Скунсы, ракуны, вавёркі, бурундукі, чорныя мядзведзі, добрыя людзі і іншыя насельнікі Канады

Гэтае маё падарожжа падобнае было на узыходжанне на самы верх вельмі доўгай і высокай драбіны… Сьціплы аўтобус Гродна — Варшава, запоўнены амаль цалкам такімі ж вандроўнікамі, як і я, — а мэты ва ўсіх розныя: нехта сыходзіць у Беластоку, нехта едзе проста да Варшавы Заходняй, а нехта ў аэрапорт імя Шапэна. Я — таксама, мне трэба праз Амстэрдам ажно ў Таронта… Нават у фрышопе на мяжы не спыніўся — мала часу было, прыйшлося, каб разнасталіць дарогу, закупіцца моцным польскім півам у манапольцы на Беластоцкім аўтавакзале.

Частка першая

Гэтае маё падарожжа падобнае было на узыходжанне на самы верх вельмі доўгай і высокай драбіны…

Сьціплы аўтобус Гродна — Варшава, запоўнены амаль цалкам такімі ж вандроўнікамі, як і я, — а мэты ва ўсіх розныя: нехта сыходзіць у Беластоку, нехта едзе проста да Варшавы Заходняй, а нехта ў аэрапорт імя Шапэна. Я — таксама, мне трэба праз Амстэрдам ажно ў Таронта… Нават у фрышопе на мяжы не спыніўся — мала часу было, прыйшлося, каб разнасталіць дарогу, закупіцца моцным польскім півам у манапольцы на Беластоцкім аўтавакзале.

Праз некалькі гадзін — Варшава!

Варшаўскі аэрапорцік выглядае сціпла і безпрэтэнцыёзна — невялікая колькасць пасажыраў паціху сабе рухаецца па другім і трэцім паверсе, яшчэ нехта дасыпае на крэслах, нехта п’е каву ў буфеціку. Нясьпешна ўстае сонца, а на лётным полі ціха адпачываюць колькісь там мілых самалёцікаў сярэдняга памеру і рознанацыянальнай рэгістрацыі, сярод іх і наш “Фоккер” з напісам Carpatianна боку — у Амстэрдам паляцім на летаку румынскай авіякампаніі. Сцюардэсы таксама румынкі, па-польску не размаўляюць, дзякуй богу, што камандуе імі вясёлы польскі хлопец-маладзец, у якога можна аб усім дапытацца.

Сапраўдны нэрватроп і прыгоды пачынаюцца тады, калі нага твая ступае на сьвятую галандскую зямлю! Нэрватроп таму, што не кожны дзень ты лётаеш у такія далечыні, таму бяжыш на злом галавы да аднаго, другога, трэцяга чалавека у форме, каб дапытацца, дзе гэты амерыканскі накірунак. Трэці, мілая галандка, на простым ангельскім тлумачыць табе: ”Туды, туды, трыста метраў, потым направа — і па ўказальніку!”

На працягу кароткага адрэзку часу трэба борздзенька перабегчы з еўрапейскага накірунку на амерыканскі, што займае кіламетры з чатыры, і , паколькі ногі нясуць, толькі вачыма прагна ясі шматлікія крамы і крамікі з ашаламляльнымі вітрынамі, насустрач табе рухаецца разнастайна апрануты народ розных колераў скуры і неверагодных куафюраў на галовах — божа, што людзі твораць са сваімі валасамі!

І вось ты нарэшце на месцы, пры сваім выхадзе, стаіш у чарзе на пасадку, а вакол цябе — адныя індыйцы!

Індыйцы, індыйцы і індыйцы!

Такія крыху чарнейшыя, чым ты, у сваеасаблівых галаўных уборах. Маладыя і не вельмі, самотныя худзенькія дзяўчаты і кабеты, абкружаныя шматлікімі дзецьмі. Яны ляцяць ажно з Дэлі, і у Амстэрдаме перасаджваюцца на канадскія авіялініі Jatairways. Дарэчы, я не чуў, каб індыйцы, размаўляючы паміж сабою, задавалі узаемна пытанні накшталт: “Ды каму мы нужны в той Канадзе? Да хто нас там чакае? Ніхто нас там не чакае!” Вось яны хуценька сабралі чамаданы і паляцелі…

Самалёт агромны, па-мойму, “А-330”, як заўсёды у перадстартавай сітуацыі — вантробы дрыжаць, і лезуць у галаву дурныя думкі накшталт “ А раптам нехта…”, але гэтая прыгожая махіна хутка разганяецца, упэўнена адрываецца ад зямлі і…

