў вадной руцэ і з кітайскім айфонам у другой! Ясна, што курыла б і балбатала яна адначасова!