Гарадзенцаў запрашаюць на беларускую дыктоўку

Дарослыя гарадзенцы стануць вучнямі — традыцыйная беларуская дыктоўка пройдзе ў суботу, 28 сакавіка, а 16 гадзіне па адрасе: вул. Будзёнага, 48а–100. У музычнай частцы выступіць бард Віктар Шалкевіч.

фото: afrus.ru

Восьмую запар дыктоўку ладзяць бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова нанова, Гародня». Яна будзе прымеркаваная да 100-годдзя першай беларускай школы ў Гродне. Удзельнікі напішуць уступ Зоські Верас да альманаха «Колас беларускай нівы» 1913 года. Чытаць тэкст будзе гарадзенская паэтка і навуковец Ала Петрушкевіч. 

Прыняць удзел запрашаюць усіх ахвотных. Уваход вольны. Пасля дыктоўкі аркушы з тэкстам застаюцца «студэнтам» на памяць, адзнакі не ставяць.

Беларускія дыктоўкі праходзяць з 2008 года.Тэкст дыктоўкі ў розныя гады чыталі вядомыя ў Беларусі і Гродне асобы: Данута Бічэль, Генадзь Бураўкін, Віктар Шалкевіч, Зінаіда Бандарэнка, Тамара Талерчык, Вера Кунцэвіч, Пляксей Пяткевіч.

Дарэчы, беларуская школка ў Гродне месцілася на вуліцы Маставой, 9 (цяпер там знаходзіцца драмтэатр), пазней — на вуліцы Сапёрнай (сёння гэта частка гімназіі № 10) і на рагу вуліцы Паўночнай (вуліца Валковіча).