Понедельник, 20 мая
  • Погода в Гродно
  • 16
  • EUR2,3316
  • USD2,0854
  • RUB (100)3,2282
TOP

Калядна-навагодняе

Нібы зіма! Нібы ўсё, што магло ўцячы ад лютых халадоў у цёплыя краіны, — паўцякала… Дык не! Дзіўны гук разносіцца ў паветры высока над табою, такі дзіўны, што мімаволі адрываеш вочы ад зямлі, глядзіш угару — а там васьмёрка лебядзей, акуратненька злажыўшыся ў адмысловы рухомы трохкутнік, бадзёра махае крыламі, кудысьці накіроўваецца: ці не незамёрзлы кавалак вады шукае?

(замест першага тоста і традыцыйнага падарунка чытачам пад віртуальную ёлачку)

Нібы зіма!

Нібы ўсё, што магло ўцячы ад лютых халадоў у цёплыя краіны, — паўцякала…

Дык не!

Дзіўны гук разносіцца ў паветры высока над табою, такі дзіўны, што мімаволі адрываеш вочы ад зямлі, глядзіш угару — а там васьмёрка лебядзей, акуратненька злажыўшыся ў адмысловы рухомы трохкутнік, бадзёра махае крыламі, кудысьці накіроўваецца: ці не незамёрзлы кавалак вады шукае?

Так яны пралётваюць туды-сюды над табою разы з тры ўдзень, пакуль нарэшце не знойдуць сабе прыстанішча.

У лесе пад дрэвамі стаяць неверагоднымі казачнымі гномікамі розныя жоўтыя і ліловыя грыбы, яны і да снегу стаялі, і пад снегам, і цяпер, калі снег растаў, таксама стаяць. Ніхто іх, на жаль, не збірае, нікому яны непатрэбныя…

Святаяннік, больш вядомы як зверабой, у чарговы раз выпусціў  малюпасенькія зялёныя лісцікі. Сунічнік, нібы бягун на нізкім старце, толькі і чакае сігналу, каб страпянуцца, ірвануць угару, выпусціць парасткі і зацвісці ўсім на зайздрасць!

Увогуле, уся флора ўспрыняла гэтыя два тыдні з нечым снегу і марозу як нешта нерэальнае, часовае, нетрывалае.

Іншая справа — фаўна!

Калі прыйшлі маразы, то людзі з сумленнем папалохаліся, папрыязджалі на вёскі і пазабіралі сваіх старых бацькоў і сваякоў у горад. Праўда, месца ў кватэрах для вясковых катоў і сабак, якія пры бацьках і сваяках жылі-былі, не знайшлося! То каты і сабакі, пакруціўшыся каля пустых гаспадарскіх ганкаў пару дзён, пагаладаўшы, навучыліся сабе самі радзіць. Каты пачалі начаваць па хлявах і снедаць з суседскімі курамі, а сабакі падаліся ў поле і палююць на хворых зайцоў ці на мышэй — добра бо зямля адтаяла і знайсці мышынае гняздо цяпер многа лягчэй! Як, здарыцца, зіма будзе немарозная, то істнее верагоднасць, што жывёлы і гаспадары ўбачаць адзін аднаго напачатку наступнага года!

А што тычыцца дзікае лясное фаўны, то там складанасці трохі іншыя!

Выхавацелі ў дзіцячых садках распавядаюць сваім падапечным пра яе зусім неверагодныя рэчы — пра масавае будаўніцтва хатак з труску-пяску і труску-сняжку, пра перадзел уласнасці, і далейшыя, з будаўніцтвам звязаныя праблемы…

Бадзяжным катам і сабакам з гарадскою прапіскаю жывецца шмат лягчэй. Заўсёды нейкая добрая душа паставіць пад морду пластыкавую талерку з велізарным кавалкам салакі ці ліверкаю. У падвале хоць заядаюць блохі, затое цёпла!

Катам і сабакам вясковым ніхто такіх прывілеяў не прапануе, і падвалаў з блохамі ў іх няма. Яны мужна абараняюцца ад штодзённых нягодаў уласнымі сіламі, уласным спрытам і ўменнем!

Заўсёды на вёсцы мелася цяжэй, чым у горадзе!

Рыбакі пачалі шукаць раптоўнае смерці на тонкім лёдзе рэчак і вазёраў, ужо чалавек з дзевяць развіталася з жыццём. I нават афіцыйная забарона надрукаваная ў газетах, а яны паціху сядуць у дызель-цягнік з ранку, пахаваюць свае палкі і лескі з кручкамі ды паплаўкамі па паліцах, па кутках і едуць насустрач наканаванаму Лёсу…

Ці то такая ўжо жонка злосная, ці то ў хаце не сядзіцца, ці па тэлебачанню няма чаго глядзець? Таму заўсёды з павагаю пазіраеш на гэтых адважных і адданых  справе людзей у адмысловай вопратцы, якія не ведаюць самі, колькі яшчэ хвілінаў ім засталося жыць на свеце…

Нібы зіма…

Нібы год стары сыйдзе за пару тыдняў, пакінуўшы прыемныя і не вельмі ўспаміны. А можа, і нічога не пакіне — занадта ён падобны быў да сваіх папярэднікаў і сам па сабе так сабе быў: лета было як лета, восень як восень, а заробкі маглі быць лепшымі…

Што па ім застанецца?

Нічога, апрача надзеі, што наступны 2017 зробіцца крышку лепшым, крышку грашовейшым, што большасць тых, хто мае працу, не пойдзе з торбамі, а вясна і лета будуць з дожджычкам, восень — з ураджаем, каты і сабакі — з гаспадарамі, дзяўчаты — з багатымі жаніхамі, дзеці — з бацькамі, а краіна — з грамадзянамі!

За гэта і вып’ем першую чарку!