Каталікі пранясуць крыж па Савецкай плошчы

Традыцыйны крыжовы шлях па вуліцах Гродна ў каталікоў пройдзе 28 сакавіка, а працэсія з вербамі — 29. Асвячэнне вербаў у праваслаўных адбудзецца на тыдзень пазней — 5 красавіка.

Крыжовы шлях распачнецца ў суботу пасля святой імшы а 19 гадзіне ў Фарным касцёле — прыкладна а 20.00. Традыцыйная малітва падчас Вялікага паста адбудзецца ў сёмы раз. Вернікі ў ёй абыходзяць 14 прыпынкаў і разважаюць над мукамі Хрыста на шляху да Галгофы. Стацыі размесцяць на Савецкай плошчы. Скончыцца набажэнства ў Пабернардынскім касцёле (побач з семінарыяй). Малітву правядзе моладзь з розных парафій горада. Да ўдзелу запрашаюць усіх жадаючых. На крыжовы шлях варта ўзяць з сабой свечку.

У Вербную нядзелю, 29 сакавіка, у 13.00 на Пабернардынскім узгорку асвецяць вербы. Пасля гэтага працэсія пойдзе да Фарнага касцёла, дзе адбудзецца святая імша. Асвячаць вербы будуць таксама ва ўсіх касцёлах. А праз тыдзень падобным чынам Вербную нядзелю адзначаць праваслаўныя вернікі.