Гарадзенцы ў Канадзе

І раз праходзім, і другі — а незвыкла і цікава навокал так, што ўсяго адразу не праглынеш. У адным зале з «аднарукімі бандытамі» (так калісьці дасціпная прэса ахарактэрызавала самыя простыя ігральныя аўтаматы з адною ручкаю) прыселі каля іх сімпатычныя чысценькія амерыканскія бабуленькі з фрызурамі колеру срэбра, некаторыя нават на інвалідскіх вазочках з маторчыкам. Пры рулетачных сталах крупье цынічна нешта пакрыкваюць і зграбаюць у адмысловую адтуліну на суконнай паверхні пастаўленыя не на тыя лічбы і колеры жэтоны. За покернымі сталамі зусім іншая атмасфера — там вельмі сур’ёзныя індывіды, трымаючы ў руках карты, засяроджана маўчаць і нешта сабе прыкідваюць... Там вельмі ціха…

І раз праходзім, і другі — а незвыкла і цікава навокал так, што ўсяго адразу не праглынеш. У адным зале з «аднарукімі бандытамі» (так калісьці дасціпная прэса ахарактэрызавала самыя простыя ігральныя аўтаматы з адною ручкаю) прыселі каля іх сімпатычныя чысценькія амерыканскія бабуленькі з фрызурамі колеру срэбра, некаторыя нават на інвалідскіх вазочках з маторчыкам. Пры рулетачных сталах крупье цынічна нешта пакрыкваюць і зграбаюць у адмысловую адтуліну на суконнай паверхні пастаўленыя не на тыя лічбы і колеры жэтоны. За покернымі сталамі зусім іншая атмасфера — там вельмі сур’ёзныя індывіды, трымаючы ў руках карты, засяроджана маўчаць і нешта сабе прыкідваюць… Там вельмі ціха…

Божа, мы ўжо трэці раз абыходзім агромнае памяшканне казіно, а Таццяны не бачна!

І толькі выпадкова азірнуўшыся, я яе нарэшце заўважаю! Яе не пазнаць — гэта не Таня, а нейкая магутная сталёвая пружына, нейкая ільвіца, што рыхтуецца ўпаляваць чарговую ахвяру!

Яна толькі што выцыганіла ў «аднарукага бандыта» дзвесце трыццаць канадскіх даляраў і збіралася працягваць замацоўваць поспех, але добра, што мы з Дзімам упору надыйшлі  і, пад абедзьве ручанькі ўзяўшы, угаварылі, адцягнулі яе ад спакусы, вывелі на паветра…

Заехалі крыху потым на бераг векапомнай Ніагары, паабедалі на вольным паветры, а па гэтым накіраваліся ў паблізкае мястэчка, адведалі нашага аднаго земляка, спадара Барыса Кірку, а яму аграмадная колькасць год, добрых пад дзевяноста. Пасядзелі ў ягонай чыстай задбанай хаце, выпілі па чарцы віна, вярнуліся ў Niagara Falls…

Прыгожы горад, прыгожы вадаспад, і ўдзень прыгожы, і ўвечары, калі падсвечаны рознакаляровымі пражэктарамі з усіх бакоў, так весела тут, і людна, і рамантычна, што з’язджаць не хочацца, і цёпла не па сезоне…

Я ж да Таронта, дарэчы, прыляцеў не проста так, пашпацыраваць, а  ў рамках   трыццаць другой сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі і Канады!  Нашыя землякі, каторыя аселі ў Паўночнай Амерыцы, што два гады ладзяць сустрэчы, на якіх хваляцца дасягненнямі, агалошваюць рэфераты, абменьваюцца цікавым вопытам, проста размаўляюць адзін з вадным, дзеляцца жыццём. Ну і зразумела, што ў перапынках паміж паседжаннямі і ў фінале такога спаткання абавязкова адбываецца банкет і мастацкая частка, у якой ўдзельнічаюць лепшыя творчыя сілы. Месцам сустрэчы на гэты раз была абраная сталіца Канады Атава, а калі канкрэтней, то гатэль LORD ELGIN. На працягу дзьвух дзён там адбываліся паседжанні, праводзіліся дыскусіі — словам, усё як у людзей.

Колькі я там сустрэў сваіх старых знаёмых — не пералічыць, асабліва гарадзенцаў! Мой адзін даўнішні прыяцель, Міхал Карневіч, з гэтае нагоды калісьці выказаўся: «Раней выйдзеш у цэнтр, хоць бы на вуліцу Ажэшкі, — чалавек дзесяць сяброў адразу сустрэнеш! А зараз можаш палову дня хадзіць па горадзе — аніводнага знаёмага твару!» Вось і адказ на пытанне, куды падзелася лепшая частка нашых супольных знаёмых: ціха і непрыкметна падалася за акіян!

