Акцёр Віктар Шалкевіч стане настаўнікам і збярэ гарадзенцаў на дыктоўку

На традыцыйнай гарадзенскай дыктоўцы сёлета прачытаюць твор Ніла Гілевіча. У ролі настаўніка выступіць акцёр і бард Віктар Шалкевіч. Дыктоўку зладзяць у нядзелю, 3 красавіка, а 12 гадзіне па адрасе вул. Будзёнага, 48а–100 (зала ва ўнутраным дворыку).

Фото: s13.ru

Дзевятая запар дыктоўка прымеркаваная памяці народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, які памёр некалькі дзён таму — 29 сакавіка. Які менавіта твор будзе прачытаны, арганізатары загадзя не паведамляюць. Вядома, што выбар спыніўся не на вершах, а на публіцыстыцы аўтара. Прыняць удзел запрашаюць усіх ахвотных. Уваход вольны. Пасля дыктоўкі аркушы з тэкстам застаюцца «студэнтам» на памяць, адзнакі не ставяць. Пасля «школьнай» часткі наступіць музычная: заспявае Віктар Шалкевіч, паведамілі арганізатары.

Даведка «ВГ»

Беларускія дыктоўкі праходзяць з 2008 года дзеля папулярызацыі беларускай мовы. Штогод яны збіраюць некалькі сотняў ахвотных. Тэксты ў розныя гады чыталі вядомыя ў Беларусі і Гродне асобы: Данута Бічэль, Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка, Тамара Талерчык, Вера Кунцэвіч, Аляксей Пяткевіч, Ала Петрушкевіч. Віктар Шалкевіч прадыктуе тэкст ужо ў другі раз.