«Я не адчуваю свайго ўзроста»: чаму пенсіянеры зноў ідуць вучыцца?

Сталыя людзі засвойваюць камп’ютар, вучаць замежныя мовы, шукаюць сваіх продкаў, дапамагаюць бяздомным людзям і бадзяжным жывёлам. Навошта яны ідуць вучыцца пасля выхаду на пенсію, расказалі студэнты Універсітэта Залатога Века ў Гродне.

Адкрыла для сябе новы свет — камп’ютар

Людміле Быльскай 78 год, навучаецца ва Універсітэце Залатога Веку 9 год. Раней працавала інжынерам-тэхнолагам

На курсах адкрыла для сябе новы свет — камп’ютар. Цяпер перапісваецца з сябрамі, звоніць ім па Skype.

— Унучкі ў Ізраілі, унук у Амерыцы. А як бы з імі злучылася? Я ж  раней нават не ўмела ўключаць камп’ютар.

Другое асягненне — вывучыла за два гады польскую мову.

— Мы ўсе нібы па-польску разумеем і размаўляем, але я чытаць не ўмела, нават алфавіт не ведала. Цяпер магу прачытаць у краме склад польскіх прадуктаў. Некалькі разоў ездзілі ў Польшчу. Найбольш запомніліся паездкі ў Кракаў, Варшаву, наведванне балета ў Беластоку. Мяне здзівіла, што 200 чалавек танчаць, і ніякіх хібаў у рухах, усё чыста.

Захапіў літаратурны курс пісьменніцы і паэткі Алы Петрушкевіч.

— Яна нам столькі дала пра беларускіх паэтаў і празаікаў. Столькі правяла па музеях. Я б сама столькі не прайшла. Мы ездзілі ў Гудзевічы, у Мількаўшчыну на радзіму Ажэшкі. Гэта проста як адкрыццё свету! Яна настолькі захопленая Беларуссю і нашымі паэтамі. Прыводзіла да нас Дануту Бічэль. Паэтка сядзела такая шчаслівая, расквітнела. Сказала, што нідзе яе так добра не прымалі, як нашыя студэнты.

Кожны год спадарыня Людміла вывучае па 3-4 прадметы. На экалагічным курсе яна даведалася, як выбіраць касметыку, глядзіць, каб «Е» у прадуктах было не больш за тры, каб тэрмін прыдатнасці быў кароткі, каб у дэзадарантах не было алюмінія, тады не будзе жоўтых плямаў на адзенні. Пасля заканчэння заняткаў па агародніцтве іх група дагэтуль сустракаецца, абмяркоўвае земляныя працы, дзеліцца адзін адным саджанцамі.

Але студэнты не толькі бяруць нешта для сябе, але і дапамагаюць іншымі.

У спісе добрых спраў — добраўпарадкаванне надмагілляў вядомых паэтаў і закінутых надмагілляў. Пасадзілі алею ў заапарку.

— УЗВ дае нам жыццё, зарад, ад якога хочацца жыць. Вось я ранкам успахала кавалак зямлі, пасля паехала на раду УЗВ. Я не адчуваю свайго ўзросту. Дзякуй Лане і Вітаўту, што ўкладаюць у нас сілы, каб нам было добра.

Стварыла з нуля курс «Наш радавод»

Любові Зорынай 68 год. Восем год займаецца ў УЗВ. Мастацтвазнаўца

— УЗВ — гэта самае галоўнае, чым я цяпер жыву. Я засталася адна, дзеці, унукі раз’ехаліся. Я вельмі цешуся, што неяк магу дапамагчы сабе і іншым. Магу падзяліцца ведамі. Сама магу даведацца нешта новае і камунікаваць з вельмі цікавымі людзьмі.

Спадарыня Любоў ва УЗВ і слухачка, і выкладчыца. Стварыла з нуля і выкладае ўнікальны курс «Наш радавод», якога няма ва ўніверсітэтах. Пакуль рыхтавала курс, даведалася шмат новага. Занялася вывучэннем свайго роду, зрабіла цікавыя адкрыцці.

— Былі свае цяжкасці, бо на тэрыторыі Савецкага Саюза, хіба што, не было сям’і, якую бы не закранулі рэпрэсіі. Першыя продкі з боку майго бацькі прыехалі ў Расію ў 1809 годзе з тэрыторыі Варшаўскага герцагства з Вюртэнберга. Я чула ў дзяцінстве расказы. Гэта было адно, і няпэўна. А калі трымаеш дакументы ў руках, чытаеш спіс каланістаў, куды яны прыехалі, — гэта зусім іншае. Цешуся, калі студэнтам падабаюцца лекцыі, калі чую добрыя водгукі.

