Пад гармонік ды дуду: у Гродне адкрылі бясплатную школу беларускіх танцаў

Танчыць польку і кракавяк, лявоніху і падыспань навучаць усіх ахвотных у «Школе побытавага танца». Заняткі ладзяцца кожную пятніцу з 19:00 да 21:00 ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы па адрасе вуліца Леніна 32-1.

Фото: vk.com/folk_dances

Удзельнікі школы авалодаюць мастацтвам беларускага танца ад самых простых рухаў: засвояць асноўны крок у танцах — трохкрок, навучацца правільна трымаць рукі, ставіць нагу, перастануць блытацца ў кроках. Вядучыя раскажуць пра этыку падчас танцаў, традыцыі іх выканання. У праграме школы — полька, кракавяк, «Лявоніха», «Лысы», «Рэчанька», «Верабей», «Падыспань», «Кацярынка», «Субота», расказаў адзін з арганізатараў «Школы побытавага танца» Антось Янкоўскі.

На кожных занятках студэнты вучаць 1–2 танцы. Праз тыдзень іх паўтараюць. Пажадана хадзіць рэгулярна. Але арганізатары заахвочваюць прыходзіць нават пасярэдзіне курса і дазваляюць прапускаць заняткі. З навічкамі плануюць займацца дадаткова — і так нагнаць праграму. Дарэчы, прайшлі ўжо дзве танцавальныя сустрэчы. Хлопцы пакуль складаюць прыкладна трэць усіх студэнтаў.

Удзельнікі танчаць пад жывую музыку: пад гукі дуды, гармонікі або жалейкі. Да танцаў запрашаюць людзей любога ўзросту і фізічнай падрыхтоўкі. Варта браць з сабой зручны зменны абутак без абцасаў і зменнае адзенне. Дзяўчынам пажадана апранаць спадніцы або сукенкі, але не забараняюцца нават спартыўныя легінсы або джынсы. Уваход вольны.
У планах раз на 1–2 месяцы ладзіць вялікія этнавечарыны або запрашаць мэтраў беларускага танца, кшталту знакамітага этнахарэографа Сяргея Выскваркі з Любані, каб правесці майстар-класы.

Школа побытавага танца пачалася з этнавечарынаў, якія ладзіліся апошнія два гады на цэнтральных вуліцах горада і ў яблыневым садзе каля Новага замка.