Пачалі складаць спісы тых, хто размаўляе на беларускай мове: зарэгістравалі 1300 чалавек

Перапіс беларускамоўнага насельніцтва пачаўся ў сацсетках у панядзелак, 18 студзеня. Людзі рознага роду дзейнасці публічна прызнаюцца, што карыстаюцца мовай. За пяць дзён у спіс увайшло 1300 чалавек.

Кожны, хто размаўляе па-беларуску, можа прыняць удзел у перапісе. Для гэтага трэба зайсці на сайт movananova.by і ўтварыць карцінку са сваім фотаздымкам, імём, прозвішчам, месцам пражывання і родам дзейнасці. Пасля карцінкай можна падзяліцца ў сацсетках Facebook альбо «ВКонтакте». Сярод тых, хто ўжо прыняў удзел у перапісе, ёсць студэнты, спявакі, фатографы, спартсмены, клубныя работнікі, вадзіцелі, будаўнікі, праграмісты, урачы. Адзначыліся таксама агент па нерухомасці, «дармаед», маці і цэлыя сем’і. Цікава, што рэгіструюцца не толькі жыхары Беларусі, але і з розных краін (Бразіліі, Ізраіля, Украіны) і замежных гарадоў (Вільні, Будапешта, Хельсінкі, Барселоны, Нью-Ёрку).

Ініцыятыва перапісу беларускамоўных людзей належыць да групы выкладчыкаў бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова». Арганізатары заахвочваюць запаўняць форму, нават калі чалавек «толькі трошку беларускамоўны», «толькі з сябрамі» ці «толькі ў сне». Арганізатары спадзяюцца, што нават такі прыклад можа натхніць іншых заявіць аб сваёй беларускамоўнасці. Ідэя перапісу ў тым, каб паказаць, што беларускамоўныя ёсць ва ўсіх сферах жыцця і ва ўсіх населеных пунктах Беларусі.

— Мы хацелі паказаць, што беларуская мова — не мова пісьменнікаў, журналістаў і мастакоў, а мова кожнага з нас, — тлумачаць арганізатары. — Даць прыклад іншым: дзе б вы ні жылі, кім ні працавалі — размаўляйце па-беларуску!