З’явіўся інтэрнэт-гід па старых гарадзенскіх могілках

Турыстам і жыхарам Гродна прапануюць прыняць удзел у онлайн- і офлайн-экскурсіі па старых гарадзенскіх могілках. Віртуальную карту некропаля стварылі гісторыкі з суполкі «Варштат ідэй».

На віртуальнай мапе пазначаныя 50 пахаванняў на каталіцкіх і праваслаўных могілках. Гэта месцы спачыну вядомых асобаў, якія паўплывалі на развіццё горада: дзеячы навукі і культуры, прадстаўнікі ўлады, вайскоўцы, духавенства. Азтары мапы таксама вылучылі надмагіллі, якія маюць высокую мастацкую каштоўнасць, адлюстроўваюць сімволіку смерці і журботы. Вандроўнік па могілках убачыць тут месцы пахавання маці Максіма Багдановіча Марыі Багдановіч, уласнікаў дома ля Савецкай плошчы купцоў Мураўёвых, паэта Міхася Васілька, генерала Сяргея Ланскога, аўтара надмагілляў Баляслава Шышкевіча. Цікава, што большая частка магіл — на каталіцкіх могілках, бо яны лепш захаваліся.

Кожны пункт мапы прадстаўляе сабой інфармацыю пра памерлага і асаблівасці яго пахавальнага помніка ды фотаздымак, як выглядае надмагілле. Акрамя помнікаў тут можна ўбачыць царкву святой Марфы і капліцу Уваскрасення Хрыстова з праваслаўнага боку. Віртуальная мапа размешчана на GoogleMaps у адкрытым доступе. Тэкст у ёй па-беларуску. У будучым плануецца павялічваць колькасць каштоўных надмагілляў.

Папяровы аналаг мапы старых могілак можна ўзяць бясплатна ў «Краме Ц» на Вялікай Траецкай вуліцы і галерэі «Ткалля» на Замкавай вуліцы. Папяровую мапу намалявала мастачка Наталля Клімовіч. Яна адрозніваецца тым, што ў ёй зроблены акцэнт на значнасць асобаў, а не на мастацкую каштоўнасць помнікаў. Колькасць пунктаў менш, чым у інтэрнэт-версіі.


Аўтары дапаможніка па «горадзе памерлых» заахвочваюць як да віртуальнай, так і да рэальнай экскурсіі — з мапай на мабільным ці планшэце ў руцэ.

Праект увасобілі ў жыццё, бо гарадзенскія могілкі — самыя старыя ў Беларусі. Яны па сваёй значнасці і каштоўнасці стаяць побач з некропалямі Росы ў Вільні, Лычакоўскімі ў Львове, Павонзкаўскімі ў Варшаве.

— Гэты праект спрыяе пашырэнню памяці гарадзенцаў і паглыбленню гісторыі. Мапа адлюстроўвае мастацкія густы былых часоў і пахавальную традыцыю мінулага, — адзначыла гісторык Таццяна Касатая.
У тэму

Гісторыкі плануюць звярнуцца ў Міністэрства культуры Беларусі з просьбай аб унясенні гарадзенскіх старых могілак у ахоўны спіс спадчыны, каб абараніць ад разбурэння як асобныя каштоўныя магілы, так і цэлы коплекс некропаля.

Даведка «ВГ»

Першыя пахаванні на старых могілках у Гродне вядомы з канца XVIII стагоддзя. На іх пахаваны прадстаўнікі розных прафесійных і сацыяльных груп насельніцтва канца ХVIII — пачатку ХХ ст., напрыклад, пісьменніца Эліза Ажэшка. Побач з капліцай знаходзіцца квартал, у якім пахавана каталіцкае духавенства: ксёндз Францішак Грынкевіч (кіраўнік гуртка беларускай моладзі ў 1909–1912), ксёндз францішканін Мельхіёр Фордан, пахаванні манашак брыгідак і назарэтанак, чыноўнікі (віцэ-губернатары К. Максімовіч, Е. Яневіч-Янеўскі, прэзідэнт Гродна пачатку 20-х гадоў ХХ ст. Э. Лістоўскі), дактары (К. Дамброўскі, Я. Сухадольскі, І. Касцялкоўскі, А. Тальгейм), фармацэўты (С. К. Брынкер і М. Кандратовіч), масоны (П. Сіманоўскі. В. Стычынскі, К. Крэйбіх), архітэктары (Джузэппэ Сака, Я. Фордан), скульптары (Баляслаў Шышкевіч), кавалі (Я. Гальскі, І. Сіліневіч), генералы расійскай арміі (Вэвэрн, Хамрат, Вацеўскі, Ланскі), паведамляе сайт harodnia.com.

Чытайце таксама