Пра Раймонда Райса, помнік паўстанцам, і чарговае вясновае абвастрэнне
Хіба толькі сьляпы, глухі ды лянівы не сутыкаўся апошнімі тыднямі з матэрыяламі, прысьвечанымі Раймонду Райсу «Бураму», «маршу выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы, неадназначнай рэакцыі польскага і нашага грамадства і ўладаў на гэтае здарэнне.
Музыкант Віктар Шалкевіч в чарговым запісе блогу паразважаў наконт сітуацыі у беларусска-польскім памежжы і ўспомніў, як у савецкія часы працаўнікі на заводах непакоіліся пра Гандурас.
Хіба толькі сьляпы, глухі ды лянівы не сутыкаўся апошнімі тыднямі з матэрыяламі, прысьвечанымі Раймонду Райсу «Бураму», «маршу выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы, неадназначнай рэакцыі польскага і нашага грамадства і ўладаў на гэтае здарэнне.
Проста нібы запруда прарвалася!
Пісаць пра асобу Раймонда Райса «Бурага» і пра тое, што яму прыпісваюць, а чаго не прыпісваюць, я не буду — гэта не мая тэма — я не дасьледчык.
Але гісторыя з асвятленнем падзеяў вакол яго асобы і «маршу выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы, дзякуючы шызафрэнічнай звышувазе журналюгаў (правільнае слова), аднолькавая з году на год: сьпярша пішучая брація пачынае візгат і вэрхал у медыях пра адраджаючыся польскі фашызм, чуму мясцовага разьліву, дзякуючы чаму мілая ды ўтульная, Богу духа вінная Гайнаўка чырванее і карычневее, пераўтвараецца ў агульнаеўрапейскі цэнтр нацыянал-сацыялізму, не сыходзіць са старонак і экранаў…
Дзень не сыходзіць, другі не сыходзіць…
А на трэці дзень — цішыня!
Усё!!!
Тэму адпрацавалі і пакінулі ў спакоі…
Пойдуць пісаць пра нешта іншае — такі іх журналісцкі лёс!
Трэ на хлеб зарабляць!
А калі б меней драматызавалі і патэтызавалі,можа і тыя маршы сыйшлі б на не і паціху скончыліся, і канфліктаў ды узаемных абвінавачванняў было меней — дваццаць першае стагоддзе, трэ неяк паразумевацца вучыцца, войнаў і так хапае…
Пра Райса, тым не менш, ўсё роўна будуць узгадваць…
У наступным годзе ў гэты ж час…
яшчэ год са сто і па-рознаму…
А ці не здаецца вам, што нешта такое ў нашых пясках ды балотах адбывалася і дагэтуль яшчэ адбываецца з асобаю Сталіна. Яго то абвінавачвалі ва ўсіх грахах, патаемна ўначы выносілі з Маўзалея, зрэзваючы з кіцеля залатыя гузікі, і закопвалі пры Крамлёўскай сцяне, то зноў жа, праз некаторы час, рэабілітоўвалі, ўзвялічвалі і прызнавалі творцам самых значных дасягненняў і перамог. Добра, праўда, што пасля гэтага не выкопвалі і зноў не ўносілі ў Маўзалей і ставілі на старое месца побач з Леніным, а то я ўяўляю, колькі разоў гэта было і як бы гэта выглядала.
Дзівіць у гэтай сітуацыі нечаканая звышактыўнасць нашых грамадзян, так званай «інтэлектуальнай эліты», у адносінах да здарэнняў, якія адбываюцца ў СУСЕДНЯЙ, падкрэсліваю краіне, краіне, якая з’яўляюцца нашаю блізкаю суседкаю, але, тым не менш, гэта іншая краіна.
Адзін грамадзянін, доктарска-навуковага і дэпутацка-сенатарскага паходжання, з лёту прапануе, каб урад суседняй краіны папрасіў у нашага народа прабачэння за сваю няправільную пазіцыю па «Бурым» і неразумныя дзеянні у адносінах да беларускай меншасці на Беласточчыне…
Мне цікавы механізм: прастаўнікі польскага ўраду будуць хадзіць пехатою па вёсках і мястэчках нашае Бацькаўшчыны, збіраць на плошчах народ і прабачацца публічна, ці зробяць гэта ў цілівізары, ці ў радыё, ці абмяжуюцца нейкай пісьмовай дэкларацыяй?
