500 гадоў Сапоцкіну: дзесяць фактаў, якія варта ведаць

Мястэчка Сапоцкін — добры сусед нашага горада — дасягнуў 500-гадовага ўзросту. Мясцовыя жыхары адсвяткавалі прыгожы юбілей у палову тысячагоддзя ў суботу, 29 жніўня. Гісторыя Сапоцкіна ў нечым падобная да гісторыi іншых мястэчак Гродзеншчыны, а ў нечым вельмі ад iх адрозніваецца. Ніжэй мы падаем дзесяць арыгінальных фактаў пра Сапоцкін.

Сапоцкін — сімпатычнае мястэчка недалёка ад межы Беларусі з Літвой і Польшчай. Маляўнічыя пагорыстыя краявіды тут спалучаюцца з багатай гісторыяй адразу некалькіх народаў — беларусаў, палякаў, яўрэяў, татар.

1. Пушчы ў ваколіцах Сапоцкіна аж да XIV ст. былі населены ваяўнічым балцкім племенем яцвягаў. Яцвягі змагаліся адначасова з крыжакамі, мазавецкімі і гродзенскімі князямі і паступова былі цалкам знішчаны. Аднак ад іх засталося даволі шмат слядоў, найперш — археалагічых помнікаў. Сто гадоў таму ва ўрочышчы Ясудава каля Сапоцкіна быў раскапаны яцвяжскі могільнік з шыкоўнымі ўпрыгажэннямі, якія цяпер захоўваюцца ў Варшаве.

2. Рымска-каталіцкая парафія, якая знаходзіцца ў Сапоцкіне, называецца Тэалінскай. Справа ў тым, што яна была заснавана ў 1789 г.
Антоніем і Тэафіліяй Валовічамі ў іх уласным мястэчку Тэалін, якое яны спецыяльна пабудавалі каля Сапоцкіна, каб пераманіць туды мясцовых рамеснікаў. Тэалін паступова зліўся з Сапоцкіным. Назва засталася толькі ў парафіі.

3. У Сапоцкіне знаходзілася адна з самых вялікіх і прыгожых драўляных сінагог на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Па перапісе 1921 г. з 1700 жыхароў мястэчка амаль 900 з іх складалі яўрэі. Сапоцкін быў цэнтрам яўрэйскага культурнага і навуковага жыцця, тут працаваў Шмоэль Рабіновіч — дэлегат Першага сіянісцкага кангрэса ў Базелі ў 1898 г. Сёння пра багатае яўрэйскае мінулае прыгадваюць толькі камяні іўдзейскіх могілак.

Сінагога ў Сапоцкіне — адна з самых вялікіх і прыгожых драўляных сінагог на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, фота 1930-х

4. Паміж 1795 і 1807 гадамі мястэчка Сапоцкін уваходзіла ў склад Каралеўства Прусіi, у той час калі ўсе іншыя землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Мяжа паміж Прусіяй і Расіяй пралягала па рацэ Ласасянцы. Мост праз раку быў «самым доўгім у свеце», паколькі пераязджаючы з Расіі ў Прусію, якая жыла па новым стылі, вы адразу траплялі на дзесяць дзён наперад.

5. У Сапоцкіне і ваколіцах да 1875 года жылі шматлікія грэка-католікі (уніяты). А на іншых беларускіх землях унію ліквідавалі яшчэ ў 1839 г. Уніяты не хацелі прымаць праваслаўе і пасля таго, як у 1905 г. цар Мікалай ІІ дазволіў расійскім падданым змяняць канфесію. Амаль усе жыхары Сапоцкіншчыны перайшлі ў каталіцтва. На месцы цяперашняга сапоцкінскага дзіцячага садка існавала ўніяцкая, а пасля праваслаўная царква, якую зруйнавалі ў 1970 г.

6. Мястэчка і ваколіцы можна назваць абласной сталіцай пісанак. Сапоцкінскія яйкі-пісанкі выкананы па арыгінальнай тэхналогіі. Яны не вельмі яркія па колерах, але вылучаюцца цікавымі малюнкамі. У фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея захоўваюцца пісанкі, якім ужо амаль сто гадоў. Некалькі гадоў таму існавала нават ідэя стварыць у Сапоцкіне рэгіянальны музей вялікоднага яйка, аднак далей планаў справа пакуль не зрушылася.

  

Мястэчка і ваколіцы можна назваць «абласной сталіцай» пісанак, якiя выкананы па арыгінальнай тэхналогіі

7. Сапоцкін у верасні 1900 года наведаў адзін з найбольш шанаваных святых праваслаўнай царквы Іаан Кранштацкі (у свецкім жыцці Іаан Сергіеў). Ён шмат гадоў матэрыяльна і маральна падтрымліваў праваслаўны Тэалінскі Свята-Праабражэнскі жаночы манастыр, які існаваў у Сапоцкіне ў 1893–1914 гг.

8. У лютым 1915 г. Сапоцкін стаў першым вялікім населеным пунктам сучаснай Беларусі, які быў заняты нямецкай кайзераўскай арміяй у выніку зацятых баёў з расійскім войскам. Немцы выпусцілі вялікую колькасць паштовак з сотнямі палонных расійскіх салдат на вуліцах мястэчка і захопленымі кулямётамі ды гарматамі.

9. З 1944 да 1959 г. існаваў асобны Сапоцкінскі раён Гродзенскай вобласці. У мястэчку знаходзіліся ўласны райвыканкам, аддзел народнай адукацыі (ім, дарэчы, нейкі час кіраваў будучы вядомы гродзенскі пісьменнік Аляксей Карпюк) і нават тыпаграфія, дзе друкавалі раённую газету «Сталинский путь». Да сярэдзіны 1950-х увесь Сапоцкінскі раён быў суцэльнай пагранічнай зонай.

10. Сапоцкін быў адзіным нaселеным пунктам Беларусі, дзе яшчэ пры жыцці Папы Рымскага Яна Паўла ІІ з’явілася вуліца яго імя. У гонар першага Рымскага Папы, что быў славянінам, палякам, перайменавалі ў пачатку 1990-х вуліцу Леніна. Праўда, помнік правадыру пралетарыята стаіць на гэтай вуліцы дасюль.