«Мы за дзевак!» Беларуская спявачка Руся аб агучванні вакзалаў, архаічным голасе і новай форме дапамогі жанчынам

Малады гурт Shuma першым у Беларусі спалучыў этнічныя спевы і электронную музыку, а яго салістка Руся агучыла вакзалы ў Гродне, Брэсце і Мінску. Мы пагутарылі з дзяўчынай аб тым, чаму на іх канцэртах плачуць мужчыны, як швейцарскія джазмены выбралі беларусак для супольнага праекта і як знайсці свой уласны голас.

«Слухаць народныя спевы без падрыхтоўкі — траўматычна»

Раскажыце, адкуль паходзіць вашае імя і назва гурта?

— Руся — гэта Маруся, толькі коратка. Мяне завуць Марына. Я нарадзілася ў вёсцы, там звычайна клічуць Маруся, Манька. Так і прычапілася — Руся. Суседзі крыўдуюць, калі я кажу «вёска», бо гэта пасёлак гарадскога тыпу Церахоўка — апошняя кропка Беларусі на мяжы з Украінай у Гомельскай вобласці. Shuma паходзіць ад палескага дыялектнага «шамярэць», «шумець». Канцэпцыя праекта — сумяшчэнне архаічных спеваў з сучаснай электроннай музыкай, якая будуецца на лічбавых шумах, а не жывых інструментах.

Ці былі іншыя эксперыменты перад спалучэннем фолка з электронікай?

— Не, мы адразу хацелі, каб маладая аўдыторыя, што ходзіць па клубах, пачула традыцыйныя песні ў сумяшчэнні з электронікай. Мы не змяняем народныя мелодыі ці дыялекты. Толькі манеру выканання робім больш пяшчотнай, спяваем субтонам як у электрамузыцы, каб не напужаць людзей. Для непадрыхтаванага чалавека слухаць народныя спевы — траўматычна. Людзі, якія ўпершыню прыходзяць на канцэрт Shuma, не адразу «даганяюць», што гэта архаічныя спевы на беларускай мове. Мы выкладаем тэксты на сваім сайце. Прыемна, што пакрысе людзі вывучылі іх і спяваюць разам з намі.

Наколькі блізкія вашыя спевы да арыгіналу?

— У нас усё сапраўднае. Калі вас цікавіць, як гучыць народная песня, вы можаце вывучыць песню Shuma, гэта вельмі блізка да арыгінала. Зрэдку паправім адну-дзве ноты. У адной песні памянялі прыпеў, бо яна настолькі архаічная, што ніяк не клалася на электронную музыку. Ездзім у экспедыцыі, каб пабыць у гэтай атмасферы, «патусавацца» з бабулямі. Shuma — гэта наша галоўная кампанія з сучасным клубным адзеннем, стылем. Яе запрашаюць на шоў-кейсы — вялікія фестывалі, куды прыязджаюць прадусары, якія палююць за новымі імёнамі. Сёлета мы едзем на шоў-кейс у Фінляндзію. Нам даюць прайм-тайм.

У Shuma ёсць дачэрні філіял Shuma voices — гэта галасы, голая архаіка, акапэла, ніякай музыкі, выступаем у стылізаваных народных строях. У Shuma voices мы манеру не змяняем, спяваем як бабулі раней. Прытрымліваемся асаблівасцей рэгіёну, можам імправізаваць у рамках стыля.

Вы на сваім сайце сабралі арнаменты з іх тлумачэннямі. Як ставіцеся да сённяшняй моды на вышыванкі і паўсюдныя арнаменты?

— Вельмі добра. Мы стварылі дабрачынны грамадскі асветніцкі праект Shuma ornaments. Звярнуліся да навукоўцаў, праграміста, дызайнера. Закрывалі вочы на тое, што кожны сімвал мае шмат значэнняў, і вылучылі ў кожным нешта асаблівае. Звычайны чалавек не будзе чытаць навуковыя працы. Ён хоча ведаць: багаццце — тое, урадлівасць — сёе, жаноцкасць — гэтае. Цяпер уся краіна карыстаецца нашай працай: на сувенірах, вышымайках, у рэкламах. Мы вельмі рады, што так адбываецца. Нехта «гоніць хвалю», нібы гэтага зашмат. Але калі мы хочам атаясамліваць сябе са сваёй этнічнай самасцю, то мусім гэта рабіць. З гэтай масавасці, як з глебы, з’явяцца асэнсаваныя расткі, самастойныя расліны.

