Вторник, 12 ноября
  • Погода в Гродно
  • 6
  • EUR2,2602
  • USD2,0495
  • RUB (100)3,2073
TOP

Кожны год…

Ёсць рэчы, якія пры частым і неправільным ужытку сціраюцца, як медная капейка.

Ёсць рэчы, якія пры частым і неправільным ужытку сціраюцца, як медная капейка.

Кожны год напрыканцы красавіка я баязліва пачынаю касіцца ў бок тэлевізара: няўжо ГЭТА зноў пачнецца, няўжо няздольна спыніцца, памаўчаць і прыдумаць нешта іншае? Aлe няма ані другога варыянту, ані «Змілуйся», ГЭТА пачынаецца дзесьці 3–4 мая…

Вахта пямяці… нікто не забыт, нішто не забыта… порахам прапах… за чыстае неба над галавой… у памяці благадарных нашчадкаў…

Вось БРСМ-аўцы шумным натоўпам, як сапраўдныя пушкінскія цыганы, налятаюць у хату бабулі — ветэрана вайны; вось нейкае раённае начальства ганарліва і надменна ўскладае сінтэтычныя вянкі — know how нашых пахавальных кантораў — да помніка загінуўшых ў Вялікай Айчыннай, быццам бы загінуўшыя біліся і паміралі менавіта за гэтыя сінтэтычныя вянкі; а помнічак такі сціпленькі, маленькі, з абачліва памаляванаю хіба з дзень таму чырвонаю зоркаю, нават фарба на ёй яшчэ не высахла…

А вось мы бачым грандыёзны сталічны канцэрт, дзе салісты ансамблю песьні дый пляскі ізабражаюць (вельмі добрае рускае слова ў беларускай транскрыпцыі) ці то адпачынак пасля бітвы, ці то сцэну ў шпіталі, і пілоткі на ўсіх іхніх галовах сядзяць як… ну вельмі непрыстойнае слова просіцца ў параўнанне… хто ў войску служыў, той мяне зразумее, a я лепш прамаўчу. А вось дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах абдорваюць ветэранаў, седзячых у зале, таннымі жоўтымі цюльпанамі — веснікамі разлукі…

А вось нейкі палкоўнік, таксама ветэран вайны, дае інтэрв’ю — і невядома каго маючы на ўвазе, пагрозліва абвяшчае яму, невядомаму ці то ворагу, ці то шпіёну, што порах у нас сухі, і наш браняпоезд стаіць дзесьці там, але ў любы момант можа зварухнуцца і паехаць…

Але самая вялікая трагедзь для мяне пачынаецца, калі на экран тэлевізара, як распісныя вастрагрудыя чаўны Сценькі Разіна, выплываюць сучасныя мастацкія фільмы пра гераічны подзвіг савецкіх людзей у найкрывавейшай з войнаў — тоны крыку, мора слёзаў, дым, агонь, кроў…

І тут я з жахам думаю, няўжо нашая мілая настаўніца гісторыі Еўдакія Іванаўна падманвала нас, школьнікаў: вайну савецкія людзі выйгралі не таму, што мелі вялікую сілу духа, не таму, што былі ўпэўненыя ў слушнасці сваёй справы, не таму, што ўсё, што рабілася, рабілася толькі для фронта і дзеля перамогі, а таму, што савецкія людзі хутчэй бегалі, вышэй скакалі, лаўчэй білі фашыстаў нагамі ў жывот, у прычынныя месцы ці па мордзе, дый увогуле вайну выйгралі ў асноўным слаўныя чакісты, прадстаўнікі НКУС, спецназаўцы — словам, усе, толькі не сціплыя простыя салдаты. Салдаты — гэта так, яны дзесьці былі, і, верагодна, нешта рабілі…

Я ведаў такога сціплага, простага салдата — майго цесця, на жаль, ужо нябожчыка, Івана Канстанцінавіча Радкевіча, эканаміста па адукацыі, былога партызана, былога салдата. Ён часта расказваў нам, дзецям і ўнукам, сабраным ля святочнага стала, свае ваенныя жыццёвыя гісторыі, але расказваў як сапраўдны эканаміст, дакладна, не прапускаючы аніводнай дробязі.

Карнікі спалілі мястэчка Ленін, яны ўдваіх з сястрой Надзей уцяклі ў лес, хаваліся, бадзяліся па шматдзетных далёкіх сваяках, амаль не памерлі ад голаду і марозу ў лесе, прысталі да партызанаў, потым прыйшло вызваленне, потым Івана Канстанцінавіча забралі на іншую вайну, нa Далёкі Ўсход, у Манчжурыю.

Мяне заўсёды здзіўляла, што Іван Канстанцінавіч так падрабязна і добра ўсё памятае, не зважаючы на свае восемдзесят з нечым. І ў гісторыях з яго жыцця, якое зачапіла вайна, няма ані гераічных учынкаў, ані неймаверна непраўдападобных здарэнняў, пра якія мы сотнямі чуем зараз. Словам, нейкае несенсацыйнае было ягонае ваеннае жыццё, цяжкае, аднастайнае, шэрае, любы сцэнарыст скрывіцца і скажа, што гэта нетыповы выпадак.

Aле мне здаецца, што якраз такіх, як Іван Канстанцінавіч, была большасць, і яны, менавіта яны так штодзённа, шэра, нецікава ваявалі, жылі, выжывалі, перажывалі кожны дзень, і гэтая іх штодзённасць і была найвялікшым гераізмам, найвялікшым подзвігам…

Таму яны мусілі перамагчы — і ў канцы перамаглі!

A тое, што зараз у грамадстве вычоўпваецца з вайной, я інакш чым цыркам на дроце назваць не магу: і гэтыя на хуткую руку скляпаныя фільмы, і гэтыя грандыёзныя парады, і гэтае пусканне фейерверкаў, і танныя кветкі, і пластыкавыя вянкі, і ветэраны ў якасці артыстаў масавых сцэнаў…

Вайна пераўтварылася з агульначалавечай трагедыі у барацьбу паштэтных і ліверных кілбасаў, у нейкі лёгкі сцэнічны фарс! З вайны, як з дойнай каровы, маюць у гэтыя дні пажытак усе!

Толькі нікаторыя атрымоўваюць няшчасныя пару сотняў тысячаў да дня Перамогі і страшэнна гэтаму радыя, нікаторыя да гэтай пары ляжаць невядома дзе ў безыменных магілах, нікаторыя пагладжваюць кішэнь, дзе схаваная картачка з пералічаным ганарарам, а нікаторыя, дачынення да вайны зусім не маючыя, пыхліва і ганарыста ўзвышаюцца на трыбунах… Няўжо нельга глянуць на тое, што перажылі бацькі нашыя і дзяды неяк па-іншаму, з пазіцыі грамадзянаў дваццаць першага стагоддзя?

Ёсць рэчы, якія пры частым і неправільным ужытку сціраюцца, як медная капейка. Не варта з вайны рабіць такую медную капейку, не варта тыдзень балбатаць пра вайну на усіх вуліцах і плошчах, каб потым, дзесятага мая, у вушах аж зазвінела ад незвычнай цішыні.

Самое читаемое

Разное