Воскресенье, 21 июля
  • Погода в Гродно
  • 22
  • EUR2,28
  • USD2,0255
  • RUB (100)3,215
TOP

Віктар Шалкевіч пра 1 красавіка, Кавалерыйскі рынак у Беластоку, паліцыю і аўтамат

Фото: uaua.info

Сьмяюцца сёння ўсе і ўсюды, і амаль над усім, бо нібы ёсць з чаго

І вось тысячы працаўнікоў сьмехавога цэху, Петрасяны і кампанія, пацяшаюцца ды выгінаюцца ў канвульсіях на розных сцэнах, экранах ды хвалях, стараючыся пераўзыйсці адзін другога, аператары выхопліваюць з агульнай масы гледачоў і паказваюць у зале людзей, якія проста ну канчаюцца ад рогату і гатовыя тут жа памерці, гукарэжысёры падкладаюць бурныя апладысменты, запісаныя яшчэ ці не на дваццаць чацьвёртым з’ездзе КПСС — «карцінка» выходзіць аж такі проста ідэальная, і такое ўражанне складаецца, быццам бы народ, каторы ў зале сядзіць — самы вясёлы ды жыццялюбны на гэнай планеце.

Толькі ж жыццё, у адрозненні ад тэлеперадачы ці канцэрта, не парэжаш на кавалкі і не склеіш, ці змантуеш па новай, жыццё жыве па сваіх, немантуемых і непарэзаных законах.

Таму людзі выглядаюць такімі невясёлымі з ранку і змучанымі ўвечары, неяк нішто іх не радуе, нават надыходзячы Prima aprillis — першае красавіка, альбо Дзень Дурня, як яго называюць.

Яшчэ ў старажытным Рыме ягоныя жыхары, каторыя гэнае сьвята выдумалі, узялі манеру пацяшацца над сваякамі і суседзямі, творачы над імі розныя жарты, сьмехі і падманы. Як гэта было — толькі хронікі ведаюць.

Асабіста я магу распавесці вельмі ж неверагодную гісторыю, якая адбылася з маім добрым знаёмым і якраз першага красавіка.

Паехаў ён у слаўны горад Беласток на базар, што на Кавалерыйскай, закупіўся розным таварам. Быў у яго шасьцігаловы сын, і сын папрасіў: «Тата, прывязі мне аўтамат, які страляе!»

Пахадзіў знаёмы па базары і знайшоў кітайскую копію аўтамата АК-адзін да аднаго, толькі копія страляла маленькімі пластыкавымі патрончыкамі. Заплаціў, узяў і пайшоў начаваць на кватэру, якую напярэдадні замовіў на booking.com.

Пад’еў, выпіў піва і гарэлкі, пасядзеў на лавачцы на ганачку, а паколькі сьветла было і відно, вырашыў яшчэ раз паглядзець на падарунак сыну — тут жа, на лавачцы…

Прынёс аўтамат, выняў са скрынкі, агледзеў, і пачаў пакаваць кулькі ў ражок, самому было цікава…

Не заўважыў толькі таго, што сусед з хаты на супрацьлеглым баку вуліцы, старэйшы векам чалавек, убачыўшы, што ён робіць, хуценька пабег у хату.

Можаце сабе ўявіць, што адбылося літаральна праз палову гадзіны? Мой знаёмы мірна сабе пасопваў у дзве дзюркі, калі ў дзверы пачалі ламацца плячыстыя, адпаведна апранутыя хлопцы, а хата скрозь была абкружаная спецыяльным аддзелам паліцыі.

Яго, калі ён адчыніў дзьверы, тут жа скруцілі і палажылі на падлогу!!!

Гвалту і енку было немерана, але яшчэ больш было гвалту, енку, і, падкрэсьліваю, рогату, калі паліцыянты ўбачылі, што гэта за аўтамат…

Ніхто ні ў чым іх не вінаваціў — яны прыехалі па трывозе, таму што пазваніў дзядок-сусед і данёс, што у доме насупраць нейкі Ruski зьбірае сапраўдны аўтамат Калашнікава, відаць, рыхтуецца пайсці на разбой!

Дзядок са свайго боку паступіў нібы таксама правільна. Не мог жа ён падыйсці бліжэй і пацікавіцца: «А со Раn robi»?

Адным словам, камедыя — гэта трагедыя, калі яна адбываецца з іншым чалавекам… Мой знаёмы, калі ў чарговы раз распавядае нам гэтую гісторыю, сьмяецца, але мы можам толькі здагадвацца, што ён перажыў у той вечар першага красавіка!

Так што калі будзеце купляць дзецям цацкі, то прыпамінайце сабе гэтую гісторыю…

І, маю надзею, калі першага красавіка цана на паліва падскочыць на капейку, дык гэта ўсімі будзе ўспрынята як жарт?

Самое читаемое

Разное