Да мяне прыходзіць чалавек і кажа: «Хачу гучаць упэўнена»

Вы працавалі журналістам. А цяпер займаецеся выключна музыкай?

— Усё маё прафесійнае жыццё будуецца вакол голасу. Я агучваю фільмы на беларускай мове каля васьмі год. Займаюся музыкай. Працую як спецыяліст па дызайне голасу людзей. Да мяне прыходзіць чалавек і кажа: «Хачу гучаць упэўнена». Пры дапамозе вакальных практыкававанняў яго рэальна абудзіць, і чалавек можа будаваць розны імідж: гучаць як дзіцёнак, злобны ці добры шэф. Мяне прыцягвае псіхалогія. Хачу знайсці плынь, праз якую я магла б дапамагаць жанчынам. У нас шмат класных дзевак, якія разгубленыя з-за ціску культуры, рэкламы, сацыяльных працэсаў. Дапамагаю жанчынам праз вакальныя заняткі. Адна мая вучаніца спачатку моцна хвалявалася і слаба гучала. Цяпер, калі скончылі курс, яна сыходзіць і перад люстрам заўсёды кажа: «Мне, пожалуйста, бокал шампанского и золотую карточку клиента» (кажа Руся з усмешкай пастаўленым упэўненым голасам). Мы за дзевак!

Наколькі гэта лёгка — адкрыць свой прыродны голас?

— Залежыць ад матывацыі, як і трэніроўкі ў спартыўнай зале.

Наколькі вялікі рынак спецыялістаў, што ўмеюць ставіць голас?

— Не вельмі вялікі. Прафесія «дызайнер голасу» з’явілася ў ЗША гадоў пяць таму. У нас больш спецыялістаў, якія займаюцца сцэнічнай гаворкай. У асноўным мае кліенты — гэта бізнэсмены, якім трэба ўпэўнена гучаць і кіраваць людзьмі, публічныя людзі і жанчыны, якія хочуць гучаць мякка і нізка (Руся вымаўляе апошнія словы з ноткамі спакусы). Кошты на такія паслугі можна параўнаць з коштам на заняткі з асабістым трэнерам у фітнэс-зале. Таксама я агучыла вакзалы ў Гродне, Мінску, Брэсце, у планах — астатнія абласныя цэнтры.

Што было самым складаным у досведзе агучкі?

— Знаходзіцца ў суперканцэнтрацыі, бо трэба начытаць 30-40 старонак раскладу ў аднолькавым тэмпе і тоне. Голас працуе на сто працэнтаў толькі чатыры гадзіны цягам дня. Трэба сачыць за сабой, бо голас стамляецца, блытаецца язык. У дзяцінстве былі гульні: скажы 30 разоў слова «шакалад-шакалад-шакалад». На трэцюю хвіліну ты ўжо не разумееш, што адбываецца. Цела само балбоча, а асэнсаваць ты не можаш. Галоўнае — не ўваходзіць у транс ад агучкі. Калі прачытаць лічбы ад 1 да 300 ў адным тэмпе, тоне, голасе на трох розных мовах, можна прастрэліць сабе галаву. Гукарэжысёр і чалавек, які кіруе праектам, малілі: «Руся, спыніся! Мы нічога не разумеем!» Дзякуючы трэніроўцы ад агучкі кіно, запісалі з першага разу.

«Ад нашых вібрацыяў мужыкі плачуць»

Як уплывае ваш занятак на побытавае жыццё, адзенне, ежу, хатнія рытуалы?

