Суббота, 8 августа
  • Погода в Гродно
  • 30
  • EUR2,8971
  • USD2,4482
  • RUB (100)3,3249
TOP

Дылетант Юры Жыгамонт — пра сакваяж, падарожжы і гарадзенскіх беларусаў

Самы вядомы беларускі «дылетант» Юрый Жыгамонт завітаў на мінулым тыдні ў Гародню. У каралеўскім палацу Новага замку ён вучыў дзяцей беларускай мове і расказаў, чаму прыпынілася праграмма «Падарожжы дылетанта».

Гарадзенцы ведаюць Юрыя Жыгамонта па нязменнаму сакваяжу і чорнаму капялюшу. Акцёр і тэлевядучы раз’язджае па беларускіх мястэчках і распавядае пра іх гісторыю. У Гародні ён падтрымаў акцыю velcom «Чытаем разам па-беларуску». Разам з гімназістамі яны чыталі вершы Максіма Багдановіча.

Юрый Уладзіміравіч, што ў вашым сакваяжу?

— А нічога ў ім няма насамрэч. Там я трымаю дух падарожжаў.

Напэўна, для «Падарожжаў дылетанта» вы з’ездзілі ўжо ўсю краіну. Куды б хацелі вярнуцца?

— Я ніколі не лічыў, колькі вёсак мы з’ездзілі і колькі выпускаў выйшла. Гэта ж, разумееце, частка жыцця. Вы ж не лічыце, колькі дзён пражылі. Я гляну ў пашпарт — узгадаю, колькі год прайшло, і далей жыву. Калі жывеш некім праектам, то не думаеш, колькі часу ён забраў. Яшчэ шмат засталося мясцінаў, дзе мы не былі, а іншыя беларусы пакінулі там след. Напрыклад, Прага, дзе Скарына надрукаваў Біблію, ці Польшча, дзе тварыў Адам Міцкевіч. Можна і ў Чылі накіравацца — туды міграваў наш даследчык Ігнат Дамейка. У гэтай стране нават помнік яму стаіць. Але гэта толькі планы. Як гавораць: чалавек адно хоча, а Бог іншае дае. Новыя выпускі з-за фінансавых цяжкасцей будуць выходзіць толькі ў інтэрнэце. Пакуль і ў сеціве па тэхнічных прычынах зрабілі перапынак. Пасля Новага года праграму ўзнавім.

Вы памятаеце сваё першае падарожжа?

— Так, мы завіталі ў мястэчка Баруны ў гарадзенскім краі. Там цудоўны касцёл з цудатворным абразам, у падвале якога ёсць крыніца. За святой вадой едуць жыхары суседніх вёсак і нават дзяржаў. Раней у Барунах стаяла шляхецкая школа.

Як лічыце, сення заняткі беларускай мовы эфектыўныя?

— Наша краіна Беларусь, мы самі беларусы. Наша беларускамоўная Біблія была надрукавана трэцяй пасля нямецкай і чэскай. Праект «Чытаем па-беларуску разам» намагаецца зрабіць так, каб мова Багдановіча, Купалы, Коласа гучала не толькі на некаторых уроках, а заўсёды. Настаўнік павінен сустракаць дзяцей па-беларуску.

Вы былі з гэтай акцыяй у квасоўскай школе. Ці адрозніваюцца вясковыя і гарадскія дзеткі?

— Дзеткі скрозь розныя. Алесь Гарун у апавяданні «Першы снег» пісаў пра тое, што чысціня вёскі — гэта снег. Чаму ў горадзе ён пачынае цямнець? Машыны, бруд, шмат народу яго топчуць. Так і з дзецьмі. Гарадзенскія дзеткі цягнуць руку і адказваюць, як будзе па-беларуску «радуга», што такое парасон, вусны. І ў вёсцы тое ж самае. Бо і у Квасоўцы, і ў Гародні жывуць беларусы.

Даведка «ВГ»

Юрый Жыгамонт нарадзіўся ў 1968 годзе у вёсцы Дзямідава Гомельскай вобласці. Скончыў будаўнічае вучылішча ў Мінску. Працаваў машыністам на вежавым кране. Паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут. Зараз працуе на тэлебачанні і ў тэатры юнага гледача. Ёсць жонка і дачка. Самыя любімыя кнігі — Біблія і «Новая зямля» Коласа.

Самое читаемое

Разное