Адразу хачу падкрэсліць, што ў праклятым капіталістычным катле народаў яны не зварыліся, не прапалі, не растварыліся, не апусціліся на самое дно, а зрабіліся паўнавартаснымі і дацэненымі грамадзянамі, шанаванымі з усіх бакоў, што мяне не магло не радаваць! Ясна, што яны таксама маюць там свае штодзённыя клопаты і праблемы, але пакажыце мне хоць аднаго чалавека, каторы клопатаў не мае! І клопаты ў кожнага, дарэчы,бываюць розныя — у некага брыльянты дужа дробныя, а некаму на кавалак хлеба не хапае!

Пры тым ніхто з нашых сяброў там не размаўляе на сярэднестатыстычнай трасянцы ці на дыялекце бабруйскага таксіста з раёну Брайтан-Біч — усе прыстойна шпараць высокаю літаратуршчынаю, нібы паканчалі ліцэй імя Коласа альбо толькі ўчора прыехалі з-пад такіх Эйсмантаў альбо Панямуні! Погляды іхнія на ўчарашнюю і сённяшнюю гісторыю нашае краіны-маці прыкметна адрозніваюцца ад афіцыйна ў нас прынятых, але гэта іх права! Усе яны — ветлівыя, спагадлівыя і неабыякавыя людзі, і Эльяшэвічы, і Раманюкі, і Мурзёнкі, і Шамецькі, і Клакоцкія, і Орсы, і Сурвілы, і Гімпелевічы, і Левіты, і усе-усе-усе!

Пасля фіналу паседжанняў запрасіў нас зранку на неафіцыйную развітальную чарку да сябе, на свой атаўскі надворак, спадар Пётра Мурзёнак, арганізатар і натхняльнік сёлетняй сустрэчы. Вось было дзе развярнуцца душы, вось дзе была прастора!

Эх, што там рабілася пад тымі цяністымі дрэвамі! Iмпрэзай кіравалі папераменна то Сяргей Раманюк, то Пётра Мурзёнак, паэты чыталі, спевакі спявалі, слухачы слухалі, жарты сыпаліся як з торбы, кабеты прыгажэлі з кожнаю выпітаю чаркаю, добры алкаголь ліўся ручаінаю і не намерваўся канчацца!

 І раз’язджацца нікому не хацелася, быццам сваякам пасля даўгога ўдалага вяселля!

Але мусіш!

Амерыканцы накіраваліся у свае Н’ю-Ёркі і Кліўленды, а мы з Эльяшэвічамі пасунуліся да Таронта, на родную вуліцу Ёсіфа Арановіча….

Таццяна і Дзіма яшчэ здолелі мне паказаць мясціну супольнага адпачынку нашых землякоў пад прыгожай назвай «Слуцак», якая месціцца сярод вялікіх і непраходных канадскіх лясоў, — дамок з партэрам і паверхамі, а пры ім кавалак зямлі…

Дык вось, там жадаючыя могуць сустрэцца з вышэй спамянутымі чорнымі мядзведзікамі, калі заглыбяцца ў гушчар, не гаворачы аб банальных вавёрках і бурундучках… А ўжо колькі па тамтэйшых лясах расце усялякіх добрых грыбоў — баравікоў, асавікоў і чашчавікоў, — з аднаго месца тры вядры можна вынесці, калі на добрае трапіш!

І вяртаючыся са «Слуцака», наведалі мясцовасць пад назваю Martyrs’Shrine. Там калісьці восем маладых французскіх місіянераў-іезуітаў, што прапаведавалі каталіцтва, былі замучаныя гуронамі і іракезамі. На высокай гары стаіць цяпер прыгожы касцёл, усярэдзіне падобны да лодкі-каноэ, а побач, на шматлікіх пагорках, веруючыя розных нацыянальнасцяў павыстаўлялі помнікі і крыжы ў гонар сваіх пакутнікаў і святых: ёсць помнік маці Тэрэзы з Калькуты, помнікі каталікам-карэйцам, каталікам-філіпінцам, індзейцам, Папе Рымскаму Яну-Паўлу Другому… І нашыя землякі там усталявалі два крыжы — у гонар тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі і на памятку ахвяраў камуністычнага рэжыму…

Вялікая краіна Канада, і вялікія адлегласці мы мусілі пераязджаць на працягу дня, але дзякуючы вельмі добрым дарогам і майстэрству Зьміцера, які лёгка мог адольваць, за рулём седзячы, на працягу дня тысячу кіламетраў з гакам, усё пачыналася і канчалася добра…

Дарэчы, на канадскай шашы зусім няма дарожнай паліцыі. Яна з’яўляецца толькі тады, калі нешта сур’ёзнае адбылося, аварыя якая. А так, па вялікаму рахунку, мы яе не бачылі, і я не ведаю, як канадскія паліцыянты выглядаюць…

