Пятница, 23 августа
  • Погода в Гродно
  • 12
  • EUR2,2794
  • USD2,0546
  • RUB (100)3,1313
TOP

Мая Грузія…

Як ўжо Грузія першы раз возьме цябе за руку, то не адпусціць ніколі, і, мабыць, да самае сьмерці. Так раўнівая дзяўчына не адпускае легкадумнага свайго юнака ані на крок ад сябе…

Але пачнем з самага пачатку — з Мінскага аэрапорта. Маладзенькая кабета, прапаршчык памежнай службы, гартаючы твой пашпарт і ставячы там пячатку, раптам какетліва задае нетыповае пытанне:

— Цель вашей поездки?

І сама ж падказвае:

— Корпоратив?

А на пытанне “Адкуль вы ведаеце?” адказвае:

— Тут перед вами двадцать человек строителей туда же направляются! Счастливого пути!

Тбіліскі аэрапорт асабліва актыўны ўначы, і, выпадкова перасёкшыся з дзьвума сімпатычнымі турысткамі бальзакаўскага ўзросту з Варшавы, чуеш ад іх прызнанне: “Каб мы пабылі тут яшчэ два тыдні, то засталіся б назаўсёды”.

Яны падарожнічалі па Кахетыі і былі проста зачараваныя непрымушанай шчырай гасціннасцю простага кахецінскага люду, чырвоным віном і кухняю…

У залі прылётаў перакрыжаваліся Азія і Еўропа — выходзяць і ўваходзяць у залу худэнькія паджарыя малакаліберныя еўрапейцы з велізарнымі заплечнікамі, насустрач ім ганарова плывуць мо туркі, а мо мараканцы. Сярод іх — дуэт цемнаскурых ці то іракцаў, ці то саўдытаў: яна — статная, прыгожалікая, цемнавокая, ахінутая з галавы да пятаў у нейкую чорную празрыстую шалю-сукенку, такую празрыстую, што відаць татуіроўкі на целе, залатыя пярсцёнкі на руках і вымаляваныя ружовым лакам неверагодна доўгія пазурчыкі, і ён — ну так сабе, нічога асаблівага, харошы муж пры прыгожай жонцы. Усё катлуе, віруе, мяшаецца: сустракаючыя трымаюць у руках паперкі фармату А4 з прозьвішчам таго, каго яны чакаюць, прылётныя кідаюцца на шыю сваякам-тубыльцам, прыбышы мяняюць грошы у банкаўскіх канторках, таксісты рвуць кліентаў на кавалкі — стаіць крык, гвалт і шухер неверагодна высокага узроўню!

Цяжка паверыць, што на гадзінніку  тры гадзіны глыбокае ночы.

Ты можаш жыць і ў “Рэдысане” у цэнтры, на правым беразе Куры, можаш — на левым, у “Копале”, можаш крыху далей, на слыннай Львоўскай вуліцы, у гатэльчыку пад назваю “Торына,” як твае сябры ці заказчыкі вырашылі.

Але усюды будзе добра. І калі на сьнеданні п’еш сапраўдны грузінскі ЧАЙ чырвонага колеру і цікавага смаку, то успамінаеш далёкае дзяцінства…

Ранак наступнага дня. Цэнтр. Плошча Свабоды, колішні Эрыванскі пляц.

Манумент Свабоды

Па цэнтры з ранку бегае (менавіта бегае, а не ходзіць) мясцовая пазітыўная вар’ятка, бесклапотлівая і абкураная. Па-мойму, яе завуць Наташа. Што ты прыездны, бачна адразу, таму яна падлятае да цябе і, заглядаючы ў вочы, пачынае ласкава прасіць па-расейску з грузінскім акцэнтам: “Слюшай, дай мне немношка дэнег, а?”

На адказ, што у цябе няма наяўных грошай, а толькі банкаўская картка, яна рэзонна заўважае: “Так чіво? Пайдзём к банкамату, снімеш!”

Праспект Шата Руставелі — самая прыгожая вуліца ў сьвеце. Кожны раз, калі я стаўлю там першы крок, я літаральна крычу ўголас ад захаплення. Я не магу нагледзецца ні на высокія велічныя старыя зялёныя дрэвы, ні на ажурныя, нібы шыдэлкам зробленыя будынкі тэатраў, опернага і драматычнага, ні на густоўныя праваслаўныя храмы.

Бачыць, гэта трэба бачыць….

