У апошнім радзе… напрыканцы чаргі… першымі ззаду… на эпізадычных ралях…

Нядаўна аглядаў я чарговы расейскі фільм пра нямецка-савецкую вайну. 

Нядаўна аглядаў я чарговы расейскі фільм пра нямецка-савецкую вайну. Фільм вядомага кінарэжысёра, з першасортнымі «выдаюшчыміся» акцёрамі, здымаўся фільм традыцыйна, гледзячы па пазнавальных пейзажах, недзе ў нашай краіне, — ў іншых краінах за гэткія рэчы ўжо патрабуюць немалыя грошыкі: выйдзе з хаты надзьмуты, важны гаспадар-прыватнік, гляне на кінакамеру і загадае: гэта мой пляц — плаціце!

…Тэма вайны — абсалютна беспрайгравальная, бо калі карціна ўдаецца — выдатна, а калі не ўдаецца, то ніхто з крытыкаў яе ганьбаваць не будзе: Вялікі Подзьвіг савецкіх людзей у Вялікай Айчыннай вайне — справа сьвятая і ганьбаванню і абмеркаванню не падлежыць!

Якім бы фільм дрэнным ня быў!

І рацэпт такога кінавырабу дастаткова просты: уся грамада, атрымаўшы кожны свой кавалак сцэнара, перамяшчаецца ў суседнюю, бяднейшую краіну, выбірае ў якасці натуры альбо бліжэйшы этнаграфічны музей пад голым небам, ці, што яшчэ лепей, маляўнічую заняпалую вёсачку з пагнілымі драўлянымі хацінамі, паваленымі платамі, надворкамі з бур’яном і пяццю жыхарамі…

І пачынаецца праца.

Рвуцца выбуховыя пакеты, дымяць дымавыя шашкі, раве аўтэнтычная тэхніка, акцёры ўжываюцца ў вобразы камісараў, партызанаў і фашыстаў…

Дык вось, побач з расейскімі акцёрамі прымаюць ў фільме ўдзел і нашыя, айчынныя…

Як вы думаеце, каго яны там граюць?

Тыя вобразы, што аказаліся незанятымі, вакантнымі, не зусім прэстыжнымі…

Народ, просты тутэйшы народ, натоўп, адным словам! Палонных чырвонаармейцаў, калгаснікаў, сялянаў, працоўныя масы, такое ўсё безназоўна-безгалоснае…

А гэта ж не звычайныя нашыя айчынныя акцёры ўдзельнічаюць, зялёная малаганарлівая непераборлівая моладзь, а акцёры выдатнейшыя, народныя і заслужаныя, лаўрэаты дзяржпрэміяў, нават галоўныя рэжысёры сталічных тэатраў.

Невядома, што з’яўляецца прычынаю, якая прымушае іх прыняць такую не вельмі ганаровую прапанову стаяння ў апошніх радах і «адлюстравання» розных групавых пачуццяў: ці то вялікі ганарар за здымачны дзень, ці то жаданне ўбачыць свой сімпатычны твар на блакітным экране, ці то дарэмная надзея, што славуты рэжысёр нарэшце іх таленты заўважыць, выцягне з нашае ціхае правінцыі і нешта больш вартае прапануе, а тады, дай ты Божа, і жыццё ў лепшы бок зменіцца, ці нешта яшчэ — пра гэтае трэба папытацца ў іх саміх.

Проста калі народны ці заслужаны стаіць у агульнай масе — альбо ён і ягоная сям’я загінаюцца ад голаду, альбо не ведаю што…

Нібыта працы ў сталіцы рознай творчай дастаткова, толькі не кожны ўмее, хоча й можа за гэтую працу ўзяцца!

А калі ў кішэні і ў лядоўні пуста — тут абы капейчыну зарабіць, і пра сваё ганаровае званне забываешся, бо толку й пажытку з яго аніякага!

На паміраючым цяпер «Беларусьфільме» у час ягонага адноснага росквіту мала хто з мясцовых рэжысёраў любіў беларускіх акцёраў і запрашаў іх на галоўныя ролі — можаце ўпэўніцца самі, паглядзеўшы ўсе «шадэўры» шасцідзесятых-дзевяностых гадоў.

Каралявалі на экранах іх больш фактурыстыя, разняволеныя і вядомыя браты па адукацыі з Масквы ці Піцера, а мясцовыя займалі «пачэсныя» апошнія месцы, нібы бедныя сваякі…

Традыцыя не змянілася дагэтуль, і, па-мойму, не зменіцца ніколі.

І самае сумнае, куды не глянь — на эстраду, на тэлебачанне: усюды тое ж — нашых як патоп змыў, як пярун пабіў…

А рэй вядуць адныя «імпартныя» расстрыгі — прапагандысты з сумнеўнымі «інтымна-духоўнымі бяседамі» ці малаапранутыя «дзевачкі» з расхрыстанаю душою…

Кольки выдатных, ТАЛЕНАВІТЫХ беларускіх акцёраў прастаяла і прастаіць яшчэ сваё творчае жыццё на чужых сьвятах у апошніх радах, граючы сялянаў, рабочых ці калгаснікаў…

А, можа, так і трэба?

Можа, лёс ім такі наканаваны…

P. S. Нядаўна абласны наш кінавідэапракат ладзіў мерапрыемствы, прысьвечаныя круглым народзінам «Беларусьфільму». Дык уваход у кінатэатр «Чырвоная зорка» на рэтраспектыўны паказ кінафільмаў быў ……бясплатны!

Пра што тут можна гаварыць?