Дарослых навучаць беларускай мове праз настолку

Настольную гульню «Мова», якая дапаможа дарослым пашырыць слоўнікавы запас беларускай мовы, распрацавалі ў Гродне. Цяпер ідзе збор сродкаў на яе друк.

Фото: delaemvmeste.by

Новая настолка прызначаная павысіць узровень валодання мовай, зняць бар’еры маўлення, павялічыць лексічны запас. Гульня мае некалькі варыянтаў. Напрыклад, з дапамогай картак з літарамі алфавіту ўдзельнікі адгадваюць, ствараюць або прыгадваюць як мага больш словаў, складваюць слушныя або неіснуючыя словазлучэнні. «Мова» спрыяе ўдасканаленню ведаў па 50 тэмах ад побытавых, як «Транспарт» або «Спорт», да рэдкіх, як «Святы» або «Народны строй». Цягам гульні можна запрацаваць балы — жэтоны з «ў» — і атрымаць адпаведны ўзровень валодання мовай: выдатны, натхнёны, ініцыятыўны. Настолка накіраваная пераважна на моладзь і дарослых людзей, але будзе цікавай дзецям ужо з 10 год. Удзельнічаць могуць ад двух да васьмі чалавек. Кожная гульня зойме ад 15 хвілін да гадзіны.

Па планах, «Мова» з’явіцца ў доступе ў сярэдзіне снежня. Цяпер жадаючыя могуць зрабіць свой унёсак для друку гульні праз краўдфандзінг на talakakosht.by, а пасля атрымаць гульню бясплатна або з вялікай зніжкай.

Аўтарамі «Мовы» сталі курсы беларускай мовы «Мова Нанова Гародня» і творчая група «А4», расказаў адзін са стваральнікаў гульні Антось Янкоўскі.

Дарэчы, можна казаць аб тым, што ў Гродне з’яўляецца сваё міні-выдавецтва настолак. Антось і Наста Янкоўскія дагэтуль выпусцілі гульню «Паўстанцы», а ў наступным годзе плануюць выдаць яшчэ некалькі гульняў для дзяцей разам з праектам А4.