Самае цікавае для яе — курсы беларускай мовы.

—  Канешне, я чытала па-беларуску, разумела, але жывой камунікацыі не было, ніколі не знаходзілася ў беларускамоўным асяроддзі.

Спадарыня Любоў мяркуе, што варта прыйсці ва УЗВ, каб распачаць новую старонку жыцця.

— Усе перажывані пра дзяцей, кар’еру адыходзяць на другі план. І можна заняцца тым, што хочацца. Прыемна бачыць у студэнтаў таланты, аб якіх яны раней не ведалі. Гэта магчымасць даведацца пра сябе з іншага боку, падзяліцца ведамі, перажываннямі з людзьмі, якія мяне разумеюць, суперажываюць разам са мной. Думаю, што тады жыццё напаўняецца.

«Гэта маё трэцяе жыццё»

Тамары Паўловіч 65 год. Ва УЗВ — чацвёрты год. Працавала геолагам у праектным інстытуце

— Гэта маё трэцяе жыццё, пасля юнацтва і дарослага працоўнага жыцця. УЗВ мяне выратаваў. Я сыйшла з працы ў 63 гады. Усе ідуць на працу, а ў мяне яшчэ і рукі, і ногі, і веды ёсць, а я сяджу дома. Лецішча ёсць, але гэта не той інтарэс. Сястра ўбачыла абвестку ў газеце, і так я прыйшла.

Вывучыла на занятках польскую мову, хоць дагэтуль не ведала ніводнай літары.

— Мне было так прыемна, што ў Варшаве сама пытаюся, дзе тут прадуктовая крама.

Пайшлі з мужам на курс па даследванні радавода, хоць раней спрабавалі самі знайсці звесткі аб продках.

— Любоў Зорына — цудоўны чалавек. Гэтае даследванне — нашая яшчэ адна праца. Мы настолькі ўвайшлі ў вывучэнне рода, што хадзілі ў архівы. Дома пісалі ўспаміны пра сваіх бацькоў, дзядоў, выступалі з імі. Яны ўжо выкладзеныя ў інтэрнэце.

Па меркаванні спадарыні Тамары, самае галоўнае ва ўніверсітэце — гэта камунікацыя, сустрэча з людзьмі.

— Тут знаходзіш сяброў. Пасля працы некаторыя сябры губляюцца. А мы з іншай студэнткай Эльвірай на занятках па польскай мове зразумелі, што я ў яе бурыла скважыну. У нас дачы побач. Цяпер прыязджаем, дапамагаем адна адной. Я ў іх сажалцы рыбу лавіла, запрашалі яшчэ. Мы цяпер з ёй па фэйсбуку камунікуем. Яна мне кажа ўчора выраз па-габрэйску «осім хаім» — гэта значыць «атрымліваем асалоду ад жыцця».

«Пасля ўсе родныя-родныя становяцца»

Міраславу Паўловічу 66 год. Ва УЗВ прыйшоў следам за жонкай, займаецца ўжо трэці год. Раней працаваў геолагам у праектным інстытуце

—  Я хаджу не дзеля жонкі (усміхаецца). Мы нават сядаем у розных кутах. Наведваем розныя курсы.

Спадар Міраслаў абраў для сябе польскую, англійскую, беларускую мову. Слухаў курсы краезнаўцы Віктара Кірэева «Падарожжы ў часе і прасторы» пра гісторыю Гродна і курс па гісторыі Беларусі, Польшчы, Украіны.

— Я і 20 адсоткаў таго не ведаў, што даведаўся. Шмат ходзім на экскурсіі. Вывучаем тое, што не давучылі ў школе. Прыйшоў на курсы беларускай мовы «Мова нанова». Мой бацька ўсё жыццё працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Я да яго прыязджаю на вёску, кажу, што адраджаецца мова, ён шчаслівы.

Яго маці выкладала англійскую мову, а сын не давучыў. Пасля заняткаў ва УЗВ спадар Міраслаў нават размаўляў па скайпе з сябрамі з Англіі з гуртка аматараў Беларусі, якія цікавяцца гісторыяй, геаграфіяй Беларусі. Летась яны прыязджалі ў Беларусь.

— Тут добрыя людзі. Мы сустракаемся, абдымаеся. Сустрэнемся дзе ў горадзе, і ўсе як свае блізкія, родныя. Усе роўныя: і выкладчыкі, і студэнты, якія раней займалі розныя пасады. На працы такога не было. Не ведаю, што б рабіў без УЗВ. На дачы, можа, сядзеў бы. Я без працы не магу. Зараз і часу на ўсё не хапае.

