І я спасцігну: сэнс жыцця — у навальніцах

Маланкі хмару разарвуць І скінуць лівень.Зямля і неба паплывуць, І я — між імі.

Фото: lookw.ru

Галіна Самойла

***
Поле чорнае і няроўнае —
То нізіначка, то пагорачак,
Распластанае свежым ворывам,
На ім кропелькі ціхіх зорачак.

Дзе-нідзе вада нерухомая.
Белы бляск яна шле да месяца,
Бог, які гэта ўсё ахоўвае,
То ледзь чуецца, то ледзь свеціцца.

Свет нібы нанова ствараецца
З гэтай глебы і неба зорнага,
І ўжо душы наперад каюцца,
Каб не выйшла чаго нядобрага.

***
Хмары нібы крумкачы,
Падае дождж, льецца.
Сосны наскрозь прамачыў,
Нам падцякае пад сэрцы.

З голля вада цурчыць
Песняй, у словы не ўкладзенай.
Мудра пра тое маўчым,
Што зразумець нам не дадзена.

Трэсак не варушы —
Не разгарацца ад вільгаці.
Да прыгажосці вяршынь
Нашым бы душам вырасці.

Мерзнем, накрыўшы плашчом
Думак і рухаў сувязь.
Сосны і мы пад дажджом…
Дзе ў гэтым сэнс? Дзе сувязь?

***
У збалелай, застылай душы
Сівы попел, сухі і гарачы.
Дай прылегчы ў цябе на плячы,
Адпачыць ад пякучай няўдачы.

Снег як снег, лёд як лёд на двары,
Елкам пальцы скавала марозам.
Памаўчым, пачакай гаварыць —
Будуць слёзы, няспынныя слёзы.

Шкадаванні свае затрымай,
Не выказвай са злосцю дакораў.
Я сама выйду з гора, сама,
Толькі ты зразумей маё гора.
А калі акрыяю ізноў,
З душы выграбу попел гарачы
І не будзе мне страшна адной,
Я ад шчасця, што ёсць ты, паплачу.

Навальніца
Ад навальніцы не ўцяку,
Сустрэну ў полі.
Кукуй, зязюля, мне, кукуй
Сто год і болей.
Завешвай, вецер, небасхіл
Ліловай хмарай.
Шумі, асіннік, галасі,
Што гром ударыць.
Маланкі хмару разарвуць
І скінуць лівень.
Зямля і неба паплывуць,
І я — між імі.
І шчасце стукнецца аб жах
і заіскрыцца.
І я спасцігну: сэнс жыцця —
У навальніцах.

***
Кастрычнік і май — супрацьлеглыя месяцы:
Буянне пачатку, буянне канца…
Магутна, імкліва, нічога не вернецца:
Пажоўкласць ліста, жаўцізна дзьмухаўца —
У гэтым жыцці.

Кастрычнік і май — прыгажосці няўрымслівасць,
Нястомны палёт і апошні парыў.
Пялёсткамі ўсыплюць, лістотаю высцелюць
Сцяжынкі і дні, далягляд і двары —
Да шчасця ісці.

Кастрычнік і май — разумення ніякага:
У сталасць прыступка, у старасць акно.
Слязьмі каляровымі вішні заплакалі
Па белых сукенках, што мелі вясной.
Прымі, адпусці.

***
Цячэ мая, мая да болю, Котра,
Маіх дубоў кранаю я камлі,
Мае буслы стаяць на лузе мокрым,
Мае крычаць за лесам жураўлі.

Я тут расла. Тут кожная расінка,
І кожны кусцік, кожны лісцік — мой.
Я не жанчына тут, я тут дзяўчынка —
Даверлівая, сціплая, з касой.

Мае званочкі звоняць мне ля сцежкі,
Мае чарніцы просяцца ў бідон,
Мае грыбы мох прыўзнялі з усмешкай,
Мае сляды захоўвае мой дом.

Мяне пакінулі сябры і сілы,
Удачы, мары, грошы і любоў.
Уберажы мяне, куточак мілы,
Святло дзяцінства, я жыву табой.

Зоры
У мяне на далонях гарэлі зоры.
Зоры з неба глядзелі мне ў вочы.
Я стаяла на зорах, я бегла па зорах
Летняй ноччу.
На галіны дрэваў нізаліся зоры,
Зоры скочваліся ўніз па стрэхах.
Асыпаліся зоры, смяяліся зоры
Тонкім рэхам.
Цёплы ветрык раздзьмухвай зоры.
Зоры шэптам расказвалі казкі.
Я з ракі піла зоры, я рвала зоры,
Быццам краскі.
Я ў лазовы кошык збірала зоры.
Зоры пахлі пакутна-зазыўна.
Не данесла зоры, згубіла зоры…
І жыву без іх… Дзіўна…

***
За маім акном — дождж ідзе.
Абтрасае яблыкі вецер.
Наш сусед брыдзе па вадзе.
Заламала бяроза вецце.

За тваім акном — цёплы дзень.
Грэе крылы матыль на раме.
Прабягае мноства людзей.
Шмат каго з іх ты лічыш сябрамі.

За маім акном — цішыня,
Толькі шэлест крылаў птушыных,
Толькі пчолы ля грушы звіняць,
Рэдка-рэдка праедзе машына.

За тваім акном — мітусня,
Глушыць лязгат нягучнае слова.
То звініць у маленькіх гульня,
То ў дарослых булькоча размова.

За маім акном — пах травы.
За тваім — пах бензіну ды газы.
Дым плые тытунёвы сівы…
Як жа так? А жывем жа мы разам…