Першае ў Гродне срэбнае вяселле ў беларускіх традыцыях: унікальны каравай і фальклорныя спевы

Незвычайным чынам адзначылі сваё срэбнае вяселле гарадзенскія сужонкі Ірына і Анатоль Новікі. Упершыню ў Гродне яны ўзнавілі юбілейную ўрачыстасць у духу пачатку мінулага стагоддзя — з нацыянальнымі строямі, фальклорнымі спеваміў загсе і вясельным караваем па палескіх традыцыях. У загсе сужонкі ўзгадвалі гісторыю знаёмства і паўторна прысягнулі па-ранейшаму любіць адно аднаго. Юбілейнае вяселле прайшло ў суботу, 2 мая, у загсе на Віленскай вуліцы.

Маладая пашыла вясельныя кашулі

Муж — у льняной кашулі і з саламяным капялюшом у руцэ, жонка — у доўгай спадніцы і вышыванай беларускімі арнаментамі кашулі, дарослыя дочкі — з плеценымі вянкамі на валасах. Ужо ў загсе іх сустракаў каравай, упрыгожаны самаробнымі галінкамі кветак і прымацаванай на чырвонай нітцы вязанкай абаранкаў. Унікальныя кветкі сваімі рукамі зрабіла і перадала маці Анатоля, якая жыве на Палессі.

— Дакладна такі каравай быў 25 год таму на нашым вяселлі. У паляшукоў ёсць традыцыя ўпрыгожваць вясельныя караваі дэкаратыўнымі галінкамі з самаробнымі кветкамі. Каравай нявесты дэкараваўся галінкамі з «жаночых» дрэваў, напрыклад, яблыні, вішні, а каравай мужа — «мужчынскімі» галінкамі ясеня, дуба. Ужо на самой урачыстасці галінкі маладога і маладой на караваі змешвалі. А россып абаранкаў — гэта знак пярсцёнка, — тлумачыць спадарыня Ірына.

Дзеля таго каб аднавіць вяселле ў беларускіх традыцыях, Ірына вывучала нацыянальную вопратку ў гісторыка-археалагічным музеі і чытала адмысловую літаратуру. Ужо пасля гарадзенка пашыла для сябе, мужа і дваіх дочак святочныя кашулі і ўпрыгожыла іх беларускімі арнаментамі. Чымсьці ў стварэнні беларускіх строяў дапамагалі майстры.

— Мы не імкнуліся цалкам паўтарыць вясельныя строі мінулага стагоддзя. Народны строй — вялікая доля імправізацыі, — гаворыць яна.

Пасля вяселля пайшлі на першамайскую дэманстрацыю

Аб срэбным вяселлі ў беларускіх традыцыях сужонкі марылі доўгі час. Першае вяселле ўзгадваюць з асаблівай настальгіяй: ажаніліся на трэцім курсе 30 красавіка 1990 года, а на другі дзень святкавання перад застоллем пайшлі… на першамайскую дэманстрацыю.

— Тады мы былі ўзорнымі камсамольцамі, — усміхаюцца яны.

У загсе павіншаваць юбіляраў сабраліся родныя і сябры. Рэгістратар замест парадаў на дарогу, якія звычайна дае маладажонам, прачытала гісторыю знаёмства сужонкаў Новік.

Абое вучыліся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце, жылі ў адным інтэрнаце. Толькі на трэцім курсе пазнаёміліся: апынулася, што ў пакоі Ірыны жыве зямлячка Анатоля. Пачаў часта заходжваць: то лямпачку дапаможа ўкруціць, то кнігі прынясе. Улетку паехалі буддатрадам у Казахстан, там у рамантычным асяроддзі гор і стэпаў вырашылі пасля выртання ажаніцца. Нягледзячы на юнацкі ўзрост, сямейнае жыццё абсалютна не перашкаджала навучанню, а нават наадварот — абое вучыліся на падвышаную стыпендыю.

— Сябры жартавалі: ажаніўся бы я на першым курсе, скончыў бы інстытут з чырвоным дыпломам, — смяецца Анатоль.

Хутка з’явілася дачка Алінка, і маладая сям’я пачала хадзіць на пары па чарзе.

— Падыйду я з каляскай да інстытута і чакаю, пакуль Анатоль прыйдзе з лабараторных заняткаў, а пасля змяняемся.

Самым кранальным момантам стала прысяга сужонкаў. Як і 25 год таму, яны паабяцалі быць разам, толькі цяпер, з вышыні пражытага досведу, слова «так» яны сказалі больш пэўна.

— Ці абяцаеце, Ірына, працягваць любіць Анатоля, як і ў першы дзень вашага знаёмства? Ці вы гатовы, Анатоль, любіць Ірыну 25 разоў па 25 год запар?

Сям’я Новік — актыўная і творчая. У сям’і любяць падарожнічаць і калекцыянаваць сувеніры з розных месцаў. Ёсць свае традыцыі — штовосень Анатоль дорыць Ірыне яе любімыя белыя хрызантэмы.

Ірына працуе выкладчыкам у гасінстытуце , Анатоль — прарабам у Цэнтрэнергамантаж. У сям’і Новік — дзве дачкі. Старэйшая вучыцца ў аспірантуры Еўрапейскага ўніверсітэта Санкт-Пецярбурга па спецыяльнасці гісторыя культуры, малодшая Вольга — будучы дызайнер.

Як адзначылі супрацоўнікі загса, юбілейная ўрачыстасць у нацыянальных традыцыях ладзілася ўпершыню. Між тым прыкладна 5–6 пар маладажонаў у месяц абірае беларускую мову для рэгістрацыі.