Гарадзенская моладзь памоліцца праз скайп

Каталіцкая моладзь Гродзеншчыны звернецца да Бога з дапамогай інтэрнэта. Пяць гарадоў і мястэчак вобласці будуць маліцца на Ружанцы праз скайп 18 кастрычніка.

Хлопцы і дзяўчаты з Гродна, Астраўца, Воранава, Ліды і Навагрудка збяруцца ў сваіх касцёлах у суботу а 20 гадзіне. Яны падключацца да сумеснай відэаразмовы праз скайп. Па чарзе маладыя вернікі з кожнай парафіі будуць чытаць пяць таямніцаў Ружанцовай малітвы, разважаючы пра крыжовы шлях і смерць Хрыста. Выкарыстаць інтэрнэт вырашылі, таму што гэта сучасны спосаб сувязі, якім актыўна карыстаецца моладзь і які дазваляе хутка злучыць людзей на адлегласці, патлумачыў віцэ-канцлер Гродзенскай рымска-каталіцкай курыі ксёндз Антоній Грэмза.

Ружанцу ў касцёле традыцыйна прысвечаны месяц кастрычнік. Гэтая малітва з’явілася ў ХІІ стагоддзі і з’яўляецца адной з самых папулярных каталіцкіх набажэнстваў. Малітву ў віртуальнай форме правядуць у Гродзенскай вобласці ў чацвёрты раз.