Четверг, 24 сентября
  • Погода в Гродно
  • 16
  • EUR3,0296
  • USD2,5908
  • RUB (100)3,3936
TOP

Памёр апошні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч

Ніл Гілевіч сыйшоў з жыцця ў Міінску ў аўторак, 29 сакавіка. Ён не дажыў да 85 год некалькі месяцаў. Развітанне з народным паэтам адбудзецца 1 красавіка ў Мінску.

У апошні час Ніл Сымонавіч хварэў на анкалогію. Ён быў апошнім народным паэтам Беларусі у адным шэрагу з Янкам Купалай, Якубам Коласам, Пятрусём Броўкай, Аркадзем Куляшовым, Максімам Танкам, Піменам Панчанкай і Рыгорам Барадуліным, які памёр два гады таму 2 сакавіка.

Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці 30 верасня 1931 года. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. Папрацаваў калгасным паштальёнам і школьным настаўнікам. З 1947 года жыў у Мінску. Быў жанаты, выхоўваў сына.

Паэзіі прысвяціў 70 год свайго жыцця, пісаў таксама прозу.

 

Паклон табе, мой беларускі краю!

Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.

Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю

Твой ліст дубовы – як чароўны лек.

 

За хлеб, што ем, за песьні, што сьпяваю,

За шчасьце звацца іменем тваім –

Паклон, паклон табе, мой родны краю!

Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!

 

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру, быў кандыдатам філалагічных навук, прафесарам. Працаваў літкансультантам газеты «Звязда», рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды», галоўным рэдактарам бюлетэня «Наша слова». Быў старшынёй рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Кіраваў працоўнай групай па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага ў 1990 годзе.

Працаваў у галіне перакладу. Перавёў на беларускую мову твора звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх). Творы Ніла Гілевіча таксама перакладаліся на шматлікія мовы.

Бадай што, адным з самых папулярных твораў паэта стала песняй «А я лягу-прылягу» ў выкананні гурта «Песняры»:

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,

Калышыце, люляйце свой напеў векавы,

А я лягу-прылягу край гасцінца старога

На духмяным пракосе недаспелай травы.

 

Развітанне з народным паэтам адбудзецца ў пятніцу, 1 красавіка, у Свята-Петра-Паўлаўскім Саборы Мінска (вул. Ракаўская, 4, станцыя метро «Няміга»), з 11:00 да 13:00. А 13:00 пачнецца памінальная паніхіда. Ніл Сымонавіч Гілевіч будзе пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

 

Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
             Да твайго ляснога
             Вераснога долу,
             Дзе так шчасця многа
             Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!
 
Край мой беларускі, край!
Дай ты мне напіцца, дай!
             Той вады гаючай
             З той крыніцы вечнай,
             Дзе ад ран балючых
             Ты арлоў вылечваў, —
Дай жа мне напіцца, дай!
 
Край мой беларускі, край!
Дай ты мне паслухаць, дай!
             Як на лад пявучы
             Старажытнай мовы
             Тут гамоняць пушчы,
             Там шумяць дубровы, —
Дай жа мне паслухаць, дай!
 
Край мой беларускі, край!
Дай ты мне прайсціся, дай!
             Па тваіх прасторах,
             Па шляхах бясконцых,
             Уначы — пры зорах,
             Раніцой — пры сонцы, —
Дай жа мне прайсціся, дай!
 
Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
             На твае на пожні,
             На лугі ды рэчкі,
             Каб у час апошні
             Ўзяць з сабой навекі, —
Дай жа наглядзецца, дай!

Самое читаемое

Разное