Веру, бо гэта абсурдна!

Няма больш сумнага і адначасова горкага відовішча на свеце, калі з дзвярэй якога задрыпанага інтэрната выносяць вянки, вечка, крыж і труну з нябожчыкам… Значыць, жыў-жыў чалавек, але так і не дачакаўся ўласнага кутка і спусціў дух, не дацягнуўшы да пенсіі, на пятым паверсе, у раёне агульнай кухні, паміж злектраплітамі, дзіцячымі раварамі і каляскамі на калідоры…

Няма больш сумнага і адначасова горкага відовішча на свеце, калі з дзвярэй якога задрыпанага інтэрната выносяць вянки, вечка, крыж і труну з нябожчыкам… Значыць, жыў-жыў чалавек, але так і не дачакаўся ўласнага кутка і спусціў дух, не дацягнуўшы да пенсіі, на пятым паверсе, у раёне агульнай кухні, паміж злектраплітамі, дзіцячымі раварамі і каляскамі на калідоры…

Розныя бываюць прычыны сыхода з жыцця ў такім месцы. Адныя ніколі не мелі дастаткова грошай, каб прыкупіць сваю ўласную, хоць і малую кватэрку, другія амаль ажно палову стагоддзя збіралі капейчыну да капейчыны, а прыйшлі цяжкія часы, а потым інфляцыя, а потым што яшчэ — сына ажаніць, жонку ад хваробы вылячыць — і грошыкі ляснулі…

 Трэцім начальнік асабіста абяцаў, што за шматгадовую старанную працу дасць бясплатную кватэру, калі ні ў гэтым, то ў наступным годзе!.. І даў бы, можа, каб не пасадзілі ў турму, ці ў іншае месца не перавялі… Розныя бываюць прычыны, каб даць, і розныя, каб не даць…

Я не пра абяцанкі начальства хачу пагаварыць, а пра веру большасці людзей у неверагодныя і фантастычныя, часам абсурдныя рэчы!

 Хто з нас не захапляўся выдатным лозунгам з шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя: «Нынешнее поколение советских людей будет жить при коммунизме!»

Разумелі ўсе, што такога не здарыцца ніколі, каб ад кожнага — па здольнасцях, а кожнаму — па патрэбах! Разумелі, скурай і падскуркам адчувалі, што не здарыцца! Бо як жа ж трэба ўкалываць, не прасыхаючы, без выхадных і прахадных, каб наблізіць гэты светлы момант! Асабліва жа ўсе не надрываліся, жылі ў прынцыпе хто лепш, хто горш, а нібыта роўна…

 Але па-дзіцячаму кожны недзе вырошчваў, як канаплю на балконе, надзею ў душы: а раптам нейкі цуд здарыцца, грашовы ці капеечны дождж пойдзе ці светлыя часы абсалютна нечакана прыйдуць, на дурніцу, па радыё аб’явяць, што заўтра — усё па-новаму!

Выходзіш з пад’езда, а твой бясплатны «Масквіч» ужо грэецца на сонцы, і ключыкі ў замку стрычаць! У крамах цэннікі прапалі — бяры, што душы спадабалася, і ідзі сабе дахаты!

 І дастаткова многа было на тыя часы рознай кансістэнцыі вешчуноў дый прарокаў, якія, захлёбваючыся ўласнай слінаю, элементарна даказвалі суседзям па шасцісоткавай дачы, што пад канец васьмідзесятых напэўна ўбачым ясныя далі новага і бясплатнага!

Так і не ўбачылі!

Сэрцам верылі, а мазгамі — не!

Многа чаго не ўбачылі…

Існуе ў большасці людзей надзея на тое, што недзе жывуць, невядома дзе, але жывуць, змагары за народнае шчасьце. Яны заўсёды існавалі, у розныя вякі, і да цяперашніх часоў датрывалі. Па-рознаму, праўда, нызываюцца — апазіцыя, заступнікі, праўдашукальнікі, дэмакраты…

І што гэтыя змагары абавязкова, у патрэбны момант выйдуць у патрэбнае месца дый такога перцу з лаўровым лістом крыўдзіцелям простага чалавека зададуць, што ого-го!

Так што просты чалавек можа спакойна ляжаць на канапе перад тэлевізарам, прыкрыўшыся газетай, драмаць і перажываць за сватоў, ментоў, ці бандытаў з вялікага гасцінца. А змагары ў гэты час не дрэмлюць, ім не можна, яны нястомна падрахоўваюць крыўды, зводзяць баланс бедаў і няшчасцяў, што апанавалі  простых людзей, і чакаюць патрэбнае хвіліны!

А калі яна прыйдзе, то шчыльнымі радамі — і  на галоўную плошчу!

А што, хіба змагары не любяць паляжаць на канапе, як і ўсе астатнія людзі? Ну, можа, яны газетамі крыху іншымі прыкрываюцца, і кіны іншыя глядзяць, а так яны не горшыя за нас, і не лепшыя.

І, можа, ім абрыдла змагацца за ўсіх, змагарны бензін у рухавіку скончыўся, і яны хочуць уладкаваць сваё асабістае жыццё ці пайсці ў якую кавярню з асобай супрацьлеглага полу…

А можа, іх няма ў прыродзе і не было ніколі? А калі ёсць, то зусім не такія, як мы іх уяўляем…

Усе мы цяпер разумныя, няма ўжо адукаваных паноў ды непісьменных сялянаў. Усе дзесяць ці адзінаццаць класаў паскончвалі, і кожны можа паставіць уласны подпіс, а не крыжык!

А за вакном — жорсткае, рэальнае жыццё, а не другасортны серыял са шчаслівым канцом, і разумець трэба: апрача цябе самога ніхто тваіх праблемаў не вырашыць — ні Бог, ні цар і не герой!

Таму трэба перш-наперш паглядзець на сябе ў люстэрка і шчыра спытацца:

— Што ж такога зрабіць, каб мне заплацілі за месяц пяцьсот даляраў?