Пра аптымізм, мышыны хвост i рублi

Перадапошні тыдзень года, Мінск, пятніца, канец працоўнага дня, на прыпынках поўна чыноўнага і офіснага люду, чакаючага свайго транспарту, каб заехаць дахаты.Усе маўчаць, ніхто ні з кім не размаўляе, кожны сам па сабе, ізаляваны, як атам…

Насупленыя суворыя твары, быццам бы на ўсіх адначасова звалілася нейкае агульнае вялікае гора…

Да таго ж няма сьнегу, шэры дзень бэз сонца, карацейшы за мышыны хвост, нізка плывучыя аблокі, адным словам, нібы даўно ўжо не восень, але яшчэ і не зіма.

Ну добра — выпадзе сьнег, стане на момант весялей, але потым пачнуцца традыцыйныя праблемы: пасыпкі пяском і сольлю, неадлучныя калюгі, спазненнні транспарту, маразы з марозікамі, старыя акамулятары. Аднойчы пакажацца на пяць хвілінаў даўгачаканае сонца, каб потым на тры тыдні сыйсці. Адным словам, нічога новага. А людзі на прыпынках як былі, так і застануцца насупленымі, суворымі, маўклівымі…

А чаму? За што ім так? Нібы ж яны спраўна выконваюць свае працоўныя і грамадзянскія абавязкі, дабрасумленна ходзяць на працу і з яе, галасуюць як трэба і за каго трэба, а шчасьця нешта не назіраецца ў бліжэйшай перспектыве.

Што чалавека сярэднестатыстычнага можа прывесці ў радасны стан у канцы года? Трынаццатая зарплата, прэмія, шэляшчэнне банкнотаў у кішэні цi грашовы перавод ад цёткі з Канады? Ёсць многа спосабаў задаволіць і падняць настрой. Калі гэтага няма, можна проста выступіць па тэлевізары і нешта ім наабяцаць з радаснай усьмешкай на твары. Чалавеку мала трэба: жытло, добрая штомесячная заработная плата і перспектывы на будучыню!

І ён табе будзе ад восьмае да васемнаццатае гадзіны рабіць, як дзікі асёл! Пры любой уладзе пры дэмакратах, пры дыктатуры, пры народных сацыялістах, пры Ірадзе і пры Цэзары. Просты чалавек не вельмі разбіраецца ў выгібах і меандрах высокай палітыкі, яго больш цікавіць уласная сям’я, жонка і дзеці, шэсць сотак зямлі, кот ці сабака, рыбкі ў акварыуме. Але калі няма на што нават корму рыбкам купіць — тут ужо пачынаецца зусім іншая гісторыя…

Здэцца, што можа быць прасцей — даць людзям працу за дастойныя грошы, каб хапала на сям’ю, на ката і на рыбак. Тады на прыпынках у пятніцу грамадзяне будуць жыццярадасна абмяркоўваць адныя з другімі, куды яны паедуць у суботу і нядзелю, на якія шашлыкі ці на экскурсію ў Нясьвіж. Сьмяяцца, узаемна запрашацца на піва альбо на шклянку гарэлкі з бутэрбродам. І будзе няважна, сьвеціць сонца на небе, ці паўзуць па ім шэрыя гадкія хмары — нішто так не дае веры ў сябе, як якія пару соцен рублёў у партманетцы ці на банкаўскай картачцы.

Калі ж уладу трымаючыя не могуць даць людзям нейкага мінімальнага стабілізму, то пачынаюць апраўдваць сваю палітычна-эканамічную імпатэнцыю рознымі прычынамі: то глабальнае пацяпленне, то Грэта Тунберг, то санкцыі з Захаду, то пагроза незалежнасці з усіх бакоў, то панос, то залатуха…

І сыплюцца з тэлеэкрана Філіпса альбо LG розныя неверагодныя гісторыі пра ворагаў і прыбітых да дошкі аб’яваў хлопчыкаў пяцігадовага ўзросту, нацыянал-фашыстаў і жыдабандэраўцаў, праплочаную апазіцыю і добрага Сталіна, як быццам бы нехта з іх бачыў і гэтых хлопчыкаў, і ведамасць на атрыманне грошай з подпісамі апазіцыянераў, і добрага Сталіна!

І праводзяцца ў гарадах, каб просты народ не згубіў рэшткаў аптымізму. Усім абрыдлыя і непатрэбныя вясковыя сьвяты: іх многа, і яны аднаполыя, і усё з гармонікамі, з лапцямі, з падвізгваннямі, з Дзедмарозамі і Зюзямі.

ЧАЛАВЕКА ТА З ВЁСКІ ВЫГНАЦЬ МОЖНА, А ВОСЬ ВЁСКУ З ЧАЛАВЕКА—НІКОЛІ!

З надыходзячым Новым Годам усіх! Беражыце здароўе, мяркую, што ў наступным годзе яно вам вельмі будзе прыдатнае!

Трымайцеся!!!