Я іду павольна, наколькі можна, і кручу галавою то ўлева, то ўправа, і чым далей, тым каляровей і разнастайней робіцца праспект!

Даходжу да выдатнага помніка паэту Шата Руставелі…

Да мяне набліжаецца чарговая тбіліская Наташа і бездакорліваю ангельскаю моваю просіць грошай. Пранонс у яе сапраўды патрэсны…

Жыхары Тбілісі — людзі нязлосныя, гумарлівыя, дабрадушныя, жартуюць на кожным кроку, прычым разумеюць і адчуваюць расейскую мову лепш за самых расейцаў…

Стаю ў краме, а прадаўшчыцы няма й няма. Нарэшце нетаропка прысоўваецца кабета добра ў гадах. Пытаюся яе: “Простите, вы работаете?”

Яна какетліва ў адказ: “Ви что имеете в виду? Что я такая старая, а ещё работаю, или что магазин работает?”

І такіх сітуацыяў на кожным кроку — сотні! Калі вы трапіце ў сусьветна вядомую краму Vinomania на былой вуліцы Лесэлідзэ, то выйдзеце адтуль не толькі загружаныя віном, каньяком, ткемалі ды аджыкаю, а яшчэ добра нападпітку — гаспадары запрашаюць пакаштаваць амаль усё, што ліецца і булькае, пры гэтым суправаджаючы кожны кілішак дакладнай характарыстыкай, што гэта, дзе зроблена і чым яно слыннае: “Вот эта нэвэраятнае выно! Ано называется “Бэзымяннае”…”

Пры каталіцкім касцёле абавязкова пагаворыце з мясцовай парафіянкай, праўнучкай паўстанцаў 1863 года, па маці грузінкай, па бацьку полькай, і з расейскай перойдзеце паступова на польскую, прычым яна, парафіянка, будзе гаварыць па-польску з неверагодным прыгожым грузінскім акцэнтам.

Галоўны кухар рэстарана чэскай кухні — напалову чэх, напалову паляк, высокі і плячысты — варыянт Жыжкі і Заглобы адначасова. І мала таго што у ягоным рэстаране такія агромныя порцыі, што не з’ясі, дык ён яшчэ сам выходзіць у залу абслугоўваць гасцей і камандуе афіцыянтам па-грузінску, што куды і калі нясці.

…У парфумернай краме абавязкова будзе працаваць дзяўчына, якая калісь вучылася ў нашым Гродзенскім медуніверсітэце і захавала пра горад найлепшыя ўспаміны…

Магіла маці Сталіна

Парламент

А напрыканцы твой чарговы знаёмы распавядзе адну з самых вясёлых тбіліскіх гісторыяў. Насупраць колішняга гатэля “Інтурыст” паставілі калісь бронзавага голага мужчыну, а самае інтымнае месца прыкрылі не фігавым лістком, як Адаму ў Раі, а кляновым. Аднойчы ў гатэль засяліліся канадскія спартсмэны. Выйшаўшы з ранку з гатэля і убачыўшы свой нацыянальны сімвал на такім месцы, канадцы былі настолькі абураныя, абражаныя і зшакаваныя, што пабеглі ў рэцэпцыю і хацелі высяліцца… Але грузіны залагодзілі справу віном і хінкалі…

Самалёт вылятае ўначы, а ўвечары твой сябра Міха, вінароб і экскурсавод у адной асобе, прынясе ў падарунак дзве бутэлькі свайго віна, адна з іх, з назваю “Ціцка Цолікаурі”, “разліта спецыялна для Віктара Шалкевіча. З Грузіі ад Міха. Белае сухое. 2019”.

Пяць літраў алкаголю ў багажы — перабор. Заплачу штраф у Мінску. Але хай так і будзе!

Вы думаеце, што ў Грузіі няма праблемаў? Няма бедных і багатых? Там усё ёсць, як і ў кожнай нармальнай краіне. Проста я туды ўжо некалькі разоў лётаў не палітычным аглядальнікам, а турыстам, і бачыў адно толькі добрае.

І таму раю усім: не глядзіце тэлебачанне, якое палохае вас крыважэрнай Грузіей, нацыялістычна настроенымі грузінамі і рэкамі крыві перад будынкам парламенту.

Сядзьце у самалёт у Мінску ці ў Варшаве — і наперад! Лепш раз убачыць…

І Грузія не адпусціць вас ад сябе ўжо ніколі.

Самое читаемое

Разное