…ляцім. Праплываюць пад намі прыгожыя галандскія ветракі, каналы з чаўнамі, востраверхія чарапічныя дахі, каб не шырокія дарогі ўнізе і сучасныя аутамабілі на іх — то нібы васемнаццатае стагоддзе цвіце, пахне і не збіраецца канчацца ніколі…

І вось мы высока ў небе! Салон напаўняецца пахам разаграваемай ежы — напэўна хутка будуць карміць! І дакладна — кормяць адразу ўсіх трыста з нечым чалавек, прычым робяць гэта сцюардэсы хутка і прафесійна! Праўда, ежа даволі спецыфічная, дастаткова вострая і ўсходняя, з улікам нацыянальных запатрабаванняў большасці людзей ў салоне, таму прыходзіцца прасіць хлопца-сцюарда, каб мне наліваў віскі больш і часьцей…

Перада мной сядзіць нейкая крыклівая пара больш за сярэдняга ўзросту, яны ўвесь час аб нечым індыйскім, сваім спрачаюцца, і кабеціна часам так верашчыць, што палову салона на іх азіраецца, але потым яны паядзяць, палагаднеюць і замоўкнуць…

Не памятаю, палёт з Амстэрдаму ў Таронта доўжыцца пяць альбо шэсць гадзінаў, проста, пералятаючы некалькі часавых паясоў, настолькі ва ўсім заблытваешся, што потым махаеш рукою на гэткія рэчы і пачынаеш корпацца ў маленькім тэлевізарчыку ў сьпінцы крэсла перад табою. Набор ігрышчаў і забаваў там таксама разлічаны на сярэднестатыстычнага жыхара Дэлі альбо Хайдарабада — індыйскія балівудскія фільмы, індыйская папсовая музыка, індыйскія гульні. Праўда, я знайшоў і з задавальненнем паглядзеў даволі даўніх гадоў фільм Стэнлі Кубрыка “Спартак” з Кіркам Дугласам у галоўнай ролі — фільм не састарэў маральна і дагэтуль, акцёры там цудоўныя, а ўсялякіх суперэфектаў і мардабоеў з беганнем па сценах тады яшчэ ў модзе не было, рэжысёры выкручваліся трошкі іншымі метадамі, і толку, здэцца, ад гэтага прыбывала больш…

Аб’явы ў самалёце робяцца сьпярша па-індыйску, потым па-ангельску. Зусім не ведаючы аднае, а толкам — другое мовы, тым больш нешта па асобных ангельскіх словах цяміш, і з посьпехам запаўняеш міграцыйную картку — такі не апошні ты, дзякуй богу, чалавек у гэтым сьвеце!

І вось яна, ужо пад табою — Амерыка!

Неяк нечакана ўзнікла унізе, выплыла велічна з-пад хмараў, зазелянела і засінела лясамі і вазёрамі, мы спускаліся ніжэй і ніжэй, а хмараў малела і малела, а потым яны прапалі зусім, і сонечна адразу зрабілася…

Колы валяць аб наверхню, рэзка грукацяць, але ніхто з пасажыраў ужо не б’е ў ладкі — хіба, тут такой моды няма. Самыя нэрвенныя ўскокваюць, і, не зважаючы на просьбы сцюардэсаў і голас з дынамікаў, пачынаюць збіраць манаткі і рыхтавацца да выхаду. І іх можна зразумець — яны ж ляцелі ажно з Дэлі, а гэта такі ж кавалак дарогі, як з Амстэрдаму да Таронта, калі не большы!

Прадстаўнік памежнае службы ўважліва аглядае тваі пашпарт, запрашэнне і міграцыйную картку, валіць штамп, аддае паперы, усьміхаецца, што немалаважна, і жадае шчасьлівага пабыту ў гэтай выдатнай краіне.

А мытнік табою ўвогуле не цікавіцца: каб ты прыляцеў з якой Ямайкі, Дамініканы ці Калумбіі — от было б шораху ва ўсім аэрапорце, і сабак, якія вынюхваюць наркотыкі, і салдатаў з аўтаматамі, а так — ідзі сабе, чалавеча, куды хочаш!

Трошкі разчараваны, выходжу ў вялікае фае і пачынаю чакаць Дзіму…

ПРАЦЯГ БУДЗЕ