Імя ўласнае… і як з ім жыць далей

Пачаць гэтую  надзвычай далікатную  тэму мяне падштурхнуў такі вось выпадак. Іду аднойчы па вуліцы Чкалава ў Мінску, і раптам заўважаю -  нейкі падлетак крычыць, звяртаючыся да другога падлетка:” Акім! Акім!!!”, а той, не чуючы, і таму не абарочваючыся, адчыняе дзверы і заходзіць у будынак школы…  

Пачаць гэтую надзвычай далікатную тэму мяне падштурхнуў такі вось выпадак. Іду аднойчы па вуліцы Чкалава ў Мінску і раптам заўважаю — нейкі падлетак крычыць, звяртаючыся да другога падлетка: «Акім! Акім!», а той, не чуючы і таму не абарочваючыся, адчыняе дзверы і заходзіць у будынак школы…

Цікава, сябры мае, напачатку дваццаць першага стагоддзя, у цэнтры сталіцы, гучыць ветхазапаветнае імя, нададзенае незразумела з якой прычыны…

Хутчэй за ўсё, мода цяпер пайшла такая… Акімы, Захары, Герасімы…

Ну, вядомая рэч, чалавецтва ў свой час даволі-такі паэксперыментавала само над сабою, выдумляючы і прысвойваючы  сваім  прадстаўнікам розныя складаныя, цудоўныя і не вельмі імёны. Колькі ў сусветнай гісторыі засталося нам Навухаданосараў, Вэспасіянаў, Хамурапі, Зараастраў, Феагнідаў і Фукідыдаў…

Не кажучы пра прыгожую літаратуру…

Успомніць хоць бы, як у аповесці Гогаля «Шынель» кумы выбіраюць нованароджанаму хлопчыку імя з царкоўнага календара:

«Родильнице предоставили на выбор любое из трех, какое она хочет выбрать: Моккия, Сессия, или назвать ребенка во имя мученика Хоздазата. “Нет, — подумала покойница, — имена-то все такие”. Чтобы угодить ей, развернули календарь в другом месте; вышли опять три имени: Трифилий, Дула и Варахасий. “Вот это наказание, — проговорила старуха, — какие всё имена; я, право, никогда и не слыхивала таких. Пусть бы еще Варадат или Варух, а то Трифилий и Варахасий”. Еще переворотили страницу — вышли: Павсикахий и Вахтисий. “Ну, уж я вижу, — сказала старуха, — что, видно, его такая судьба. Уже если так, пусть лучше будет он называться, как и отец его. Отец был Акакий, так пусть и сын будет Акакий”».

Канешне, Гогаль страшэнны быў іраніст і весялун, і тэму дастаткова цікавую зачапіў!

І актуальную. Уявіце сабе, як чалавеку было з адным з такіх імёнаў хадзіць па пецярбурскай зямлі?

А колькі ўжо ў дзевятнаццатым стагоддзі было гісторый, калі выбрэдная паненка не хацела выходзіць замуж за кавалера толькі таму, што яго звалі Трыфанам, ці ён не браў яе з-за таго, што бацьку клікалі Пахомам!

Бо як жа жыць і паказвацца ў вышэйшым свеце побач з Пахомаўнаю?

Тым не менш у розныя стагоддзі хадзілі побач і дастаткова мірна суіснавалі Гедыміны і Вітаўты, Дамінікі, Каэтаны, Мацеі, Альфонсы, Альжбеты, Петранэлі, Тэафілі, Нілы, Серафімы і Тамашы…

Розныя былі традыцыі у розных грамадствах — адныя бацькі пры нараджэнні дзіцяці шукалі яму імя ў царкоўных календарах ды агіяграфічных кнігах, другія называлі ў гонар дзеда ці прадзеда, каб імя заставалася ў гісторыі фаміліі і ніколі не пераводзілася, трэція — у гонар слаўных старадаўніх герояў, маючы надзею, што дзіця ў будучым імя сваё апраўдае…

Пасля Гогаля, пасля розных сацыяльных і нацыянальных ператрусаў і пераўтварэнняў у дваццатым стагоддз, таварышы бальшавікі таксама неаднаразова павясялілі прагрэсіўнае чалавецтва, дакінуўшы ў сусветныя святцы імёны кшталту Лагшмівара (Лагер Шмідта ў Арктыцы), Даздраперма (Да здравствует Первое Мая), Трактарына, Сіметрыя, Маркслена, Марксэна, Кім, Стален, Акцябрына…

Сіметрыя ў часы ранняга Хрушчова хуценька пераўтварылася ў Серафіму, Трактарына — у Тамару, непрыемнасцей і клопатаў, звязаных з пераафармленнем розных там дакумантаў і бацькі, і дзеці мелі аж занадта…

У эпоху Леаніда Ілліча надзвычай папулярным зрабілася абсалютна нетутэйшае імя Снежана!

А чаму?

У галаве круціцца прыпеў нейкай моднай песні, ці не балгарскай: «Снежана… Снежана… Снежана…»

Зараз, пасля нядоўгай моды на імёны Алесяў, Ягораў і Дзянісаў, усталявалася мода на Елісеяў і Акімаў.

Я магу саслацца толькі на аўтарытэт паэта Аляксандра Сяргеявіча Пушкіна і працытаваць яго ў арыгінале: «Агафон, Филат, Федора, Фекла и проч. употребляются у нас только между простолюдинами».

Усё вяртаецца на кругі свая, а дакладней, нічога не змянілася, усё як было, так і засталося на сваіх месцах, і прасталюдзіны нікуды не падзеліся, проста яны цяпер інакш выглядаюць…

А зрэшты, гэта асабістая справа бацькоў — як назваць сына ці дачку! Хоць Гаршком, абы ў печ не ставіць!