З цішоткамі, танцамі і коміксамі — у Гродне зладзяць Фэст вышыванкі (+ праграма)

Набыць цішотку з зубрам, патанчыць народныя танцы і ўбачыць беларускі коміксы — першы гарадзенскі фэст вышыванкі адбудзецца ў Цэнтры гарадскога жыцця (Савецкая вуліца, 3) у нядзелю, 10 верасня.

Фото: by24.org

Набыць цішотку з зубрам, патанчыць народныя танцы і ўбачыць беларускі коміксы — першы гарадзенскі фэст вышыванкі адбудзецца ў Цэнтры гарадскога жыцця (Савецкая вуліца, 3) у нядзелю, 10 верасня.

Наведнікі на выставе-кірмашы змогуць паглядзець і набыць вышыванкі, цішоткі з беларускімі сімваламі, кнігі беларускіх пісьменнікаў, вокладкі на пашпарт з арнаментам, гульні. Разынкай стане прэзентацыя гістарычных мапаў і коміксаў для дзяцей і дарослых, а таксама нататнікаў да 500-годдзя беларускага кнігадруку. На імпрэзе выступяць лаўрэатка «Кнігі года — 2016» паэтэсса Наста Кудасава, празаік Кірыл Стасельскі, пісьменнік Павел Севярынец, паэт Славамір Адамовіч. Музычную атмаферу створыць Алесь Дзянісаў і іншыя музыкі. Увечары арганізатары абяцаюць навучыць танчыць традыцыйныя беларускія танцы. Паскакаць можна будзе пад гармонік ды дуду. Аматараў паламаць галаву над складанымі пытаннямі запрашаюць прыняць удзел у бясплатным паб-квізе. Фестываль працягнецца амаль цэлы дзень — ад 12 да 20 гадзін.

Праграма «Фэсту вышыванкі»:

12:00–17:00 — выстава-кірмаш;

12:00–14:00 — выступ-лекцыя пісьменніка ды даследчыка Паўла Севярынца, прысвечаная гарадзенскім святарам, якія адраджалі Беларусь 100 гадоў таму;

14:00–14:30 — прэзентацыя гістарычных мапаў ды коміксаў для дзяцей і дарослых ад мастака Яна Мяльніцкага;

14:30–15:00 — выступ-гутарка з паэтам ды пісьменнікам Славамірам Адамовічам;

15:30–16:00 — выступ лаўрэата «Кніга года» (2016) паэтэссы Насты Кудасавай;

16:00–16:30 — прэзентацыя серыі эксклюзіўных літаратурных нататнікаў да 500-годдзя беларускага кнігадруку ды выступ празаіка Кірыла Стаселькі;

16:30–18:00 — выступ Алеся Дзянісава ды іншых музыкаў;

18:00–20:00 — традыцыйныя беларускія танцы пад жывую музыку ад сацыяльнага праекта «Танцы гарадзенскіх дворыкаў»;

18:00–20:00 — бясплатны паб-квіз «Слава Воршы ўжо ня горша» (Pizza Smile, вуліца Перамогі, 47).