Эліза Ажэшка згуртавала ў сябе сяброў, дзяцей і артыстаў, як сто год таму

Швейцарская даліна каля доміка Элізы Ажэшкі вярнулася на стагоддзе назад. Гаспадыня, як і раней, ладзіла свята, госці танчылі народныя танцы, спявалі і чыталі творы знакамітай пісьменніцы, а вакол бавілася процьма дзяцей. Дзень народзінаў Элізы Ажэшкі ў трэці раз адсвяткавалі ў Гродне 15 ліпеня.

Каля ганка музея, які пераўтварыўся ў сцэну, згуртавалася сотня чалавек. Гарадская інтэлігенцыя прыйшла паслухаць канцэрт.рыўкі з твораў Ажэшкі па-беларуску, па-руску і па-польску дэкламавалі чытачы бібліятэкі, а таксама яе рэальныя ці магчымыя сябры: Францішак Багушэвіч, Цётка, Максім Багдановіч, які малым дзіцём мог прабягаць каля доміка пісьменніцы.

Сучасныя гродзенскія паэты прачыталі свае творы для гаспадыні доміка.

Найбольш руху назіралася на дзіцячай пляцоўцы. Малыя ўдзельнікі свята лавілі ў басейне цацачную рыбу, бавіліся ў рухавыя гульні ды з мяккімі цацкамі. Пані Эліза, як яе называлі, любіла дзяцей. У яе заўсёды гуртаваліся малыя, а на Раство яна дарыла ім пачастункі.

— Мы ладзім творчы праект «Эліза Ажэшка ў памяці нашчадкаў». У яго межах у нас працуе салон літаратурна-музычных кампазіцый «У пані Элізы», дзе гаворым і пра іншых творцаў, праходзяць канферэнцыі, а летам, 6 чэрвеня, святкуем яе народзіны. Сёлета яго крыху перанеслі. Для святкавання кожны год выбіраем пэўны накірунак. Летась вандравалі па вуліцы Ажэшкі і распавядалі гісторыю кожнага дома. Сёння мы ўзгадваем акружэнне Ажэшкі, тых, хто з ёй сябраваў, у яе гасціў, — расказала намеснік бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Марына Ігнатовіч.

Наведвальнікам свята таксама прапанавалі паўдзельнічаць у віктарыне «Сцежкамі Элізы Ажэшкі» і паглядзець выставу фотаздымкаў старога Гродна Аляксандра Сявенкi і Віктара Саяпіна, выставу гербарыяў. Сябры беларускай этнічнай суполкі спявалі народныя творы ў аўтэнтычнай манеры і вучылі гарадзенцаў тагачасным танцам.

Удзельнік этнасуполкі Антось ставіцца станоўча да святкавання:

— Добра, што мы ўсхваляем памяць Элізы Ажэшкі, бо яна тут жыла, дзейнічала. Канешне, атмасфера на свяце хутчэй афіцыйная і ўзнёслая. Хацелася, каб святкаванне набліжалася да народнага, было больш традыцыйных танцаў. Мы ў сваю чаргу ўносім этнічны кавалачак у канцэрт.

— Я даўно не бачыла такога свята ў гарадской прасторы, — падзялілася маладая валанцёрка з Польшчы Вольга. — Вельмі прыемна, што музей настолькі адкрыты для гараджанаў. Уражаная колькасьцю наведнікаў і мноствам дзяцей.

У наступным годзе ў 175-летні юбілей Элізы Ажэшкі арганізатары святкавання плануюць зрабіць акцэнт менавіта на чытанне твораў выдомай пісьменніцы.