— На хатнія рытуалы ў мяне няма часу. Прыязджаю з агучкі кіно, кідаю торбу, бяру строі — і едзем на канцэрты. Вяртаюся з канцэртаў, паспяваю прыбрацца ў пакоі і зноў кудысьці еду. Але спевы адбіваюцца на ўнутраным стане. Паспяваеш — і адразу ўсе праблемы знікаюць. Днямі мы спявалі ў Гомелі. Мая мама, якую я рэдка бачу, прыехала на канцэрт. Я так расчулілася, слёзы душаць горла, калі так тужыш па маці. Адпелі нармальна, але пасля не магла з дзяўчынамі стасавацца некалькі гадзін. Потым мы пачалі рэпетаваць у аўтобусе, і адразу настрой узняўся, палёгка на душы. Вакальныя практыкі традыцыйных спеваў — найлепшае, што адбываецца ў жыцці. Побыт і складанасці прыватнага жыцця на другасным плане. Наша Юля мае псіхалагічную адукацыю. Зараз шукаем фармат, каб сумясціць этнаспевы і псіхалагічныя тэхнікі, якія здымаюць эмацыйнае напружанне. Ад такіх вібрацыяў мужыкі плачуць. Мы часам самі возьмемся за рукі, паспяваем, вочы пазакатваем, ледзь выходзіш з гэтага транса.

Падзяліцеся сваімі творчымі планамі на бліжэйшы час.

— Мы б хацелі сумясціць візуальнае мастацтва, сучасную бескантактную харэаграфію, архаічныя спевы і саўнд-дызайн. Зноў збіраем вялікі дзвіж, магчыма, да яго далучыцца гродзенскі харэограф Зміцер Куракулаў. Неяк я ўбачыла рэкламны ролік пра Ісландыю з прыгожымі краявідамі і тэкстам: «Прывітанне, я Ісландыя! Зірні, якая я прыгожая. Заязджай у госці…» Гэта было так і міла і прыцягальна, што мы захацелі зрабіць візітоўку для Беларусі. Нават не ўсе беларусы ведаюць, што ў нас ёсць неверагодныя валожынскія халмы, палескія балоты, лясы, звяры, птушкі, гарады…

 

Партрэт: «Хачу правесці старасць у Сан-Францыска»

У якую краіну хацелі б паехаць у бліжэйшым будучым?

— У Індыю, адкрыла яе ў мінулым годзе, вельмі захапілася і закахалася ў яе. Таксама хачу ў Партугалію з-за клімату і спеўнай культуры. Мне вельмі падабаецца Каліфорнія, менавіта Сан-Францыска. Я б там хацела правесці старасць і памерці недзе на ўзбярэжжы.

Якую кнігу прачыталі апошнім часам?

— Мала чытаю мастацкай літаратуры, больш літаратуру, якая дапамагае самаадукоўвацца, падтрымліваць сябе ў складаных асабістых пытаннях. Чытаю адначасова 5–10 кніжак. Напрыклад, сёння чытала з тэлефона «Размовы з вучнямі» Георгія Гурджыева.

Якую ежу любіце?

— Я б хацела быць фруктарыянцам, але гэта цяжка даецца. Вельмі люблю сушы. У мяне простая дыета: кашы, садавіна, гародніна. Не замарочваюся, каб гатаваць складаныя стравы. Маці паходзіць з Азербайджана, таму добра ведаю гэтую кухню, падабаецца індыйская ежа з букетам спецыяў, здаровая ежа тыпу марозіва з бананам, смузі з ягадаў ці базіліку.

Ці хацелі б вы пераехаць на вёску і жыць як нашыя продкі?

— Гэта класна! У Валожыне ў нас ёсць сябры Верасень і Літота. Кожна раз, калі з імі сустракаемся, таксама адчуваю мару: на валожынскіх халмах набыць сабе хатку, толькі б інтэрнэт быў.

Ці стала размаўляеце па-беларуску?

— Толькі з блізкімі людзьмі. Заўважыла, што мова вызначае інтымныя стасункі. Перад іншымі не хачу тлумачыцца, чаму я не такая як усе. Багомлю трасянку, часам пачынаем з дзяўчатамі жартаваць ды гутарыць на мяшанцы.

Даведка «ВГ»

— Этнапраект Shuma існуе з 2011 года, спалучае ў сабе традыцыйныя беларускія спевы і сучасную электронную музыку. У яго складзе спяваюць Руся (Марына) Шукюрава, Надзея Чугунова, Юлія Гіпкоўская. Улетку гэтага года гурт запісаў свой першы альбом «Жніво».