Пасланне да свята Нараджэння Хрыстова высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага

Нараджэнне Хрыстова дапамагае адчуць і асэнсаваць набліжанасць да нас Бога, Які стаў чалавекам, і праз гэта асэнсаванне рэальна адчуць, што няма больш адзіноты, спустошанасці жыцця, бо Сам Бог напаўняе кожнае імгненне Сваёй прысутнасцю.

Дарагія браты і сёстры!

Нараджэнне Хрыстова — гэта свята радасці, святло якога асаблівым чынам адлюстроўваецца ў нашых сэрцах. Сказана ў Слове Божым: чыстыя сэрцам Бога ўбачаць (Мф. 5:8). У гэтых словах пра чыстае сэрца сцвярджаецца факт і адначасова ўтрымліваецца зварот, заклік да кожнага з нас захоўваць чысціню душы. Без гэтай чысціні, без унутранай праўды не толькі цяжка ўбачыць Бога ў мітусні паўсядзеннага жыцця, але нельга і набыць так неабходную кожнаму кропку апоры ў жыцці.

Нараджэнне Хрыстова дапамагае адчуць і асэнсаваць набліжанасць да нас Бога, Які стаў чалавекам, і праз гэта асэнсаванне рэальна адчуць, што няма больш адзіноты, спустошанасці жыцця, бо Сам Бог напаўняе кожнае імгненне Сваёй прысутнасцю.

Час, калі Збавіцель прыйшоў на зямлю, не быў ні спакойным, ні простым, але Ён прынёс людзям такі мір, якога нельга было дасягнуць чалавечымі намаганнямі. Гэта мір з Богам, мір з сумленнем, мір з іншымі людзьмі.

Свята Нараджэння Хрыстова традыцыйна збірае сем’і разам. Гэта выдатная традыцыя, якая служыць усім нам напамінам пра тое, што ёсць галоўнае ў чалавечым жыцці. Падобна да таго, як у Царкве праз далучэнне да Бога ў Таінствах пераадольваецца чалавечая адзінота, самотнасць і абмежаванасць, а душа саграваецца і насычаецца благадаццю Духа Святога, так і ў сям’і сярод родных і блізкіх чалавек знаходзіць мір і спакой, сілы і натхненне жыць. Сям’я, у якой пануюць мір і любоў, гэта своеасаблівая кропка ўваходу ў Царства Божае, гэта дамашняя Царква, як яе называе Святое Пісанне.

Сёння час няпросты, але нам ёсць у Каго шукаць дапамогі і заступлення. Няхай нованароджанае Богадзіцятка Іісус прынясе на зямлю Свой мір і благаславенне, і няхай бязмежная міласць Яго напаўняе нашы сем’і, дамы, гарады і вёскі! Са святам, дарагія мае! З Нараджэннем Хрыстовым!