Пра новыя цікавыя прафесіі

Цяперашнія прыгожыя часы, у якіх мы з вамі, дарагія чытачы, жывём, паставілі перад кожным з нас не толькі новыя нечаканыя задачы, як на штодня, так і на перспектыву, але і паспрыялі з’яўленню у нашым грамадстве новых, дагэтуль не бачных і не чутых прафесій.

Цяперашнія прыгожыя часы, у якіх мы з вамі, дарагія чытачы, жывём, паставілі перад кожным з нас не толькі новыя нечаканыя задачы, як на штодня, так і на перспектыву, але і паспрыялі з’яўленню у нашым грамадстве новых, дагэтуль не бачных і не чутых прафесій.

Я не маю на ўвазе розных там брокераў, экстрасэнсаў, мерчэндайзераў ці блогераў, а хоць бы, напрыклад, діджэяў.

Год пятнаццаць ці дваццаць таму у якім гарадскім Доме культуры ці Палацы чыгуначнікаў перастаўляў вінілавыя плыты на праігравальніку падчас танцаў па суботах і нядзелях непрыкметны такі, ні сабе ні людзям, хлапчук. Яго больш удалыя і прыгажэйшыя аднагодкі паспяхова абходжвалі мілых і даступных дзяўчатаў, а хлапчук змяняў ды змяняў плыты і ўвосень, і ўзімку, а гады ішлі, таварышы ягоныя пладзіліся і множыліся, навад разводзіліся, а ён ўсё мяняў, праўда, ужо кампакт-дыскі, а танцы пачалі называцца дыскатэкамі, а пераменшчык плытаў — діджэем, а гады ішлі…

Зараз, наколькі я разумею, гледзячы на вялікія афішы, расклееныя па ўсіх гарадах неабсяжнай старонкі нашае, діджэй — гэта ўжо паўнавартасная прафесія, элітная і высокааплатная, діджэі панавыдумлялі сабе псеўданімаў, паганялаваў і мянушак, іх — легіён, калі не больш.

Але калі сутыкаешся з нікаторымі з іх падчас нейкага вечаровага прыватнага мерапрыемства, то гэты вечар нагадвае суцэльную крывавую бойку паміж діджэем з аднаго боку і усім астатнім чалавецтвам, якое бавіцца на вечарыне, — з другога.

Бо ён думае, што асноўнае, што ад яго хочуць пачуць, — гэта не падбор прыгожых і разнастайных твораў сучаснай папулярнай музыкі, а колькасць дэцыбелаў у пераліку на вадно вуха, і чым іх, дэцыбелаў, будзе больш, тым нібы лепей.

Да гэтага дадаецца яшчэ разнастайнае каляровае міргаючае святло, і ў выніку ўвесь вечар звонку нагадвае нешта сярэдняе паміж пеклам і інструментальным цэхам завода карданных валаў.

 Пра музычны густ нават няма чаго казаць. І з кім пра што гаварыць? Большасць з так званых діджэяў далей двара пяціпавярховай хрушчоўкі на Балоце маральна і фізічна не выязджалі, а пра энцыклапедыю «Rolling stone» Патрыцыі Раманоўскі наўрад ці што ведаюць.

Такія, ведаеце, самасейкі, самародкі ад сахі, ад сучаснае айчыннае музычнае глебы…

Не, ёсць і будуць сярод іх прыемныя выключэнні — людзі выхаваныя, з тонкім і далікатным музычным густам, з адчуваннем, да якой аўдыторыі яны прыйшлі і што трэба граць напачатку і што напрыканцы, але іх настолькі мала — як працэнт утрымання кальцыю у літровым пакеце малака…

Міла таксама на душы робіцца, час ад часу ўключыўшы тэлевізар і пагледзеўшы на вядоўцу чарговага кулінарнага шоў. Помніцца мне, калісьці сам Правадыр усясветнага пралетарыяту марыў пра тое, каб кожная кухарка магла ці павінна была навучыцца кіраваць дзяржаваю.

Мара Правадыра збылася — кухаркі і кухары, байцы буйное рагатае скаціны і абвальшчыкі мяса запаланілі ўсе магчымыя экраны ўсіх тэлестанцыяў і вучаць нас, і павучаюць, і рэжуць, і стругаюць, і перамешваюць — адным словам, кіруюць!

Але ці прыбыло ад гэтага худаватых і выспартаваных грамадзянаў са светлымі вегетарыянскімі тварамі на нашых вуліцах і плошчах, ці перастаў народ купляць небяспечныя для здароўя сасіскі і сардэлькі, ці выгатаўляе шматдзетная мама з ранку штодня сваёй неўгамоннай грамадцы макароны спагеці пад сырам пармезан з крэветкамі і аліўкамі?

Таму прыпамінаецца яшчэ адна рэпліка Правадыра — пра адцягванне ўвагі пралетарыята ад класавае барацьбы метадам затуманьвання галоваў рознымі непатрэбнымі дыскусіямі, але гэта я так, нешта да пары прыпомніў…

Таксама новая прафесія сённяшняга дня — дырэктар (дырэктарка) шлюбна-рэкламнага агенцтва. Гэтыя рэзвыя маладзёны ды маладухі прапануюць зялёнай нявопытнай пары шлюбуючыхся такі феерверк здарэнняў на вясельным банкеце, што манакскаму князю Рэнье не снілася — тут табе і клоўны, і шоў з гаспадарчага мыла, і папулярная спявачка Іна Афанасьева, і штукар-фокуснік, і тэатр «Хрыстафор», і вядучая з радыё — не вяселле, словам, а Амерыка без даляраў…

Звёўшы дэбет з крэдытам на другі дзень пасля ўрачыстасці, маладыя   пачынаюць ашчаджаць кожную капеечку, каб было за што жыць і выплочваць працэнты па банкаўскім крэдыце, за які яны і зрабілі шлюб…

Такім вось чынам діджэі, вядоўцы кулінарных шоў і кіраўнікі вясельна-рэкламных агенцтваў упрыгожваюць і, не пабаюся такога сказаць, уразнастайваюць нашае сённяшнее жыццё…