Другія ж, больш радыкальныя нашыя таварышы, увогуле патрабуюць аб’явіць байкот гнюснай Польшчы і ейным таварам, забіць Брузгі і Бераставіцу дошкамі і не ездзіць туды на закупы год, таму што толькі дзякуючы нам палякі жывуць і выжываюць!!! Вось тады яны паскачуць!!!
Тэзіс, канешна, дыскусійны, але ж калі за яго ўзяцца, то можна нейкія доказы і нарыць…
Яшчэ адно здарэнне, якое немагчыма абмінуць — урад Літвы збіраецца ўрачыста перапахаваць астанкі паўстанцаў 1863 года, знойдзеныя нядаўна на Замкавай гары ў Вільні. На помніку мяркуецца выбіць надпіс на дзьвух мовах — польскай і літоўскай.
Акрэсленая колькасць радыкальна настроеных грамадзянаў абураецца, піша петыцыі: а дзе ж беларуская мова, чаму гэта хітрыя суседзі раптам забыліся пра нас?
Суседзі аказаліся нармалёвыя. Раптам пра нас усё ж успомнілі, і паабяцалі дадаць трэці надпіс — па-беларуску!
Ну добра, а калі ўспомнілі і пагадзіліся дадаць трэці надпіс, дык ён будзе лацінкаю ці кірыліцаю? Калі кырыліцаю, то як, наркамаўкай, ці тарашкевіцай? Тут можна па гэтым пытанні правесці нават рэферэндум!
Карацей, крыўдзяць і левыя, і правыя, і верхнія, і ніжнія, і больш пакрыўджанага народа, чым мы, нідзе няма. А тут, на дадатак, яшчэ інфляцыя, і гуркі, даражэйшыя за мяса!
Помніцца, у сваім часе савецкія людзі часта і ахвотна асуджвалі словамі і рэзалюцыямі розных там міжнародных сіяністаў і масонаў, ізраільскую ваеншчыну, ястрабаў на Капіталійскім узгорку, чылійскую хунту, бедавалі над Анджэлай Дэвіс і афраамерыканцамі.
Рабілі яны гэта ў абедзены перапынак, збіраліся ў якім цаху на прадпрыемстве з плакатамі і развенчвалі вуснамі такароў, слесароў і фрэзероўшчыкаў там усялякіх Піначэтаў, Голдаў Меіраў, Пал Потаў вельмі забаўным спосабам, нават не ўяўляючы, пра каго і пра што канкрэтна гаворка:
«Я не знаю, кто такая Чылі, но еслі Луізу не адпусцят с карнавала, я работать не буду!» Іх, савецкіх людзей, таксама час ад часу непакоіў Гандурас.
Пра свае, унутраныя праблемы, а іх было шмат, неяк гаварыць ні то не дазвалялася, ні то не хацелася. Не, былі і свае праблемы: розныя там Пастэрнакі, Салжаніцыны, Вайновічы, Букоўскія, Вішнеўскія ды РастраповічыастраповічыРа.
А большых праблемаў не было!
Нібы не?
Няма даўно СССР, няма сацыялістычнага лагеру, ды і рабочых на заводзе не збярэш, і заводы не працуюць, і рабочых на іх няма… А звычкі і інстынкты засталіся—«савок» з чалавека выходзіць даўжэй, чым плутоній!
Таму людзі збіраюцца горбамі па фэйсбуках, сацыяльных сетках, і давай выпырскваць адзін на другога душэўныя міазмы!
Вясна, адным словам! Вясна прыйшла ў нашу хату! Адзін валіць праз вёску з ахінутым у ганучу ружжом і забівае цешчу, жонку і яе брата, другі топіцца ў рэчцы, трэці, адседзеўшы год у недалёкіх месцах, душыць уласнымі рукамі нібы каханую дзяўчыну і звальвае ў блізкі лес, чацьвёртая вешаецца, пятая выдае нейкія неверагодныя перлы пра дыктатуру і дэмакратыю.
Ды што там казаць!
Вясна прыйшла!
Бойцеся яе!
Хавайцеся, хто куды здолее!
Меркаванні аўтараў апублікаваных матэрыялаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.