Спадар Міраслаў цяпер чытае ў арыгінале «Пан Граба» Элізы Ажэшкі.

— Як прыйшоў на першыя заняткі па польскай мове, выкладчыца кажа, напішыце сваё прозвішча. А я напісаў як па-англійску. Там жа «ч» і «ш» па-рознаму пішацца.

Мужчына мяркуе, што курсаў хапае на розны густ. Ёсць заняткі для паляўнічых і рыбаловаў.

— Мужчынам тут добра. Увогуле людзі, якія застаюцца адныя, хутка сыходзяць. Таму варта сюды прыходзіць. Можна спачатку саромецца, хвалявацца, але так толькі першы раз. Пасля ўсе родныя-родныя становяцца.

«Сілы самі з’яўвяцца»

Ларысе Кіркевіч 65 год. Яна ўдзельнічае ў жыцці УЗВ 9 год, узначальвае раду УЗВ, займаецца рознымі праектамі

— Універсітэт не для ўсіх. Тыя, хто прызвычаіліся вучыцца, імкнуцца да развіцця, да пазнання, прыйдуць сюды. А сілы самі з’яўвяцца. Тут можна весці актыўнае жыццё, быць запатрабаваным, аддаваць нешта адно аднаму, камунікаваць. Важна, што мы захоўваем рэлігійную і палітычную нейтральнасць.

Студэнты прыбіралі лесапарк каля «азотаўскай» бальніцы і тэрыторыю каля царквы Усіх Беларускіх Святых. Наведвалі некалькі разоў выхаванцаў дома-інтэрната ў Мураванцы.

— Прывозілі канцэрты. Накрывалі салодкі стол, набывалі памперсы, дарылі цацкі. Рабілі для іх анёлкаў, падпісвалі паштоўкі на Каляды і Вялікдзень. Яны былі вельмі задаволеныя.

Супрацоўнічаюць з дзіцячым хоспісам. Прадаюць на вольных кірмашах свае вырабы або ўжываныя рэчы і перадаюць грошы дзяцям. Збіралі рэчы для бяздомных. Адвозілі корм і коўдры для жывёл з прытулку «Адданае сэрца».

У апошні час з’явілася больш курсаў, дзе пенсіянеры займаюцца спортам, фізічным развіццём.

За апошні навучальны год хор сталых людзей «Узвышша» пад кіраўніцтвам нязменнай Веры Кунцэвіч удзельнічаў у трох міжнародных фестывалях.

— Мы з фальклорнай праграмай былі ў Марыямпалі і двойчы ў Вільні. Выступалі на Віленскай тэлевежы. Нас прывітаў прэм’ер-міністр Літвы. Нам прыгатавалі і выкацілі велізарны торт. Усе слухачы хацелі з намі сфатаграфавацца, пастаяць з намі, такімі прыгожымі, у строях.

На сустрэчах «жывой бібліятэкі» студэнты выступаюць у ролі кнігі, расказваюць пра сваё жыццё, а іншыя распытваюць. У такія колы прыходзяць таксама маладыя цікавыя людзі, напрыклад веганы, крышнаіты.

— Мы даведваліся пра тое, што нас ніколі не датычылася. Мы перадаем досвед моладзі, а яна — нам.

Даведка «ВГ»

Гродзенскі УЗВ — першы ўніверсітэт у Беларусі для сталых людзей. Ён стаўся добрым стартам для падобных праектаў. Універсітэты для пенсіянераў ужо працуюць у Брэсце, Мінску, Кобрыне.

Студэнты самі выбіраюць, чаму будуць вучыцца. Можна абраць адзін прадмет, а можна шчыльна скласці план на ўвесь тыдзень. У агульным раскладзе — больш за сорак прадметаў. Замежныя мовы, танцы, камп’ютар, прыгажосць і стыль, права, шахматы, сад і агарод, рукадзелле. Акрамя заняткаў наведвальнікі УЗВ па жаданні займаюцца дабрачыннасцю, апякуюцца хворымі, прыбіраюць могілкі, збіраюць матэрыяльную дапамогу для патрабуючых, ладзяць экскурсіі, наведваюць канферэнцыі, прысвечаныя сталым людзям.

Летась студэнтамі УЗВ былі больш за 200 чалавек, якія навучаліся на 45 курсах і ў клубах. Яны арганізавалі каля 20 дабрачынных, культурных і інтэграцыйных акцый.

Запісацца ва УЗВ можна да 22 верасня па тэлефонах: 75-71-72 альбо 8-033-634-10-41 (МТС), 8-025 549-73-85 (life) з 10:00 да 16:00.