Апошні дзень, пакаванне у сакваяж унармаваных дваццаці аднаго кілаграма рэчаў, стан нарвовага напружання, які ахоплівае кожнага падарожнага перад вельмі далёкаю дарогаю, развітальная вячэра ў вялікай зале дома Эльяшэвічаў, бабка з бульбы, шыкоўны Таццянін салат і літры канадскага віскі на вадным стале, процьма гарадзенцаў (з дачкой адных мая Марта вучылася ў ліцэі, з другімі мы проста калісь перакрыжоўвалі шляхі на вуліцах, а зараз прыпомнілі і пазналі адзін аднаго), доўгія і сентыментальныя размовы кшталту «А памятаеце?», «А вось калісьці…». Вечар скончыўся дзесьці каля чацьвёртае гадзіны раніцы, і ўсе раз’ехаліся на ўласных аўто, але, самае смешнае, даехалі шчасліва, адзваніліся гаспадарам і адрапартавалі: «Мы ў хаце! Дзякуй за гасціннасць!»

Усё!

Дзіма махае мне рукою, багаж здадзены, важыць ён раўнютка дваццаць адзін кілаграм. Я іду да памежніка, пашпарт, білеты, пасадка ў самалёт той самай авіякампаніі JATAIR…

Унізе застаюцца два тыдні майго жыцця…

 

Замест пасляслоўя

Не раскажаш усяго. Дый не варта — можаш так патануць у дробязях, што не выбярэшся з іх. Ад Канады засталося адно вялікае добрае ўражанне, якое адразу па прыбыцці дахаты дзесьці ў табе нарадзілася і будзе жыць вельмі доўга.

Канадцы — адкрытыя і ветлівыя людзі, і такое ўражанне, што сама Канада — гэта малое мястэчка кшталту Скідзеля ці Індуры, таму што там усе адзін аднаго ведаюць і кожны з кожным вітаецца. Паспрабуй у нас сказаць «Добры дзень» незнаёмаму чалавеку — у лепшым выпадку ён табе адкажа…

Канадцы — людзі ахайныя. Пафарбаваныя сцены дамоў, пастрыжаныя газоны, чыстыя ходнікі, вельмі чыстыя вуліцы ў цэнтры, чыстае, светлае метро.

Канадцы — людзі вельмі глыбока веруючыя! Храмаў розных канфесій там незлічоная колькасць, і, па-мойму, з іх ніхто не спрабаваў зрываць крыжы і перарабляць на склад хімічных угнаенняў.

Я перад ад’ездам традыцыйна ў нядзелю зайшоў у паблізкі касцёл, каб паставіць свечку…

Касцёл святога Іосіфа поўны, прычым поўны рознага каляровага народу. Да мяне адразу падляцеў закрыстыян і прапанаваў сесці на вольнае месца. Я патлумачыў яму як мог, што мне патрэбная candle — свечка, і ён падвёў мяне да пані са скрынкаю свечак. У гэты ж час рухавы, дынамічны малады ксёндз расказваў з амбоны нешта вельмі патрэбнае і надзённае, таму што зала зачаравана яго слухала. Перад аўтаром, з левага боку, сядзеў цэлы камерны аркестр са скрыпкамі і віяланчэлямі. Як мне нехта потым патлумачыў, гэты ксёндз карыстаецца вялікім аўтарытэтам не толькі сярод каталікоў, а і ўсіх людзей у ваколіцы, і нібы яго збіраюцца выбраць у мясцовую раду…

І я падумаў: чаму ж не верыць глыбока ў Бога, калі табе ёсць за што Богу дзякаваць — за яснае асэнсаванае жыццё, за вялікую месячную зарплату, за параўнальна танныя прадукты, за дарагі, але вельмі якасны алкаголь, за розныя тэхнічныя дробязі, якія робяць твой штодзённы быт зручным і ўтульным, за сваіх разумных дзяцей, што пакуль вучацца ва ўніверсітэтах, але хутка пачнуць працаваць, за непрыкметных прэзідэнта і міністраў, якіх ты не ведаеш па імёнах і прозвішчах (дый табе і ведаць неабавязкова, дый нашто), за ўласнае здароўе, якое ёсць і будзе, калі ўсё будзе добра, за вялікую прыгожую краіну з лясамі і вазёрамі і трыццаць пяць мільёнаў насельніцтва ў ёй!

Канадцам ёсьць за што дзякаваць Богу!

І калі ў Таронта, на рагу вуліц Spadina i College, я традыцыйна падняў з ходніка свае пяць даляраў (грошы з лічбай «пяць» я знаходжу часта і заўсёды), то падумалася: усё яшчэ можа быць, можа здарыцца…

Эх, Канада, Канада! Якая ты вялікая і прыгожая, не абыйсці цябе пехатою, не аб’ехаць аўтамабілем, не абляцець самалётам. Але, можа, яшчэ калісь убачымся!

Маю надзею!