Вторник, 18 июня
  • Погода в Гродно
  • 15
  • EUR2,3119
  • USD2,062
  • RUB (100)3,2085
TOP

Пра самых юных і шчырых гледачоў

Калі вясною сыходзіць сьнег і пачынаюць прабівацца да сонца з глебы першыя зялёныя парасткі, то ўсе яны бэз выключэння выглядаюць міла і прыгожа. Няважна, што праз некаторы час адныя з іх ператворацца ў крапіву, другія — ў чартапалох, трэція — ў пырэй ці ў лапух, а чацьвёртыя — ў вераніку дубраўную.

Важна, што яны з’явіліся, што яны сапраўды ёсць!

Дзеці — гэта нашае ўсё! Дзеці ўсе без выключэння таксама выглядаюць міла і прыгожа, і кожнае іх слова, кожнае дзеянне выклікаюць захапленне ў дарослых, як бацькоў, так і проста выпадковых сьведкаў.

Вось дзеткі сядзяць у глядзельнай зале лялечнага тэатра і ўважліва назіраюць за перыпетыямі, якія адбываюцца на сцэне, а дакладней, на шырме. А там Кот-шкоднік, баючыся, што гаспадары зладзяць яму добрую лазьню, падмануў усіх сваіх таварышаў: Сабаку, Барана, Пеўня і завёў іх у лес.

А там холад, голад і зіма. Ліса з Ваўком пачынаюць строіць інтрыгі з мэтаю, як бы гэтым дабром пажывіцца, а дзеткі вераць, дзеткі перажываюць, дзеткі адныя галасьней за другіх папярэджваюць Пеўніка, каб не верыў Лісе і не лез да яе ў мех.

Ці каб Баран не сядаў Ваўку на сьпіну і не ехаў вучыць нейкіх ягоных Зубасціка і Клыкасціка, як правільна брыкацца і бадацца…

Дзеткі хорам крычаць Ваўку: «Ты дурань!» Дзеткі радуюцца, што Гаспадар нарэшце знайшоў уцекачоў і завёў іх дахаты!

Дзеткі спачуваюць Івану-Царэвічу, Васілісе Прыгожай, Дзюймовачцы і Кату ў ботах. Дзеткі, трапіўшы за тэатральныя кулісы, першым чынам (асабліва маленькія чуллівыя дзяўчаткі) абдымаюць і цалуюць прыгожую ляльку Прынца, потым хапаюцца за ўсё, што можна ўхапіць рукамі, і гуляюць, і захапляюцца гэтым, пакуль суровы памочнік рэжысёра не выключыць на сцэне сьвятло і не запрапануе ўсім збірацца дахаты.

Дзеці — неверагодна разумныя істоты.Так на папрок бацькі: «Што ты ўвесь час спатыкаешся?» чатырохгадовая дзяўчынка падумае ды адкажа: «А Ісус Хрыстос таксама спатыкаўся…»

Аніякі дарослы, нават абцяжараны пасадамі ці званнямі дацэнт альбо прафесар, не змог бы так аргументавана ды абгрунтавана, хутка адказаць … А вось яна змагла…І адказала!!!

Дзеці – мілыя, прыемныя, вясёлыя, харошыя…

Эпітэтаў, метафар ды параўнанняў просіцца неверагодная колькасць.

Незразумела толькі адно — чаму з іх (не са ўсіх, канешна) потым вырастаюць тупыя і п’янаватыя мужы, сварлівыя жонкі, вечна незадаволеныя цешчы, зладзеі, забойцы, крыўдзіцелі і ўвогуле ніякія людзі?

Калісьці ўсё так добра пачыналася…

Самое читаемое

Разное