Воскресенье, 5 июля
  • Погода в Гродно
  • 16
  • EUR2,7311
  • USD2,4214
  • RUB (100)3,4359
TOP
Фото из архива

Пасхальнае віншаванне высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

Хрыстос уваскрэс!

Дарагія браты і сёстры, шчыра віншую вас з Пасхай Гасподняй — Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем, якое, як кажа нам пра гэта Святая Царква, ёсць «свята са святаў» і «ўрачыстасць з урачыстасцяў»! Міласцю Божай мы дасягнулі гэтага сапраўды Вялікага дня.

Праходзячы разам з Царквой праз ачышчальны час Вялікага посту і падзеі Страстнога тыдня, у пасхальную ноч з благагавеннем мы набліжаемся да раскрытай магілы Хрыста — і бачым яе пустою. Са старонак Евангелля чуем мы словы вястуноў Божых — святых ангелаў, якія абвяшчаюць нам перамогу Жыцця над смерцю: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут, Ён уваскрэс» (Лк. 24:5-6). Уваскрасенне Хрыстова напаўняе наша жыццё сэнсам, дае веру ў будучыню.

Сёлета перадпасхальны перыяд вызначаецца глабальным выклікам чалавецтву: распаўсюджаннем у сусветным маштабе згубнай пошасці — каронавіруснай інфекцыі, з’яўленне якой мы разглядаем як выпрабаванне нашай веры, нашай чалавечай годнасці. Але часы гісторыі нашай заўсёды былі складаныя: складаныя былі яны і тады, калі Збавіцель хадзіў па гэтай зямлі як уцеляснёны Богачалавек, і ў наступныя пасля гэтага стагоддзі былі войны, былі страшныя эпідэміі, быў голад, былі няшчасныя хворыя, былі старыя і нямоглыя. Людзям было страшна, людзям было складана, і ўсе яны ўсклікалі да Госпада, каб Ён пачуў іх і дапамог ім. Усё гэта было, і людзі спадзяваліся толькі на Бога.

Калі мы ад усёй сваёй душы шчыра звяртаемся да Бога з жаданнем пазбавіцца таго ці іншага няшчасця і шлях гэты праходзім да канца, мы атрымліваем нешта большае — радасць адзінства з Богам, нягледзячы ні на кога і ні на што. Вось чаму так важна было Хрысту паспець да Сваёй крыжовай смерці данесці да апосталаў гэту самую галоўную ісціну: адзінства з Богам — гэта шчасце, далучанасць да Бога — гэта радасць, дачыненні з Богам — гэта вырашэнне ўсіх нашых праблемаў, якімі б невырашальнымі ні здаваліся яны нам. Але для гэтага трэба прыйсці да Бога бескарысліва і з чыстым сэрцам. Для гэтага трэба перамяніцца, аднавіцца, адрадзіцца духоўна.

Віншую ўсіх вас са святам Святой Пасхі Хрыстовай і малітоўна жадаю вам і вашым блізкім светлай пасхальнай радасці, усёпераможнай надзеі, моцы душэўных і цялесных сіл!

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі

Самое читаемое

Разное