Велікодныя віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча для вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!

Велікодная радасць асвятляе сёння Касцёл ва ўсім свеце. У нашых святынях, у дамах і ў сэрцах усіх хрысціян гучыць радаснае «Аллелюя». Мы адзначаем урачыстасць Уваскрасення Пана — святкуем перамогу, якую Хрыстус Пан здабыў над грахом і смерцю.

Хрыстус уваскрос! Ён жыве і будзе жыць навекі! Гэтая праўда паказвае нам моц бязмежнай любові Бога да чалавека. Гэтая самая любоў, якая была нам аб’яўлена на дрэве крыжа, сёння прамаўляе да нас у знаку пустога гроба.

Гэты знак нагадвае нам, што калісьці і нашы грабы, і грабы нашых блізкіх памерлых будуць пустыя. Здзейсніцца тады той самы цуд, які сёння мы ўзгадваем — цуд уваскрасення. Як піша святы Павел: «Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8).

Ці можа быць для чалавека большая радасць, чым усведамленне, што з кожным днём сваёй часовай вандроўкі ён кіруецца не да смерці і небыцця, але да паўнаты новага, сапраўднага жыцця, якое не будзе мець канца?

Трываючы ў гэтай пасхальнай радасці, якой адарыў нас Хрыстус праз сваё Уваскрасенне, складаю вам, дарагія браты і сёстры, моц найсардэчных віншаванняў. Няхай перамога Хрыста над смерцю апраменіць радасцю кожны дзень вашага жыцця, няхай напоўніць супакоем і верай вашыя сэрцы, няхай дазволіць верна ісці за Панам і Збаўцам шляхам веры, надзеі і любові.

Агортваю вас усіх маёй малітвай, жадаю Божага благаслаўлення, добрага здароўя і шчодрасці ўсялякіх ласкаў ад Уваскрослага Пана.

Няхай вас усіх Бог благаславіць Вясёлага Аллелюя!

Біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч