На восеньскім кірмашы герб Беларусі сабралі з агуркоў ды памідораў (фота)

На кірмашы “Залатая восень”, што прайшоў 27-28 верасня на Савецкай плошчы, гандлявалі кавунамі, саджанцамі ды посудам. А вось кабачкі ці зеляніну знайсці было даволі цяжка.

 

На кірмашы “Залатая восень”, што прайшоў 27-28 верасня на Савецкай плошчы, гандлявалі кавунамі, саджанцамі ды посудам. А вось кабачкі ці зеляніну знайсці было даволі цяжка.

На падыходзе да плошчы было відаць, як пакупнікі цягнулі гародніну ў мяшках, сетках, торбах, на машынах, роварах ды калясках. Адразу за прыпынкам стаў шэраг палатак буйных гандлёвых сетак – з экзатычнай садавінай, слодычамі, напоямі.

—  Нас не абмяжоўвалі ў спектры тавараў, галоўнае – каб без алкаголю, -тлумачыць прадстаўнік адной з крамаў Іван Вацлававіч. – Вось слівы з Малдавіі, перцы з Польшчы, а яблыкі, морква, цыбуля – беларускія. У нас няма сёння зніжак – кошты звычайныя.

Аднак каля палаткі гэтай сеткі, якая ёсць у кожным спальным раёне, стаіць доўгая чарга. А каля прыватніка з таннейшай гарадзенскай агароднінай – нікога.

—  Сама дзіўлюся, ўчора перац расхоплівалі цэлымі сеткамі. А зараз перапынак, — распавядае прадаўшчыца.

Побач прапануюць мёд на любы густ. Люцыяна Антонаўна разам з мужам прывезлі экалагічна чысты мёд. Яны жывуць у Шчучынскім раёне, а пасеку трымаюць у Лідскім.

—  Экалагічна чысты, бо вуллі стаяць у лесе, бліжэйшая дарога за 18 кіламетраў. Дзе дакладна – пра гэта нельга казаць, — усміхаецца Люцыяна Антонаўна.

У яе ўвесь мёд па 90 тысяч рублёў за кілаграм. Муж прадае асобна. Яго цэны меншыя, хоць мёд той самы – у кожнага свой погляд на гандаль.

Садоўнікам прапанавалі шырокі выбар саджанцаў: розныя сарты яблыняў, сліваў, парэчкі, маліна, айва, арэх, шаўкоўніца, персік ды абрыкос.

—  Канешне, у нашым клімаце персікі растуць выдатна, — запэўнівае вусаты прадавец. — Вы такія пытанні задаеце, нібы першы дзень як на зямлю ўпалі.

Гарадзенская “Залатая восень” прыцягвала пакупнікоў не толькі садавінай ды гароднінай. Прадавалі таксама выпечку, мяса, рыбу, нават посуд, сувеніры ды пасцельную бялізну. Гандляры прыехалі з розных раёнаў вобласці, былі нават госці с Берасцейшчыны з рыбнай прадукцыяй. Настрой поднімалі мастацкія кампазіцыі: тут можна было ўбачыць нават герб Беларусі з памідораў ды агуркоў.

Кошты на кірмашы адрозніваліся ў разы. Найбольшы разбег сустрэўся сярод памідораў – амаль у 5 разоў: ад 3 да 15 тысяч за кілаграм. Там-сям мы заўважылі перакрэсленыя ды зменшаныя цэны – відаць, былі неканкурэнтаздольныя.